Ашмя́ны — места ў Беларусі, на рацэ Ашмянцы.
Адміністрацыйны цэнтар Ашмянскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 16 835 чалавек. Знаходзяцца за 220 км на паўночны ўсход ад Горадні, за 17 км ад чыгуначнай станцыі Ашмяны (лінія Маладэчна — Вільня); на аўтамабільнай дарозе Маладэчна — Вільня. У пагранічнай зоне Беларусі і Летувы.
Ашмяны лац. Ašmiany | |||||
У цэнтры места | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1341 | ||||
Магдэбурскае права: | пачатак XVІ стагодзьдзя | ||||
Былая назва: | Ашмена | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Гарадзенская | ||||
Раён: | Ашмянскі | ||||
Плошча: | 8,42 км² | ||||
Насельніцтва (2018) | |||||
колькасьць: | 16 835 чал. | ||||
шчыльнасьць: | 1999,41 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 1593 | ||||
Паштовы індэкс: | 231100 | ||||
СААТА: | 4249501000 | ||||
Нумарны знак: | 4 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 54°25′30″ пн. ш. 25°56′15″ у. д. / 54.425° пн. ш. 25.9375° у. д. 25°56′15″ у. д. / 54.425° пн. ш. 25.9375° у. д. | ||||
± Ашмяны | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://www.oshmiany.grodno.by |
Ашмяны — даўняе магдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну (частка Віленшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся касьцёлы францішканскі Найсьвяцейшай Панны Марыі ў стылі позьняй готыкі і Фарны Сьвятога Міхала Арханёла ў стылі рэнэсансу і нэабарока (віленскага барока), а таксама драўляная Могілкавая капліца ў традыцыйным беларускім стылі, помнікі архітэктуры XV—XIX стагодзьдзяў.
Паводле францускага лінгвіста-германіста Раймонда Шмітляйна, які на падставе шматгадовых дасьледаваньняў прыйшоў да высноваў пра германскае паходжаньне літоўскіх уласных імёнаў, назва Ашмена цалкам адпавядае засьведчанаму ў гістарычных крыніцах старажытнаму германскаму імю Osminna. Апроч таго, адзначалася старажытнае германскае імя Asman (пазьнейшае Assmann).
Выказваліся таксама іншыя меркаваньні: у рэчышчы палітыкі летувізацыі пад уладай Расейскай імпэрыі назву места тлумачылі ад летувіскага слова ašmenys 'вастрыё', а пад уладай Савецкай Расеі — ад летувіскага akmenas 'камень', таксама яе зьвязвалі зь фінска-вугорскім словам з значэньнем 'мядзьведзь', тым часам у крыжацкіх летапісах захавалася слова asschemynne — места з драўлянымі пабудовамі.
У хроніках тэўтонскіх рыцараў упамінаюцца як Aschemynne (а таксама як Asmen), на мапе Вялікага Княства Літоўскага працы Тамаша Макоўскага (1613 год) значацца як Oßmiana. У сучасных беларускамоўных публікацыях часам сустракаюцца варыянты назвы Ашмяна́, Ашме́на (польск. Oszmiana, лет. Ašmena; рас. Ошмяны). Традыцыйнае напісаньне назвы места лацінскімі літарамі і афіцыйная трансьлітарацыя — Ašmiany.
Першы пісьмовы ўпамін пра Ашмяны як замак у Віленскім княстве зьмяшчаецца ў «Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай» і датуецца 1341 годам (ёсьць меркаваньні, што паселішча існавала яшчэ ў XI ст.). У гэты час яны знаходзіліся ў валоданьні вялікага князя Гедыміна і паводле спадчыны перайшлі да ягоных сыноў.
У 1384—1385 гадох Ашмяны спрабаваў захапіць Тэўтонскі Ордэн, што мусіла быць пачаткам зьнішчэньня княства Ягайлы, аднак выправа скончылася няўдачай. У канцы XIV стагодзьдзя паселішча, імаверна, атрымала статус места ад вялікага князя Вітаўта. У 1398 годзе біскуп віленскі Андрэй упамянуў у тэстамэнце тутэйшы касьцёл (які менавіта, у дакумэнце ня значыцца; гэты ўпамін часам зьвязваюць з парафіяльным касьцёлам Сьвятога Духа, а часам — з францішканскім Найсьвяцейшай Панны Марыі).
У 1402 годзе крыжакі зноў напалі на Ашмяны, але сустрэлі рашучы супраціў і мусілі зыйсьці ў бок Меднікаў. У 1413 годзе места ўвайшло ў склад Віленскага ваяводзтва і да сярэдзіны XV стагодзьдзя зьяўлялася рэзыдэнцыяй вялікіх князёў. 8 сьнежня 1432 году пад Ашмянамі адбылася бітва паміж войскамі Жыгімонта і Сьвідрыгайлы, у якой апошні пацярпеў сакрушальную паразу. Пад 1497 годам упершыню ўпамінаецца тутэйшы францішканскі канвэнт, які відаць, існаваў і раней, хоць у даведніках часам памылкова датуюць зьяўленьне ў Ашмянах манахаў-францішканаў 1505 годам.
У 1519 годзе маскоўскія захопнікі спалілі і ўшчэнт разбурылі Ашмяны. За часамі Рэфармацыі Мікалай Радзівіл «Руды» (1512—1588) заснаваў тут кальвінскі збор, места стала адным з найвядомейшых цэнтраў кальвінізму ў Вялікім Княстве Літоўскім. Паводле інвэнтару за 1551 год, у Ашмянах жыло 46 радзінаў мяшчанаў. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў места стала цэнтрам павету Віленскага ваяводзтва, з 1569 году — цэнтрам староства. У склад староства ўваходзіла самі Ашмяны (з ратушай, Рынкам і вуліцамі Гальшанскай, Папярэчнай, Сьвятадухаўскай, Віленскай, Жупранскай), а таксама вёскі Аляны, Гінеўцы, Павяжы і Сьвяты Дух.
Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Ашмянаў і ваколіцаў ліцьвінамі: «…в роспросе Васька [Степанов] сказался: родом литвин белорусец Шменского повету» (1627 год), «литвин Александр [Олехновский] в роспросе сказался родом белорусец, Полоцкого повету, шляхтич; отец его был шляхтич же, испомещен был под Вильной в Ошмянском повете, и отец де его то имение свое продал, а в то место имение купил в Полоцком повете» (1632 год). У матрыкуле Кракаўскага ўнівэрсытэту пад 1426 годам значыцца Jacobus Lithwanus Nicolai de Osmana. Паводле каталёгу ордэну трынітарыяў у Рэчы Паспалітай (1785 год), Josepho Koncewicz… Lithuanus, in districtu Osmianensi natus… Sacramento Danilewcz… Lithuanus, in districtu Osmianensi natus.
У XVII стагодзьдзі Ашмяны неаднойчы (у 1655, 1661 і 1677 гадох) вызваляліся ад падаткаў з прычыны разбурэньняў, учыненых маскоўскімі захопнікамі. У 1667 годзе земскі пісар А. Пачобут-Адляніцкі фундаваў кляштар дамініканаў (зь ліквідаванага расейскімі ўладамі касьцёла Найсьвяцейшай Тройцы ў 1873 годзе збудавалі капліцу на мескіх могілках). У 1683 годзе кароль і вялікі князь Ян Сабескі надаў месту прывілей на Магдэбурскае права, які ў наш час лічыцца першым дакладна вядомым прывілеем Ашмянам падобнага кшталту.
На 1740 год, паводле інвэнтару Ашмянскага староства, месту належалі 50 валокаў зямлі, існаваў Рынак (10 мяшчанскіх будынкаў, шляхецкая карчма і двор, касьцёл і кляштар дамініканаў, парафіяльны касьцёл з плябаніяй і шпіталем), вуліцы Гальшанская (13 будынкаў), Папярэчная (4 будынкі ішляхецкі двор), Віленская (10 будынкаў), Сьвятога Духа (4 будынкі), Жупранская (25 будынкаў), млын на рацэ Ашмянка. На 1772 год у Ашмянах былі старосьцінскі двор («замак»), млын, драўляная ратуша з крамамі на Рынку, 89 мяшчанскіх двароў, шляхецкі двор. На 1791 год у месьце налічвалася 142 будынкі. 22 траўня 1792 году кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў Ашмянам прывілей на вольнасьць мяшчанаў ад гродзкага, земскага і дворнага прысуду з правам мець свой магістрат і суд пад кіраўніцтвам бурмістраў і лаўнікаў, а таксама герб: «срэбнае поле шчыта падзелена на тры часткі: у правай — рука з залатымі шалямі, у левай — тарк, паміж імі ў дольнай частцы чырвонае цялё». За часамі паўстаньня Т. Касьцюшкі 1794 году ў месьце знаходзіўся штаб паўстанцкага войска Я. Ясінскага, друкавалася адозва да расейскіх войскаў. 1 траўня і 8 ліпеня тут адбыліся баі паўстанцаў з расейскімі карнікамі.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Ашмяны апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сталі цэнтрам павету Віленскай губэрні. Новыя ўлады ліквідавалі Магдэбурскае права і перадалі места расейскаму генэрал-маёру Канчалаву (былі ў прыватнай уласнасьці да 2 лютага 1837 году).
За часамі вызвольнага паўстаньня (1830—1831) жыхары Ашмянаў вызвалілі места з-пад расейскай улады. 15 красавіка 1831 году расейскія карнікі пад камандай палкоўніка Вяршыліна спалілі Ашмяны і выразалі каля 500 жыхароў, у тым ліку жанчын і дзяцей, якія схаваліся ў мясцовым дамініканскім касьцёле. Ашмянскую разьню ўхваліў маскоўскі гаспадар Мікалай I: «Добры ўрок далі бунтаўнікам. Справы ў Літве выпраўляюцца». У 1845 годзе Ашмяны атрымалі новы расейскі герб: «мядзьведзь на зяленым полі, зьверху Пагоня». На 1848 год у месьце было 346 будынкаў, працавалі 3 гарбарні, 35 крамаў, 2 лякарні на 52 месцы, павятовая вучэльня (30 вучняў, 2 настаўнікі). У часе нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у ваколіцах Ашмянаў дзеялі паўстанцкія аддзелы З. Мінейкі, Г. Чаховіча, К. Ясевіча. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Ашмянах было 10 прамысловых прадпрыемстваў (4 гарбарні, бровар, фабрыка мінэральных вод, медаварня, саладоўня, тытунёвая фабрыка, вадзяны млын).
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе места занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Ашмяны абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Тут прызначылі павятовага старшыню БНР, а жыхары места, Бакштанскай, Налібацкай і Суботніцкай воласьцяў Ашмянскага павету атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР. У сьнежні 1918 году Ашмяны занялі бальшавікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі места ўвайшло ў склад Беларускай ССР.
З кастрычніка 1920 году Ашмяны ўваходзілі ў склад Сярэдняй Літвы, з 1922 году — у склад міжваеннай Польскай Рэспубліцы. На 1927 год тут існавалі касьцёл, сынагога, гімназія, народны тэатар, інфэкцыйная лякарня, дом састарэлых, меская электрастанцыя, прыватныя заводы і фабрыкі (сьпіртусовых напояў, дражджавы, гарбарны, лесапільны), прыватны аптэчны склад, аптэка, лазьня, фатаграфія, крама, каапэратывы «Прагрэс», «Земляроб», таварыства польскага настаўніцтва, аб’яднаньне сельскагаспадарчага і прамысловага гандлю.
У 1939 годзе Ашмяны ўвайшлі ў БССР, дзе ў 1940 годзе сталі цэнтрам раёну Вялейскай, з 1944 году — Маладэчанскай, з 1960 году — Гарадзенскай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 7 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй, з 1 красавіка 1942 году — у генэральнай акрузе Летува (Generalbezirk Litauen).
У 2006 годзе афіцыйна зацьвердзілі герб Ашмянаў, распрацаваны на аснове яго гістарычнага варыянту 1792 году.
У склад адукацыйнай сыстэмы Ашмянаў уваходзяць установы адукацыі «Ашмянскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж», «Ашмянскі дзяржаўны прафесійны аграрна-тэхнічны каледж», «Дзяржаўная гімназія № 1 г. Ашмяны», «Ашмянская дзяржаўная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат», «Навучальна-пэдагагічны комплекс ясьлі-сад-сярэдняя агульнаадукацыйная школа», 3 сярэднія школы, дзяржаўная ўстанова «Навучальна-пэдагагічны комплекс ясьлі-сад-базавая агульнаадукацыйная школа», 2 дзяржаўныя ўстановы адукацыі «Дашкольны цэнтар разьвіцьця дзіцяці», цэнтар пазашкольнай работы, цэнтар дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства, навучальна-спартовая ўстанова «Ашмянская дзіцяча-юнацкая спартовая школа», цэнтар карэкцыйна-разьвіцьцёвага навучаньня і рэабілітацыі, установа адукацыі «Ашмянскі дзяржаўны сацыяльна-пэдагагічны цэнтар».
У 2009 годзе ўсе ўстановы адукацыі атрымалі статус юрыдычных асобаў. У верасьні 2011 году адзін з 4 першых клясаў сярэдняй школы № 2 (вул. Школьная, д. 1), заснаванай 20 студзеня 1952 году, стаў беларускамоўным.
Дзеюць дом культуры і кінатэатар.
На заходняй мяжы Ашмянаў знаходзіцца траса для мотакросу, на якой з савецкіх часоў праводзяцца міжнародныя спаборніцтвы.
Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
17 верасьня плошча | Рынак пляц | Тадэвуша Касьцюшкі пляц |
17 верасьня завулак | Рынкавы завулак | |
Аўдзеева вуліца | Засечнік вуліца Польная вуліца | |
Голяса вуліца | Водная вуліца Набярэжная вуліца | |
Камсамольская вуліца | Папярэчная вуліца Царкоўная вуліца | |
Адама Міцкевіча вуліца | Міхайлаўская вуліца (частка) Садовая вуліца (частка) | |
Першамайская вуліца | Замкавая вуліца Касьцельная вуліца | Казначэйская вуліца |
Піянэрская вуліца | Запольная вуліца | Часлава Янкоўскага вуліца |
Савецкая вуліца | Жупранская вуліца (усходняя частка) Сьвятадухаўская вуліца (заходняя частка) | Юзэфа Пілсудзкага вуліца (усходняя частка) |
Чырвонаармейская вуліца | Віленская вуліца | Люцыяна Жалігоўскага вуліца |
З урбананімічнай спадчыны Ашмянаў да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Барунская, Гальшанская, Зарэчная і Францішканская, Францішканскі завулак.
Прадпрыемствы харчовай, радыётэхнічнай прамысловасьці, вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Ашмянаў |
---|
|
Апроч таго, у Ашмянах працуюць чатыры аддзелы банкаў, 4 страхавыя кампаніі, друкарня.
У 2013 годзе аўстрыйскі інвэстар заявіў пра пляны збудаваць у Ашмянах завод вытворчасьці дражджавога экстракту.
Праз Ашмяны праходзіць 9-ы транспартны эўрапейскі калідор. Знаходзяцца за 130 км на паўночны захад ад Менску, за 55 км на поўдзень ад Вільні. Чыгуначнае злучэньне праз станцыю Ашмяны (за 17 км ад места).
У месьце дзее Ашмянскі краязнаўчы музэй імя Францішка Багушэвіча. Спыніцца можна ў гатэлі «Ашмяны».
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Ашмяны, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.