27°30′39″ у. д. / 53.84611° пн. ш.
27.51083° у. д.
«Інстыту́т мя́са-мало́чнай прамысло́васьці» («ІММП») — досьледнае прадпрыемства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заснаванае ў 1965 годзе ў якасьці Беларускай філіі Ўсесаюзнага навукова дасьледчага інстытуту малочнай прамысловасьці.
Тып | унітарнае прадпрыемства |
---|---|
Заснаваная | 1965 (59 гадоў таму) |
Заснавальнікі | Савет народнай гаспадаркі Беларускай ССР |
Уласьнікі | Нацыянальная акадэмія навук Беларусі |
Краіна | Беларусь |
Разьмяшчэньне | Менск |
Адрас | Заводзкі раён, Партызанскі прасп., д. 172 |
Ключавыя фігуры | Гардзей Гусакоў, Натальля Фурык |
Галіна | сфэра паслугаў |
Прадукцыя | бактэрыяльная закваска, біякансэрвант, харчовы дадатак |
Паслугі | выпрабаваньне якасьці і распрацоўка малочных і мясных вырабаў, укараненьне абеззаражваньня абсталяваньня і рэсурсаашчадных прыладаў |
Матчына кампанія | «Навукова-практычны цэнтар харчаваньня» |
На 2022 год уваходзіў у склад Аддзяленьня аграрных навук НАНБ, дзе належаў «Навукова-практычнага цэнтру харчаваньня». У «ІММП» распрацоўвалі бактэрыяльныя закваскі і вырабы для дзіцячага харчаваньня, малочныя і мясныя вырабы, спосабы ачысткі абсталяваньня і вытворчых памяшканьняў, ашчаджэньня рэсурсаў у малочнай і мясной прамысловасьці. Сярод іншага, выпрабоўвалі бясьпеку і якасьці харчовай сыравіны і вырабаў, стандартызавалі і нармавалі апрацоўку малака і мяса, а таксама распрацоўвалі дзяржаўныя праграмы ў адпаведнай галіне. У асьпірантуру прымаі па 2-х спэцыяльнасьцях: 1) апараты і працэсы харчовай вытворчасьці, 2) тэхналёгія малочных, мясных і рыбных вырабаў і лядоўневай вытворчасьці. Зь 2005 году выпускалі штогадовы Зборнік навуковых працаў «Актуальныя пытаньні перапрацоўкі мясной і малочнай сыравіны».
На 2022 год «Інстытут мяса-малочнай прамысловасьці» ўлучаў:
На 2022 год «Інстытут мяса-малочнай прамысловасьці» выпускаў:
Сярод іншага, прадпрыемства выконвала:
У 1965 годзе Савет народнай гаспадаркі Беларускай ССР ухваліў Распараджэньне аб стварэньні Беларускай філіі Ўсесаюзнага навукова дасьледчага інстытуту малочнай прамысловасьці (БФ УНДІМП) Міністэрства мясной і малочнай прамысловасьці СССР. Яе ўтварылі на аснове лябараторыі малочнай прамысловасьці Беларускага НДІ прамысловасьці харчовых тавараў, створанай ў жніўні 1960 году. Да 1979 году ў Беларускай філіі УНДІМП пераважна распрацоўвалі харчаваньне і кармы з абястлушчанага малака, масьлянкі і малочнай сыроваткі. У 1979 годзе пабудавалі досьледны малаказавод і новы будынак Беларускай філіі УНДІМП. У 1980 годзе распрацавалі спосаб вытворчасьці кумысу з каровінага малака, які пачалі вырабляць у Беларускай і Казаскай ССР. Патэнт на вытворчасьць такога кумысу ўлічылі ў Нямеччыне, Францыі і Італіі. У 1982 годзе дазвол на яго вытворчасьць набылі малаказаводы Японіі. На пачатку 1980-х гадоў на абсталяваньні дражджаваньня сыроваткі стварыць вытворчасьць кармоў «Прамікс», «Правілакт» і «Правібел» з казеінавай, малочнай і тварожнай сыроваткі. Да 1986 году атрымалі звыш 50 аўтарскіх пасьведчаньняў і патэнтаў вынаходзтвы. У 1986 годзе Дзяржаўны аграпрамысловы камітэт СССР ухвалі Пастанову аб стварэньні на аснове Беларускай філіі УНДІМП прадпрыемства «Беларусі навукова-дасьледчы і канструктарска-тэхналягічны інстытут мясной і малочнай прамысловасьці» («БелНДКТІММП») Дзяржаўнага аграпрамысловага камітэту БССР. У 1996 годзе Натальля Жабанос вылучыла прабіятычныя штамы біфідабактэрыяў для кісламалочнага лекава-прафілякстычнага напою «Біфідабакт», які прызначаўся для дзіцячага харчаваньня. Пазьней на рынак вывелі кісламалочны напой «Біфітат» для дарослага насельніцтва.
На 2000 год «БелНДКТІММП» служыў установай стандартызацыі і засьведчаньня абсталяваньня для малочнай, мясной і птушкаперапрацоўчай прамысловасьці. Асноўнымі кірункамі дзейнасьці былі: стварэньне абсталяваньня для перапрацоўкі малака і мяса, падбор бактэрыяльных заквасак і канцэнтратаў для мяса-малочных заводаў, распрацоўка канструктарскай дакумэнтацыі на выраб узораў абсталяваньня. 5 сакавіка 2002 году А. Лукашэнка падпісаў Дэкрэт № 7 «Аб удасканаленьні дзяржаўнага кіраваньня ў галіне навукі», паводле якога 23 красавіка 2002 году Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (НАНБ) зацьвердзіла Загад № 41 аб далучэньні Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь у якасьці Аддзяленьня аграрных навук НАНБ, у тым ліку «БелНДКТІММП». 18 красавіка 2006 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 242 аб далучэньні «БелНДКТІММП» да Навукова-практычнага цэнтру харчаваньня НАНБ. 18 верасьня 2006 году УП «Навукова-практычны цэнтар харчаваньня» Загадам № 10 перайменавала «БелНДКТІММП» у «Інстытут мяса-малочнай прамысловасьці». У 2007 годзе «Інстытут мяса-малочнай прамысловасьці» сумесна зь Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі распрацаваў Праграму перапрацоўкі сыроваткі, у выніку ажыцьцяўленьня якой у Беларусі павысілі яе перапрацоўку да 97 %.
1 студзеня 2009 году набылі моц новя дзяржаўныя стандарты Беларусі на малочныя і мясныя вырабы, распрацаваныя ў «Інстытуце мяса-малочнай прамысловасьці». У выніку мяса сталі дастаўляць у крамы ў выглядзе паўфабрыкатаў. Такія паўфабрыкаты дазвалялі пастаўляць зь мяса самак і замарожваць аднойчы. Тэрмін захоўваньня абмежавалі 6-ю месяцамі для ялавічыны і 3-ма — для сьвініны. Таксама сьвініну мелі прадаваць бяз жоўклага шпіку. Таўшчыня падскурнага тлушчу мела складаць да 10 мілімэтраў у бараніне, казьляціне і ялавічыне, да 25 мм — сьвініне. У ялавічным катлетным мясе доля тлушчу магла складаць да 25 %, а ў сьвіным — да 35 %. Паводле новага стандарту, сухая каўбаса мела высьпяваць за 35 дзён без даданьня глютамату натру, паўсухая — да 25 дзён з занясеньнем мікрабіялягічнай спачатнай культуры. Тлустасьць сьмятаны магла складаць ад 10 да 40 % пры наяўнасьці бялку, што сьведчыць пра яе натуральнасьць. Сьмятанным мелі называць выраб пры ўвядзеньні ў сьмятану алею. У стандарт для вяршкоў укаранілі стэрылізаваныя з прыдатнасьцю звыш 25 дзён і апрацаваныя ўльтравысокай тэмпэратурай з прыдатнасьцю звыш 2-х месяцаў. Пастэрызаваныя вяршкі былі прыдатныя 36 гадзінаў. Плаўлены сыр меў зьмяшчаць толькі натуральны тлушч без стабілізатараў кансістэнцыі. Пры дадатньні алею яго называлі сырным плаўленым прадуктам. У стандарт дадалі сухі сыр у выглядзе здробненага парашку для даданьня ў страву. Разам з вэнджанымі зьявіліся пастэрызаваныя і стэрылізаваныя плаўленыя сыры. Пры наяўнасьці прынамсі 75 % сычужнага сыру плаўлены мог насіць назоў сычужнага. У 2011 годзе «Інстытут мяса-малочнай прамысловасьці» распрацаваў вырабы для Наваградзкага (Гарадзенская вобласьць) і Пружанскім (Берасьцейская вобласьць) малочных камбінатах. Таксама ў «ІММП» стварылі цэх кісламалочных вырабаў для грудных немаўлятаў і ўчастак бактэрыяльных канцэнтратаў.
У траўні 2012 году «Нарачанскі масласырзавод» (Вялейскі раён) пачаў штодня прадаваць па тоне сыру «Ракфорці» зь цьвільлю паводле рэцэптуры «ІММП». Яго цана ў продажы склала ад 126 000 рублёў (15 даляраў) за кг. Такі сыр вясьпяваў каля 60 дзён і вырабляўся з даданьнем цьвілевых грыбоў ракфорцкага пэніцылу. 28 лістапада 2014 году «ІММП» адкрыў цэх глыбоказамарожаных бактэрыяльных канцэнтратаў для закваскі ў сыр, сьмятану і тварог. Глыбокая замарозка складала -195°C. За 2 гады цэх меў закрыць 60 % увозу такіх канцэнтратаў, які ў 2013 годзе дасягнуў вартасьці 150 млрд рублёў (16,7 млн даляраў). Выдаткі на будоўлю цэха склалі 65 млрд рублёў (7,2 млн даляраў) з акупнасьцю за 5 гадоў. Вытворчая магутнасьць цэха складала 40 тонаў бакканцэнтратаў за год. За 2016 год у «ІММП» атрымалі каля 20 новых рэцэптаў малочных вырабаў. На пачатку 2017 году ў лябараторыі «ІММП» стварылі вараную згушчонку на аснове сыроваткі.
29 верасьня — 4 кастрычніка 2020 году «Інстытут мяса-малочнай прамысловасьці» прадставіў мясное марозіва на міжнароднай выставе «Белагра» ў Футбольным манэжы Менску. У 2020 годзе «Інстытут мяса-малочнай прамысловасьці» сумесна з «Навукова-практычным цэнтрам жывёлагадоўлі» распрацаваў біякансэрванты «Біяплант максі-2» і «Біяфлан-фортэ» для зьніжэньня кошту содневага кармленьня каровы і павышэньня яе надою адпаведна. 9 лютага 2021 году ў «ІММП» адчынілі досьледную вытворчасьць нізкабялковых сухіх малочных вырабаў і складнікаў для хворых на фэнілкетанурыю. Кошт такіх вырабаў склаў у 2,5 меней за замежныя адпаведнікі. 9—11 лістапада 2021 году «Маладэчанскі малочны камбінат» (Менская вобласьць) прадставіў на міжнароднай выставе «Харчэкспа» сыр камамбэр, вытворчасьць якога распрацаваў «Інстытут мяса-малочнай прамысловасьці».
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Інстытут мяса-малочнай прамысловасьці, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.