28°48′59″ у. д. / 54.96472° пн. ш.
28.81639° у. д.
52-і асобны спэцыялізаваны пошукавы батальён (52 аспб) — вайсковая частка Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь, створаная ў сакавіку 1995 году.
52-і спэцыялізаваны пошукавы батальён | |
Гады існаваньня | з 1 сакавіка 1995 году |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Падпарадкаваньне | Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь |
Уваходзіць у | Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь |
Тып | пошукавая вайсковая частка |
Функцыя | палявыя пошукі загінулых на вайне |
Колькасьць | 200 чалавек (2018 г.) |
Дысьлякацыя | вёска Бароўка (Лепельскі раён, Віцебская вобласьць) |
Дзейны камандзір | Аляксандар Трубека |
Вайсковая частка 28443 месьціцца ў вёсцы Бароўка (Лепельскі раён, Віцебская вобласьць). Задачамі 52-га батальёну ёсьць: 1) пошук загінулых і зьніклых бязь вестак у гады войнаў вайскоўцаў і цывільных ахвяраў войнаў; 2) узаеміны са службовымі асобамі мясцовых органаў улады і вайсковых камісарыятаў у раёнах правядзеньня пошуку; 3) усталяваньне зносінаў са службовымі асобамі архіваў і музэяў, грамадзкіх аб’яднаньняў і грамадзянамі дзеля выяўленьня месцаў няўлічаных вайсковых пахаваньняў; 4) вызначэньне імёнаў загінулых вайскоўцаў і цывільных ахвяраў войнаў.
30 лістапада 1994 г. прэзыдэнт Беларусі А.Лукашэнка падпісаў Указ № 231 «Аб паляпшэньні працы па ўвекавечаньні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў у Рэспубліцы Беларусь», паводле 2-га пункту якога даручыў: «Міністэрству абароны Рэспублікі Беларусь у месячны тэрмін ... за кошт колькасьці войскаў сфармаваць спэцыялізаванае вайсковае фармаваньне (батальён да 200 чалавек) для правядзеньня пошукавай працы, зьвязанай з увекавечаньнем памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў, і арганізаваць яго дзейнасьць». 16 студзеня 1995 г. начальнік Галоўнага штаба Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь падпісаў Дырэктыву № 5/03, паводле якой 1 сакавіка 1995 г. стварылі 52-і асобны спэцыялізаваны пошукавы батальён. Першы пошукавы пэрыяд правялі з 23 сакавіка па 30 кастрычніка 1995 году. Да 2002 году 3 спэцыялізаваныя пошукавыя роты 52-га батальёну месьціліся ў Горадні, Віцебску і Менску. У 2002 г. склад скарацілі да 2 ротаў. У 2003 г. 52-і батальён разьмясьцілі ў вёсцы Заслонава (Лепельскі раён, Віцебская вобласьць). У 2004 годзе ў склад 52-га батальёну дадалі 2 рэкагнасцавальныя пошукавыя групы.
5 траўня 2004 г. міністар абароны Беларусі Леанід Мальцаў падпісаў Пастанову Мінабароны № 21 «Аб зацьвярджэньні Інструкцыі аб парадку аказаньня платных паслугаў вайсковымі часткамі па пошуку няўлічаных пахаваньняў замежных вайскоўцаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». Паводле 17-га пункту Інструкцыі, прыбытак ад аказаньня платных паслугаў выкарыстоўваецца: «40% — на ўдасканаленьне матэрыяльна-тэхнічнай базы вайсковай часткі; 30% — на ўдасканаленьне матэрыяльна-тэхнічнай базы кіраўніцтва ўвекавечаньня памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў Узброеных сілаў; 30% — на матэрыяльнае заахвочваньне і сацыяльную падтрымку вайскоўцаў і цывільнага пэрсаналу вайсковай часткі і кіраўніцтва ўвекавечаньня памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў Узброеных сілаў». 4 красавіка 2005 г. міністар абароны Л.Мальцаў падпісаў Загад Мінабароны № 12 «Аб зацьвярджэньні Палажэньня аб асобнай спэцыяльнай пошукавай вайсковай частцы», прызначэньнем якой паводле 3-га пункту ёсьць «пошук няўлічаных вайсковых пахаваньняў з мэтай увекавечаньня памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў». Паводле 6-га пункту Палажэньня, «Пошукавая вайсковая частка складаецца з: кіраўніцтва; спэцыялізаваных пошукавых ротаў (спэцыялізаваныя пошукавыя ўзводы, узводу забесьпячэньня); рэкагнасцавальных пошукавых групаў». У жніўні 2005 г. 52-і пошукавы батальён знайшоў каля вёскі Селішча (Вялейскі раён, Менская вобласьць) парэшткі 224 францускіх жаўнераў Напалеона (Вайна 1812 году). У лістападзе 2006 году рэшткі аднаго зь іх пахавалі каля помніка Бакура на Брылёўскім полі (Барысаўскі раён, Менская вобласьць). У лістападзе 2007 г. парэшткі астатніх 223 францускіх жаўнераў перапахавалі на могілках вёскі Сьцюдзёнка (Барысаўскі раён).
Улетку 2007 году 52-і пошукавы батальён правёў паўторныя раскопкі даваенных пахаваньняў у Шчакатоўскім лесе (Гомельскі раён). У 1930-я гады атрады Народнага камісарыяту ўнутраных справаў БССР расстрэльвалі там асуджаных, ва ўрочышчы Тры Слупы і Баркі (Рэпрэсіі ў БССР). У 2010 годзе 52-і пошукавы батальён раскапаў і перадаў мясцовым органам улады для перапахаваньня парэшткі 1302 загінулых, устанавіў імёны 133 загінулых вайскоўцаў і цывільных ахвяраў войнаў, знайшоў 464 выбухованебясьпечныя прадметы, 329 патронаў, 6 адзінак стралковай зброі, 4 узнагароды, 47 мэдальёнаў і 763 рэліквіі, абазначыў межы пахаваньняў 213 загінулых у Нямецка-савецкай вайне. Таксама 52-і батальён рэкагнасцаваў 53 будучых месцы пошуку і правёў палявы пошук на 71 няўлічаным вайсковым пахаваньні. Агулам пошук правялі ў 112 мясьцінах ва ўсіх абласьцях Беларусі і ў 2 мясьцінах у Падляскім ваяводзтве Польшчы. На Падляшшы знайшлі парэшткі 15 чырвонаармейцаў, загінулых у чэрвені 1941 году (Беластоцкая вобласьць, Беларуская ССР). За 15 гадоў 52-і батальён правёў пошук у 1887 мясьцінах у 109 са 118 раёнаў Беларусі, знайшоў і перадаў для перапахаваньня парэшткі 16 770 загінулых вайскоўцаў і цывільных ахвяраў войнаў. За гэты ж час вызначылі імёны 1878 загінулых падчас войнаў, знайшлі 266 мэдальёнаў і 39 узнагародаў, абясшкодзілі 3696 выбухованебясьпечных прадметаў. Пры пошуку выкарыстоўвалі мэталадэтэктары, спадарожнікавыя навігатары і лічбавыя фотакамэры.
На 2012 год, за 17 гадоў, 52-і спэцыялізаваны пошукавы батальён у супрацы зь мясцовымі ўладамі правёў пошук у 1907 мясьцінах на землях 110 са 118 раёнаў Беларусі. Адмыслоўцы батальёну знайшлі і перадалі для перапахаваньня рэшткі 19 682 загінулых вайскоўцаў, абазначылі межы пахаваньняў 312 973 загінулых, пацьверджаныя архіўнымі зьвесткамі. У выніку палявых пошукаў удалося вярнуць імёны 2262 загінулых падчас войнаў і абясшкодзіць 4175 выбухованебясьпечных прадметаў. У выніку архіўна-дасьледчай працы ўстанавілі 79 893 імені загінулых вайскоўцаў. На 2012 год на дзяржаўным уліку стаяла 7233 вайсковыя пахаваньні, што склала ўдвая больш за паказьнік 2003 году. У 2014 г. 52-і пошукавы батальён правёў пошук у 127 мясьцінах у 40 са 118 раёнаў усіх вобласьцяў Беларусі, раскапаў і перадаў уладам для перапахаваньня парэшткі 3041 загінулага, вызначыў імёны 53 зь іх. Таксама 52-і батальён выявіў 8 адзінак стралковай зброі 4859 патронаў, 542 выбухованебясьпечныя прадметы і 2 узнагароды. За 20 гадоў 52-і пошукавы батальён абазначыў межы пахаваньняў 313 025 асобаў, выявіў парэшткі звыш 69 000 чалавек, правялі пошукі ў амаль 2000 мясьцінах, абясшкодзілі звыш 5000 выбухованебясьпечных прадметаў, выявілі 186 адзінак стралковай зброі, звыш 25 000 патронаў, 560 мэдальёнаў, 58 узнагародаў і звыш 13 500 рэліквіяў.
У 2015 г. 52-пошукавы батальён правёў палявыя працы ў 119 мясьцінах часоў абедзьвюх сусьветных войнаў і вайны 1812 году, перадаў у мясцовы органы ўлады для перапахаваньня парэшткі звыш 2000 чалавек. У кастрычніку 2015 году 52-і пошукавы батальён правёў раскопкі ў лесе каля вёсак Хайсы і Дрыкольле (Мазалаўскі сельсавет, Віцебскі раён), дзе знайшоў некалькі пластоў парэшткаў мужчынаў і жанчынаў, расстраляных у 1930-я гады. У большасьці раскапаных парэшткаў каля 200 чалавек былі адтуліны ад куляў у патылічнай і цемянной частках чарапоў. Іх перапахавалі ў брацкай магіле на станцыі «Лужасна».
Пры канцы 2017 году 52-і асобны пошукавы батальён разьмясьцілі ў вёсцы Бароўка (Лепельскі раён, Віцебская вобласьць).
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article 52-і пошукавы батальён, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.