Паўстаньне 1830—1831 гадоў на Маладэчаншчыне — вайсковыя дзеяньні ў часе Лістападаўскага паўстаньня на тэрыторыі тагачаснага Вялейскага павета Менскай губэрні.
Паўстаньне 1830-1831 року на Маладэчаншчыне | |||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Бой літоўскіх партызанаў на чале Генрыкам Дэмбінскім з расейскімі войскамі, аўтар невядомы | |||||||||
| |||||||||
Супернікі | |||||||||
Польскія і беларускія паўстанцы | Расейская імпэрыя | ||||||||
Камандуючыя | |||||||||
Міхал Ходзька І. Гіцэвіч А. Валадковіч | Мікалай I Іван Дзібіч-Забалканскі Іван Паскевіч | ||||||||
Мэтаю паўстаньня, якое распачалося 29 лістапада 1830 году, а скончылася 21 кастрычніка 1831 году, было аднаўленьне дзяржаўнасьці ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Польская і беларуская шляхта былі незадаволены расейскай уладай.
Ад самага пачатку паўстаньня жыхары Маладэчна, а таксама памежных раёнаў, падтрымалі паўстаньне. Моцны ўздым паўстаньне атрымала ў памежнай Ашмяншчыне. Так, 4 красавіка 1831 году невялікая група мясцовых паўстанцаў захапіла краму зброі ў Ашмянах і выдала яе жыхарам. Паўстанцы ўзялі ў палон каля 70 расейцаў-інвалідаў з афіцэрамі, якія абаранялі горад. Узятыя ў палон афіцэры таксама выдалі загад здацца каля 40 салдатаў з расейскага Вялікалуцкага палку, якія прыйшлі да гораду й рыхтаваліся да бою на вуліцах. Пры касьцёле дамініканцаў ксёндз Ясінскі заклікаў жыхароў да ўдзелу ў паўстаньні. За прыкладам жыхароў паўсталі некаторыя земскія ўладальнікі: Караль Пшазьдзецкі і Юзэф Зянковіч арганізавалі атрады кавалерыі, Швэйкоўскі — атрад пяхоты. Атрад Зянковіча адзначаўся мундзірамі, на якіх былі пашытыя белыя рэбры й чарапы.
Адным з самых моцных і добра ўзброеных паўстанцкіх атрадаў гэтага рэгіёну быў атрад Міхала Ходзькі, вядомага паэта, перакладчыка і грамадзкага дзеяча. Міхал Ходзька быў мясцовым ураджэнцам (нарадзіўся ў Крывічах, цяпер Мядзельскі раён, на поўнач ад Маладэчна), добра ведаў мясцовасьць, і, у прыватнасьці, карыстаўся падтрымкай мясцовага насельніцтва, у тым ліку і ў маладэчанцаў. Сваю дзейнасьць атрад Ходзькі ў асноўным распаўсюдзіў на рэгіён гарадоў Мядзел-Глыбокае-Ашмяны-Смаргонь-Маладэчна-Вялейка.
14 красавіка 1831 паўстанцкі атрад Міхала Ходзькі, што ішоў з боку Вільні, вызваліў Маладэчна з-пад расейскай улады. Местачкоўцы падтрымалі паўстанцаў, шматлікія, у тым ліку навучэнцы павятовай вучэльні, далучыліся да яго шэрагаў. Навучэнцамі былі арганізаваны паўстанцкія атрады пад кіраўніцтвам І. Гіцэвіча і А. Валадковіча. Грашовую дапамогу паўстанцам аказваў плябан маладэчанскай вучэльні Дульскі.
Хутка разьвіваліся падзеі на поўначы ад Маладэчна, у павятовым горадзе Вялейцы, дзе Валадкевіч папытаў у Караля Пшазьдзецкага дапамогі, які ў хуткім часе выслаў невялікі атрад да Вялейкі. 14 красавіка маёр Любанскі прыбыў у горад і казаў біць у касьцельныя званы. На гэты знак жыхары паўсталі, але мясцовы расейскі гарнізон таксама падрыхтаваўся да бою. Калі аднак да гораду прыбыў атрад Міхала Ходзькі, расейцы здаліся ў палон.
16 красавіка на захадзе ад Маладэчна ашмянскія паўстанцы пад камандаваньнем Біруты й Стэльніцкага беспасьпяхова сутыкаліся з атрадам расейцаў пад камандаваньнем палкоўніка Вяжуліна (полк казакоў, невядомая колькасьць пяхоты, 2 гарматы). 20 красавіка атрад Пшазьдзецкага недалёка ад Маладэчна, пад Вішневам, быў разьбіты расейскім атрадам пад камандаваньнем генэрала Астражэнкі (2 эскадроны ўзараў, батальён пяхоты, 6 гарматаў).
Паразы расейскіх войскаў выклікалі хуткую рэакцыю з боку расейскіх уладаў: на падаўленьне паўстаньня былі кінуты вялізныя сілы. Ужо 22 красавіка 1831 расейскія карнікі занялі Маладэчна, пачалі дзейнічаць ваенна-палявыя суды над паўстанцамі. Маладэчанскую вучэльню зачынілі, настаўнікі былі арыштаваны й адпраўлены ў менскую турму (рэпрэсійныя захады супраць настаўнікаў, іншых прадстаўнікоў інтэлігенцыі Беларусі, а таксама згортваньне нерасейскамоўнай адукацыі назіралася па ўсёй тэрыторыі былога ВКЛ па сканчэньні паўстаньня). Не пашкадавалі і жыхароў, якія падтрымлівалі паўстанцаў, а такіх было шмат. Жорсткія захады ў дачыненьні да падаўленьня паўстаньня і вялізныя вайсковыя сілы выклікалі хуткія посьпехі расейскіх карнікаў.
24 красавіка расейцы занялі павятовы горад Вялейку, які быў адным з цэнтраў паўстаньня ў гэтым рэгіёне. Горад абаранялі атрады: палкоўніка Радзішэўскага, Валадкевіча, Заборскага.
4 траўня атрады Радзішэўскага й Валадкевіча паспрабавалі зноў узяць Вялейку. Але атака не была пасьпяховы з той прычыны, што касінеры баяліся гуку расейскіх гарматаў, а высланая з дапамогай ім кавалерыя вельмі няўдала адступала, перашкаджаючы пяхоце. Ад поўнага правалу выратавалі паўстанцаў стралкі Ігнацы Тукалы, якія прыбылі ў канцы бітвы. Дзякуючы ім Радзішэўскі мог адступаць у большым ці меншым парадку.
Увогуле да канца красавіка расейскія карнікі ўзялі Маладэчна, Вялейку і Ашмяны. Толькі жорсткімі захадамі расейскіх карнікаў паўстаньне было задушана: значная частка насельніцтва гэтых гарадоў была перабіта. У траўні паўстаньне было канчаткова задушана.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Паўстаньне 1830—1831 гадоў на Маладэчаншчыне, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.