Памі́рскія мовы — тэрмін, пад якім вядомае арэальнае аб’яднаньне некаторых з усходнеіранскіх моваў, на якіх размаўляюць шэраг народаў у горах Памір, асабліва ўздоўж ракі Пяндж ды ейных прытокаў.
Адміністрацыйна арэал распаўсюджаньня памірскіх моваў падзелены між аўганскай правінцыяй Бадахшан, таджыцкай Горна-Бадахшанскай аўтаномнай вобласьцю і некаторымі бліжэйшымі памежнымі рэгіёнамі Кітаю. Апошнім часам супольнасьці памірскіх перасяленцаў узьніклі ў некаторых суседніх раёнах Пакістану. Геаграфічна найбольш усходняя памірская мова — сарыкольская, распаўсюджаная ў Кітаі пры кітайска-аўганскай ды кітайска-таджыцкай мяжы. Іншай жывой мовай з усходнеіранскіх зьяўляецца пушту, аднак яна не ўключаецца ў панятак памірскіх моваў.
Зь лінгвістычнага гледжаньня не існуе агульных характарыстык, якія дазвалялі б аб’ядноўваць памірскія мовы як асобную падгрупу ў складзе іранскіх моваў. Клясыфікацыя памірскіх моваў унутры іранскае групы моваў розная. Напрыклад, лінгвістычны партал Ethnologue разглядае памірскія мовы як мовы ў складзе паўднёва-ўсходняй падгрупы, адначасова з гэтым паводле энцыкляпэдыі Iranica памірскія мовы, як і пушту, лічацца мовамі ў складзе паўночна-ўсходняй падгрупы.
У дачыненьні ўнутранай клясыфікацыі ўсе мовы, што абагульняюцца пад тэрмінам памірскія мовы, упэўнена разьмяркоўваюцца па чатырох галінах: шугнана-язгулямскай (шугнанская, язгулямская, сарыкольская мовы; у расейскамоўных крыніцах таксама вядомая як шугнана-рушанская), мунджанска-ідгаскай (мунджанская мова, мова ідга), сангліцка-ішкашымскай (ішкашымская мовы ды сангліцкая, якая часам лічыцца дыялектам ішкашымскай) і ваханскай (ваханская мова). Існуе таксама падзел памірскіх моваў на паўночныя й паўднёвыя, згодна зь якім разьмяркоўваюцца чатыры згаданыя галіны.
У тыпалягічным пляне ўсе мовы, абагульнёныя пад тэрмінам памірскія, адносяцца да моваў тыпу SOV — то бок, парадак словаў у сказе будуецца паводле схемы дзейнік-дапаўненьне-выказьнік.
Паводле стану на 1990 год памірскія мовы агулам маюць каля 100 тыс носьбітаў. Усе памірскія мовы, як правіла, адносяцца да моваў, што знаходзяцца пад пагрозаю зьнікненьня. Пераважная большасьць носьбітаў памірскіх моваў у Таджыкістане й Аўганістане выкарыстоўваюць таджыцкую або дары (аўганская форма пэрсыдзкай мовы) адпаведна як літаратурныя мовы, што зьвязана з маленькай колькасьцю носьбітаў большасьці памірскіх моваў і, як сьледзтва, адсутнасьцю ў іх уласнай літаратурнай традыцыі.
Найбольш прадстаўнічым дасьледчыкам памірскіх моваў зьяўляецца расейскі савецкі іраніст Іван Зарубін.
Варта заўважыць, што ў складзе памірскіх моваў не разглядаюцца геаграфічна блізкія таджыцкая й кыргыская мовы (апошняя распаўсюджаная серад кыргызаў Паміру, але не адносіцца да індаэўрапейскіх у адрозьненьне ад усіх моваў, згаданых раней).
Генэтычная сувязь вышэйпамянёных моваў значная ў такой ступені, што ўзаемаразуменьне можа быць дасягнутае пры выкарыстаньні роднай мовы або дыялекту амаль ва ўсіх выпадках; цяжкасьці могуць паўстаць толькі пры кантактаваньні носьбітаў сарыкольскай мовы з астатнімі шугнана-рушанскімі. Шугнанская мова ў сувязі з сваёй параўнальна шырокай тэрытарыяльнай распаўсюджанасьцю і шматлікасьці носьбітаў мае ролю сродку міжэтнічных зносінаў на Паміры нараўне з таджыцкай («міжпамірская фарсі»).
Зносіны й кантактаваньне між носьбітамі мунджанскай, ішкашымскай, ваханскай, язгулямскай моваў і моваў-дыялектаў шугнана-рушанскае галіны ажыцьцяўляецца ў асноўным на міжпамірскай таджыцкай і, часткова, на шугнанскай.
Памірскія мовы разам з пушту, асэтынскай і ягнобскай уваходзяць ва ўсходнеіранскую групу іранскіх моваў і роднасныя вымерлым мовам сакаў (скіфаў), бактрыйцаў, сагдыйцаў, харэзьмійцаў ды іншых усходнеіранскіх этнасаў.
Вікіпэдыя ў інкубатары мае вэрсію шугнанскай мовай |
Вікіпэдыя ў інкубатары мае вэрсію ваханскай мовай |
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Памірскія мовы, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.