Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь 13-га скліканьня (9 студзеня 1996 году — 27 лістапада 1996 году) — другі парлямэнт у гісторыі незалежнай Рэспублікі Беларусь.
У яго складзе працавала 198 дэпутатаў. Старшыня — Сямён Шарэцкі (10 студзеня — 27 лістапада 1996 году).
Склад у 198 дэпутатаў быў сфармаваны ў два этапы выбараў — у траўні і сьнежні 1995 году.
Падчас першапачатковых выбараў (першы тур — 14 траўня 1995 году, другі тур адбыўся 28 траўня) удалося выбраць толькі 119 дэпутатаў, пры гэтым для правамоцнага складу патрабавалася ня менш за 174 (гэта значыць, ня менш як дзьве трэці ад поўнага складу ў 260 чалавек). Не былі выбраныя дэпутаты ў 141 выбарчай акрузе. Такім чынам, Беларусь больш чым на паўгады засталася бязь дзеючага заканадаўчага органа ўлады.
Паўторныя выбары ў два туры былі праведзеныя 29 лістапада і 10 сьнежня 1995 году. Плянавалася ў сакавіку 1996 году правесьці давыбары ў 62 акругах, па якіх дэпутаты не былі абраныя, але гэтая ідэя не знайшла падтрымкі сярод дэпутацкага корпусу.
Вярхоўны Савет распушчаны пасьля лістападаўскага рэферэндуму 1996 году. Пры гэтым з часткі яго дэпутатаў, якія падтрымлівалі Аляксандра Лукашэнку, быў сфармаваны першы склад Палаты прадстаўнікоў створанага Нацыянальнага сходу.
У асобах тых дэпутатаў, якія не ўвайшлі ў склад новага органа, Вярхоўны Савет, аднак, працягваў «дзейнічаць» (у прыватнасьці, «зьбіраўся» 11 сакавіка 2013 году). Да восені 1997 году «дзеючымі» лічыліся 88 абраных дэпутатаў, астатнія да гэтага часу ўжо займалі пасады, не сумяшчальныя зь дзейнасьцю ў ім, а двое памерлі. Законнасьць роспуску да цяперашняга моманту ставіцца пад сумнеў некаторымі ўдзельнікамі тых падзеяў.
21 ліпеня 1999 году «дзеючыя» дэпутаты Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня прызначылі яго старшыню Сямёна Шарэцкага в. а. Прэзыдэнта Беларусі. З 1999 году Шарэцкі жыў у Вільні — яго прымалі як кіраўніка легітымнай улады Беларусі і яму была дадзена дзяржаўная ахова. Зь ліпеня 2001 году ён жыве ў ЗША.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Сьпіс дэпутатаў Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 13-га скліканьня, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.