Рэфэрэндум у Беларусі 1996 году — імітацыя ўсенароднага галасаваньня, праведзеная 24 лістапада 1996 году з ініцыятывы аўтарытарнага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Як і папярэдні рэфэрэндум 1995 году, адзначаўся неадпаведнасьцю Канстытуцыі і заканадаўству краіны, парушэньнем законаў і фальсыфікацыяй вынікаў галасаваньня. Стаў фармальнай падставай да фактычнага пашырэньня паўнамоцтваў Лукашэнкі і скасаваў афіцыйны дзяржаўны статус 27 ліпеня як Дня Незалежнасьці, гістарычна абумоўленага прыняцьцем у гэты дзень Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі, замест якога ўводзіўся 3 ліпеня як г. зв. «Дзень Рэспублікі» («Дзень Незалежнасьці»), прымеркаваны да заняцьця Менску савецкімі войскамі ў нямецка-савецкую вайну (эпізод Другой сусьветнай вайны).
Напярэдадні правядзеньня галасаваньня Лукашэнка незаконна вызваліў ад пасады старшыню Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктара Ганчара, які выказаў пратэст у зьвязку з ігнараваньнем пастановы Канстытуцыйнага суду і Вярхоўнага Савету аб рэкамэндацыйным, а не абавязковым характары рэфэрэндуму, і прызначыў на яго месца Лідзію Ярмошыну. 27 лістапада 1996 году на падставе афіцыйна абвешчаных вынікаў рэжым Лукашэнкі дэ-факта ўвёў зьмены ў Канстытуцыю Беларусі, па чым разагнаў легітымныя органы ўлады (парлямэнт, Канстытуцыйны суд і Кантрольную палату). Спэцыяльная камісія Вярхоўнага Савету кваліфікавала гэта як захоп улады неканстытуцыйным шляхам.
Беларуская апазыцыя, праваабаронцы й міжнародныя назіральнікі зарэгістравалі значную колькасьць парушэньняў пры абвяшчэньні й правядзеньні рэфэрэндуму. У прыватнасьці, назіральнікі ад Эўрапейскага інстытута па СМІ адзначылі, што 90% адпаведнага этэрнага часу на дзяржаўнай тэлевізіі былі прысьвечаныя агітацыі на карысьць пазыцыі Лукашэнкі, у выніку чаго выбары былі пазбаўленыя магчымасьці дэмакратычнага выбару.
Існуюць пытаньні датычна фінансаваньня рэфэрэндума, бо паводле словаў Лукашэнкі, рэфэрэндум адбыўся не за кошт бюджэтных сродкаў, але за кошт «добраахвотных ахвяраваньняў». У праекты канстытуцыйных зьменаў уносіліся істотныя папраўкі ўжо па афіцыйнай публікацыі, што забаранялася заканадаўствам. Масавы характар набыло датэрміновае галасаваньне, пры якім існуе небясьпека фальсыфікацыі вынікаў і да якога ўлады актыўна схілялі грамадзянаў. Так, у многіх местах датэрмінова прагаласавала 30 і больш адсоткаў выбарцаў.
Былі зафіксаваныя шматлікія парушэньні пры правядзеньні галасаваньня, падліку галасоў, адзначаліся выпадкі агітацыі на карысьць пазыцыі Лукашэнкі на выбарчых участках у дзень галасаваньня.
Паводле Сяргея Калякіна, кіраўніка фракцыі камуністаў у Вярхоўным Савеце, ад 20 да 50 працэнтаў галасоў былі сфальсыфікаваныя.
Старшыня Вярхоўнага Савета Сямён Шарэцкі назваў рэфэрэндум «фарсам і насільлем над народам» і заявіў, што «вынікі такога плебісцыта ня могуць быць прызнаныя ані ў Беларусі, ані сусьветнай супольнасьцю».
Беларускі Хэльсынскі камітэт адзначыў наступныя парушэньні ў ходзе правядзеньня рэфэрэндуму:
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Рэфэрэндум у Беларусі 1996 году, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.