Ян Матусевіч: беларускі рэлігійны й грамадзкі дзяяч, сьвятар

Ян Матусевіч (Ян Карповіч-Матусевіч; 24 ліпеня 1948, Менск — 2 верасьня 1998, Менск) — беларускі рэлігійны й грамадзкі дзяяч, сьвятар.

Ян Матусевіч
Ян Карповіч-Матусевіч
Ян Матусевіч: Сямейныя карані, Навучаньне і праца, Шлях да сьвятарства
Род дзейнасьці сьвятар, рэлігійны й грамадзка-культурны дзяяч
Дата нараджэньня 24 ліпеня 1948
Месца нараджэньня Менск, БССР
Дата сьмерці 2 верасьня 1998 (50 гадоў)
Месца сьмерці Менск, Рэспубліка Беларусь
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак сьвятар

Нягледзячы на тое, што нарадзіўся будучы сьвятар 24 ліпеня 1948 году, а. Ян Матусевіч заўсёды сьвяткаваў свой Дзень народзінаў 24 чэрвеня — на свой Дзень анёла ў гонар сьв. Яна Хрысьціцеля.

Сямейныя карані

Паходзіць з пабожнай праваслаўнай сям’і з уніяцкімі каранямі. Яго бацька — Ян, сын Піліпа — паходзіў з шматдзетнай сям’і з в. Кандратавічы Лагойскага раёну Менскай вобл., у 1943 прымусова быў вывезены ў Нямеччыну, адкуль вярнуўся інвалідам, усё жыцьцё быў вельмі пабожным чалавекам і пакуль былі сілы хадзіў да царквы. Бацька Яна Матусевіча вельмі сябраваў з сваім стрыечным братам — праваслаўным сьвятаром, якога ў канцы 1940-х расстралялі.

Маці Яна Матусевіча — Анастасія, дачка Гальляша з роду Карповічаў, нарадзілася на Меншчыне ў в. Камянец пад Радашкавічамі, таксама ў шматдзетнай сям’і, дзе было 7 дзяцей. Перад вайной яна працавала хатняй гаспадыняй у кампазытара Самуіла Палонскага, у доме якога часта бывалі беларускія паэты і які напісаў шмат песьняў на творы Янкі Купалы. У гады вайны маці Яна Матусевіча разам з роднай сястрой, рызыкуючы жыцьцём, патаемна насіла ежу ў габрэйскае гета ў Менску для жонкі і малых дзяцей кампазытара Палонскага, якіх пазьней расстралялі.

Бацькі пабраліся шлюбам перад вайной. У 1939 чакалі дзяўчынку, але яна нарадзілася мёртвай. Праз два гады ў сям’і Матусевічаў нарадзіўся сын Андрэй, аднак ён памёр у 1943 ад дыфтэрыі. У 1948 у сям’і нарадзіўся сын Ян, якога хрысьцілі 29 жніўня 1948 ў царкве сьв. Аляксандра Неўскага ў Менску. Сьвятыя Тайны Хросту і Мірапамазаньня ўдзяліў протаярэй Яўстах Баслык.

Рэлігійнае ўзгадаваньне атрымліваў ад сваіх пабожных бацькоў і сваякоў. Падчас вакацыяў Янам Матусевічам апекавалася цётка — каталічка з Заслаўя, якая часта брала яго з сабой у касьцёл у м. Краснае каля Маладэчна.

Навучаньне і праца

Пасьля 8 клясаў Ян Матусевіч пайшоў працаваць вучнем сьлесара радыёапаратуры на Менскі радыязавод (цяпер — ААТ «Гарызонт»), адначасова вучыўся ў вячэрняй школе. У пэрыяд з 1964 па 1974 працаваў на самых розных пасадах: тэлеграфістам на Галоўпаштампце, старэйшым лябарантам у Акадэміі навук, інкасатарам у Дзяржбанку, быў на кіруючых пасадах у Дамах культуры і клюбах, працаваў намесьнікам дырэктара па адміністрацыйна-гаспадарчай частцы ў школе. У 1969 скончыў драматычнае аддзяленьне рэспубліканскіх курсаў Міністэрства культуры і затым паступіў на вучобу ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут на рэжысэрскае аддзяленьне факультэту культасьветработы (закончыў у 1973).

Шлях да сьвятарства

Яшчэ падчас вучобы ў тэатральна-мастацкім інстытуце адчуў вялікае жаданьне стаць сьвятаром. У адпаведнасьці з тагачасным савецкім заканадаўствам вымушаны быў зьвярнуцца да ўпаўнаважанага па справах рэлігіі па дазвол для паступленьня ў каталіцкую сэмінарыю ў Коўне (тады ў СССР было ўсяго 2 сэмінарыі, яшчэ адна — у Рызе). Спачатку ўлады спрабавалі адгаварыць ад намеру стаць каталіцкім сьвятаром па прычыне адсутнасьці каталіцкай сэмінарыі ў Беларусі, а потым паставілі ўмову Яну Матусевічу: яны дадуць адпаведны дазвол для права на паступленьне ў каталіцкую сэмінарыю па-за межамі Беларусі толькі ў тым выпадку, калі ён дасьць абавязак паведамляць пра ўсе антысавецкія выказваньні выкладчыкаў і сэмінарыстаў. Гэтую прапанову — стаць сэксотам — Ян Матусевіч катэгарычна адкінуў, тым самым шлях у каталіцкую сэмінарыю для яго стаў закрыты.

З студзеня па красавік 1974 сьпяваў у хоры ў царкве сьв. Аляксандра Неўскага ў Менску. Затым вымушаны быў зьехаць зь Беларусі ў Расею. Служыў панамаром ва Ўсьпенскім катэдральным саборы ў Смаленск, потым — псаломшчыкам у царкве г. Гагарын. Толькі такі шлях адкрыў Яну Матусевічу магчымасьць стаць сьвятаром. Савецкія ўлады далі дазвол, каб смаленскі праваслаўны япіскап высьвяціў на сьвятара. Спачатку яго высьвяцілі на дыякана, а 29 жніўня 1974 япіскап Смаленскі і Вяземскі Феадосій высьвяціў яго ў Смаленску на сьвятара.

Служэньне ў Праваслаўнай Царкве

Душпастырскую дзейнасьць распачаў у в. Спас Новадугінскага раёну Смаленскай вобласьці, у самай глухой парафіі, куды не хадзіў аніякі транспарт, а да найбліжэйшай чыгуначнай станцыі было 20 км. Настаяцелем праваслаўнай царквы Перамяненьня Гасподняга ў в. Спас праслужыў да 1978, затым вярнуўся ў Беларусь.

З студзеня 1978 выконваў сьвятарскае служэньне ў праваслаўнай царкве сьв. Аляксандра Неўскага ў Менску, затым паўгады служыў настаяцелем Усьпенскай царквы ў в. Маркава каля Маладэчна.

Яшчэ ў 1975 паступіў на завочнае аддзяленьне праваслаўнай духоўнай сэмінарыі ў Загорску (цяпер Сергіеў Пасад), дзе вучыўся да 1979.

Пераход у каталіцтва

У тым жа 1979 выехаў у Польшчу і, дзякуючы рэкамэндацыі сябра, які стаў ужо рыма-каталіцкім сьвятаром, перайшоў у каталіцтва. Дазвол на пераход у каталіцтва даў яму кардынал Стэфан Вышынскі. Згодна з распараджэньнем рыма-каталіцкага біскупа Яна Ярашэвіча, ардынарыя Келецкага, пасьля іспыту на веданьне асноваў каталіцкай веры, вызнаньня веры і складаньня абавязку захоўваць цэлібат, быў прыняты ў Каталіцкую Царкву і атрымаў дазвол на выкананьне сьвятарскага служэньня. У жніўні 1979 году мітрапаліт Філарэт выдаў указ пра забарону Яну Матусевічу выконваць сьвятарскае служэньне ў Праваслаўнай царкве. Аднак на ягоную просьбу 8 жніўня 1981 ён сваім указам зьняў зь Яна Матусевіча забарону ў сьвятарстве.

Праца ў Барунах

Пасьля вяртаньня з Польшчы ў Беларусь, паводле распараджэньня тагачаснага Генэральнага вікарыя пралата Станіслава Кучынскага быў прызначаны ў Віленскую архідыяцэзію пробашчам у рыма-каталіцкую парафію сьв. апосталаў Пятра і Паўла ў м. Баруны Ашмянскага р-ну (сёньня — Гарадзенская дыяцэзія). У гэтай парафіі, дзе некалі месьціўся адзін з важных асяродкаў Уніяцкай Царквы і захаваўся прыгожы барочны комплекс былога базыльянскага манастыра з цудатворнай іконай Маці Божай Барунскай, а. Ян Матусевіч служыў з 1979 па красавік 1990. Адным зь першых 1988 ён пачаў служыць сьвятую Імшу на беларускай мове, а таксама пачаў удзяляць хрост ва ўсходнім абрадзе маладым беларусам, якія прагнулі аднаўленьня Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі.

Падчас сваёй сьвятарскай дзейнасьці неаднаразова зьведаў ціск і перасьлед з боку КГБ. Адразу пасьля пераходу ў Каталіцкую Царкву паўгода ўлады не давалі яму працавць на парафіі, выклікалі на размовы і пагражалі, што пасадзяць за здраду Радзіме, бо ён, нібыта, стаў агентам Ватыкану і ЦРУ. Яшчэ падчас працы на Смаленшчыне і ў в. Маркава (Маладэчанскі р-н) у яго адбіралі даведкі аб рэгістрацыі (за агароджваньне царкоўнага цьвінтара і за накрыцьцё царквы новым дахам адпаведна), у Барунах штрафавалі за рамонтныя і будаўнічыя працы, а таксама за ўдзел дзяцей у працэсіях і іх катэхізацыю.

Пасьля цяжкай аўтамабільнай аварыі да траўня 1991 з дазволу Апостальскага адміністратара Гарадзенскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі біскупа Тадэвуша Кандрусевіча знаходзіўся ў адпачынку па стане здароўя.

У Беларускай грэка-каталіцкай царкве

У 1990 стаў парахам першай грэка-каталіцкай парафіі ў Менску. У чэрвені 1991 быў прыняты ардынарыем Івана-Франкоўскай грэка-каталіцкай япархіі біскупам Сафронам Дмытэркам пад ягоную юрысдыкцыю да канчатковага вырашэньня справы Апостальскай Сталіцай.

У 1993 біскуп Сафрон Дмытэрка прызначыў а. Яна Матусевіча на пасаду дэкана Беларускай грэка-каталіцкай царквы, таксама да канчатковага вырашэньня справы беларускіх грэка-католікаў Апостальскай Сталіцай. 16 траўня 1994 Кангрэгацыя Ўсходніх Цэркваў афіцыйна пацьвердзіла яго правы як параха ў Менску і дэкана БГКЦ.

Грамадзкая і асьветніцкая дзейнасьць

Адзін з сузаснавальнікаў Беларускага біблійнага таварыства. Падтрымліваў добрыя экумэнічныя і асабістыя сяброўскія стасункі з прадстаўнікамі іншых канфэсіяў: праваслаўнымі, баптыстамі, юдэямі, мусульманамі. Быў ці не адзіным прадстаўніком каталіцкага духавенства зь Беларусі на сьвяткаваньні 1000-годьдзя хрышчэньня Русі ў 1988 у Маскве і Загорску. У тым жа годзе ўдзельнічаў у канфэрэнцыі «1000-годзьдзе хрышчэньня Русі і беларускі народ», якая праходзіла ў Лёндане. Шматразова выступаў у прэсе, на радыё і тэлебачаньні, удзельнічаў у розных канфэрэнцыях, грамадзкіх і культурных імпрэзах ды сустрэчах беларускай інтэлігенцыі. Сярод асобаў, якіх хрысьціў а. Ян Матусевіч, шмат вядомых у Беларусі людзей — сьвятары (у тым ліку і праваслаўныя, напрыклад, а. Сяргей Гардун), пісьменьнікі, гісторыкі (прафэсар Анатоль Грыцкевіч і інш.), мастакі, дзеячы культуры, журналісты. Акрамя душпастырскай працы сярод беларускай інтэлігенцыі, а на пачатку 1990-ых яшчэ й сярод скаўтаў і вязьняў, актыўна распаўсюджваў Сьвятое Пісьмо сярод інвалідаў, састарэлых, навучэнцаў.

Асьвяціў у 1989 першы мэмарыяльны крыж у Курапатах, устаноўлены ў памяць ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Быў ініцыятарам і заўсёды ўдзельнічаў у розных мерапрыемствах па ўшанаваньні памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, асабліва на Дзяды і Радаўніцу.

Айцец Ян Матусевіч быў сярод тых, хто ўдзяляў шмат увагі Чарнобыльскай трагедыі, якая замоўчвалася тагачаснымі ўладамі. Сьвятар гаварыў пра Чарнобыльскую катастрофу ў сваіх казаньнях, браў удзел у розных круглых сталах і канфэрэнцыях па гэтай тэме, заўсёды ўдзельнічаў у шэсьці «Чаробыльскі шлях», асьвяціў разам з праваслаўным сьвятаром абраз Маці Божай Чарнобыльскай.

Стаў удзельнікам устаноўчага зьезду БНФ «Адраджэньне». Быў сябрам Рады Таварыства беларускай мовы ад моманту яго заснаваньня. Быў неафіцыйным душпастарам беларускіх скаўтаў. Таксама ўдзельнічаў у працы Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, Згуртаваньня беларускай шляхты, Беларускага таварыства інвалідаў і інш.

Протапрасьвітар БГКЦ а. Ян Матусевіч заўчасна памёр 2 верасьня 1998 пасьля цяжкае хваробы, якая разьвілася пасьля аварыі, урачыста адсьвяткаўвашы перад гэтым свой 50-гадовы юбілей і 25-годзьдзе сьвятарскага служэньня. Пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Менску.

Зь яго ўдзелам і пра яго былі зьняты некалькі відэафільмаў.

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Tags:

Ян Матусевіч Сямейныя караніЯн Матусевіч Навучаньне і працаЯн Матусевіч Шлях да сьвятарстваЯн Матусевіч Служэньне ў Праваслаўнай ЦарквеЯн Матусевіч Пераход у каталіцтваЯн Матусевіч Праца ў БарунахЯн Матусевіч У Беларускай грэка-каталіцкай царквеЯн Матусевіч Грамадзкая і асьветніцкая дзейнасьцьЯн Матусевіч КрыніцыЯн Матусевіч Вонкавыя спасылкіЯн МатусевічМенск

🔥 Trending searches on Wiki Беларуская (тарашкевіца):

МачанкаУладзімер ЗяленскіМікалай ТарасюкСьвінабродСяргей ГрахоўскіБеларускія летапісыШклоўПарнаграфія ў БеларусіЗялёна ГураБульбашМіжнародны дзень абароны дзяцейМарат МаркаўАмэрыкаМаксім БагдановічГомельВікторыя (Аўстралія)АвіньёнЯпоніяВідзімін (імя)БарутРычагЛюдміла РублеўскаяІндаэўрапейскія мовыЛіепаяІранАтмасфэра (адзінка вымярэньня)Вячаслаў АдамчыкНовая ЗэляндыяЮліянскі каляндарЛітваКалітнікФункцыянальная ежаСтарабеларуская моваДзяржаўны лад Рэспублікі БеларусьТурэччынаВілятГрэцкая моваМаксім ГарэцкіApple Inc.ЖамойцьЖанрФізычная асобаВадзім СаранчукоўC++Размаўляем па-беларускуНью-Ёрк (штат)Гуда (імя)ГлускБалотныя чарапахіТадэвуш КасьцюшкаВалачобнікіСтратэгіяЯгор БабічДзень Сьвятога ДухаПаўстаньне 1863—1864 гадоўСьвянцяныМітДаньКастусь Каліноўскі6 траўняКрыніца (Беластоцкі павет)Іван ШамякінХутар🡆 More