49°56′49″ з. д. / 41.7325° пн. ш.
49.94694° з. д.
«Тытанік» (анг. Titanic — «тытанічны») — брытанскі параход кампаніі «Ўайт Стар Лайн», другі з трох параходаў-двайнят тыпу «Алімпік». Найбуйнейшы пасажырскі лайнэр сьвету на момант сваёй пабудовы. Падчас першага рэйсу 14 красавіка 1912 году сутыкнуўся з айсбэргам і праз 2 гадзіны 40 хвілін затануў. На борце знаходзілася 1316 пасажыраў і 908 чальцоў экіпажу, агулам 2224 чалавекі. Зь іх выратаваліся 711 чалавек (32%), загінулі 1513. Катастрофа «Тытаніка» зрабілася легендарнай, па яе сюжэце зьнята некалькі мастацкіх фільмаў (Тытанік).
«Тытанік» | |
---|---|
Краіна: | Ангельшчына |
Тып: | параход |
Кляса: | лайнэр |
Праект: | «Алімпійскі» |
Гісторыя: | |
Вытворца: | «Гарлэнд і Вульф» (Бэлфаст, Паўночная Ірляндыя) |
Пачатак будаўніцтва: | 31 сакавіка 1909 |
Спуск на ваду: | 31 траўня 1911 |
Пачатак эксплюатацыі: | 2 красавіка 1912 |
Сканчэньне эксплюатацыі: | 15 красавіка 1912 |
Статус: | затануў |
Характарыстыкі: | |
Водазьмяшчэньне: | 52 310 тонаў |
Даўжыня: | 269,1 м |
Шырыня: | 28,19 м |
Вышыня: | 18,5 м |
Уляганьне: | 10,54 м |
Сілавая ўсталёўка: | 2 4-цыліндравыя паравыя машыны трайнога пашырэньня і паравая турбіна |
Магутнасьць: | 46 тыс. к.с. |
Хуткасьць: | 24 вузлы (44 км/гадз) |
Узбраеньне: | |
Выявы ў: | Вікісховішчы |
Вышыня ад кіля да верхавінаў труб — 53,4 м. Машыннае аддзяленьне — 29 катлоў, 159 вугальных топак. Прадухіленьню патапленьня карабля мелі спрыяць 15 воданепранікальных пераборак ў труме, якія стваралі 16 ўмоўна воданепранікальных адсекаў. Прастора паміж дном і насьцілам другога дна падзялялася папярочнымі і падоўжанымі перагародкамі (пераборкамі) на 46 воданепранікальных адсекаў.
Воданепранікальныя пераборкі, пазначаныя ад носа да кармы лацінскімі літарамі ад «A» да «P», падымаліся ад другога дна і праходзілі праз 4 або 5 палубаў: першыя 2 і апошнія 5 даходзілі да палубы «D», 8 пераборак ў цэнтры лайнэра дасягалі толькі палубы «Е». Усе пераборкі былі настолькі трывалыя, што мелі вытрымаць значны ціск пры атрыманьні прабоіны. «Тытанік» мог заставацца на плаву пры затапленьні любых 2 зь яго 16 воданепранікальных адсекаў, любых 3 зь першых 5 адсекаў, або ўсіх першых 4 адсекаў.
Першыя 2 пераборкі ў насавой і апошняя ў кармавой частцы былі суцэльнымі. Ва ўсіх астатніх пераборках былі гермэтычныя дзьверы, якія дазвалялі камандзе і пасажырам перасоўвацца між адсекамі. На насьціле другога дна, у пераборкі «К», былі адзіныя дзьверы, якія вялі ў халадзільную камэру. На палубах «F» і «E» амаль ва ўсіх пераборках былі гермэтычныя дзьверы, якія злучалі памяшканьні пасажыраў. Усе гэтыя дзьверы можна было задраіць як дыстанцыйна, так і ўручную, пры дапамозе прылады, разьмешчанай непасрэдна на дзьвярах і з той палубы, да якой даходзіла пераборка. Для задрайваньня такіх дзьвярэй на пасажырскіх палубах патрабаваўся адмысловы ключ, які быў толькі ў старэйшых сьцюардаў. На палубе «G» дзьверы ў пераборку адсутнічалі.
У пераборках «D» — «O», непасрэдна над другім дном ў адсеках, дзе разьмяшчаліся машыны і катлы, знаходзілася 12 дзьвярэй, якія вэртыкальна зачыняліся з дапамогай электрычнага прывада, імі кіравалі з хадавога мастка. У выпадку пагрозы або здарэньня, ці тады, калі так палічылі патрэбным капітан або вахтавы афіцэр, электрамагніты па сыгнале з мастка вызвалялі зашчапкі і ўсе 12 дзьвярэй пад узьдзеяньнем уласнага цяжару апускаліся і прастора за імі аказвалася гермэтычна зачыненай. Калі дзьверы зачыняліся па электрасыгнале з мастка, то адкрыць іх можна было толькі пасьля зьняцьця напругі з электрапрывада.
Другое дно месьцілася ў 1,6 мэтра над кілем і займала 9/10 даўжыні судна без ахопліваньня дробных участкаў у насавой частцы і карме. На другім дне стаялі катлы, поршневыя паравыя машыны, паравая турбіна і электрагенэратар. Усе яны трывала замацоўваліся на сталёвых плітах. Астатняя прастора выкарыстоўвалася для грузаў, вугалю і цыстэрнаў зь пітной вадой. На насьціле другога машыннага аддзяленьня дно падымалася на 1,98 м над кілем, што павялічвала абарону лайнэра пры пашкоджаньні зьнешняй абшыўкі.
На «Тытаніку» было 8 сталёвых палубаў, разьмешчаных адна над адной на адлегласьці 2,5—3,2 м. Верхняя была шлюпачнай. Пад ёй знаходзілася 7 астатніх, пазначаных зьверху ўніз лацінскімі літарамі ад «A» да «G». Толькі палубы «C», «D», «E» і «F» праходзілі па ўсёй даўжыні судна. Шлюпачная палуба і палуба «А» не даходзілі ні да насавой часткі, ні да кармы. Палуба «G» месьцілася ў пярэдняй частцы лайнэра — ад кацельнага аддзяленьня да носа — і ў кармавой частцы — ад машыннага аддзяленьня да зрэзу кармы. На адкрытай шлюпачнай палубе месьціліся 20 ратавальных шлюпак. Уздоўж бартоў знаходзіліся прагулачныя палубы.
Палуба «A» даўжынёй 150 м амаль уся прызначалася для пасажыраў 1-й клясы. Палуба «B» перарывалася ў насавой частцы, дзе ўтварала адкрытую прастору над палубай «C», а затым працягвалася ў выглядзе 37-мэтровай насавой надбудовы з абсталяваньнем для абслугоўваньня якараў і швартоўнай прыладай. У пярэдняй частцы палубы «C» месьціліся якарныя лябёдкі для 2 галоўных бартавых якараў. Тамсама знаходзіўся камбуз і страўня для матросаў і качагараў. За насавой надбудовай разьмяшчалася шпацырная (міжнадбудоўная) палуба для пасажыраў трэцяга класа даўжынёй 15 м. На палубе «D» была яшчэ адна, ізаляваная, шпацырная палуба 3-й клясы. Па ўсёй даўжыні палубы «Е» ішлі каюты пасажыраў 1-й і 2-й клясаў, а таксама каюты сьцюардаў і мэханікаў. У першай частцы палубы «F» разьмяшчаліся 64 каюты пасажыраў 2-га класа і асноўныя жылыя памяшканьні пасажыраў 3-га, якія цягнуліся на 45 м і якія займалі ўсю шырыню лайнэра. Тут было 2 вялікія салёны, страўня пасажыраў 3-й клясы, суднавыя пральні, басэйн і турэцкія лазьні.
Палуба «G» ахоплівала толькі насавую і кармавую часткі, між якімі месьцілася кацельнае аддзяленьне. Насавая частка палубы даўжынёй 58 м была на 2 м вышэй за ватэрлінію. Да цэнтру лайнэра яна паступова паніжалася і на процілеглым канцы была ўжо на ўзроўні ватэрлініі. Тут было 26 каютаў для 106 пасажыраў 3-й клясы, Астатнюю плошчу займалі багажнае аддзяленьне для пасажыраў 1-й клясы, суднавая пошта і зала для гульні ў мяч. За насавой часткай палубы месьціліся бункеры з вугалем, якія займалі 6 воданепранікальных адсекаў вакол комінаў, за імі ішлі 2 адсекі з параправода поршневых паравых машынаў і турбіннае аддзяленьне. Далей ішла кармавая частка палубы даўжынёй 64 м са складамі, каморы і 60 каютаў для 186 пасажыраў 3-й клясы, якая знаходзілася ўжо ніжэй за ватэрлінію.
У пярэдняй частцы шлюпачнай палубы знаходзіўся хадавы масток, аддалены ад носа на 58 м. На мастку месьцілася хадавая рубка са штурвалам і компасам. Адразу за ёй было памяшканьне, дзе захоўваліся навігацыйныя мапы. Справа ад рулявой рубкі былі штурманская высечка, каюта капітана і частка каютаў афіцэраў. Зьлева — астатнія каюты афіцэраў. Ззаду ад іх, за пярэдняй трубой, была рубка радыётэлеграфіі і каюта радыста. У пярэдняй частцы палубы «D» месьціліся жылыя памяшканьні для 108 качагараў. Асаблівы вінтавы трап злучаў гэтую палубу непасрэдна з кацельнямі, каб качагары маглі сыходзіць на працоўныя месцы і вяртацца без праходу ўздоўж каютаў або салёнаў для пасажыраў. У пярэдняй частцы палубы «Е» знаходзіліся жылыя памяшканьні для 72 грузчыкаў і 44 матросаў. У пярэдняй частцы палубы «F» разьмяшчаліся ў кубрыку 53 качагары 3-й зьмены. На палубе «G» знаходзіліся памяшканьні для 45 качагараў і змазчыка. На судне быў паштамт і склад на палубах «F» і «G», дзе працавалі 5 паштовых работнікаў. Перад назовам карабля ўжываўся скарот «RMS», які абазначаў Каралеўскае паштовае судна (КПС; анг. Royal Mail Ship).
Лайнэр меў 4 трубы, дыямэтар кожнай зь якіх быў 7,3 м, вышыня — 18,5 м. Тры першыя адводзілі дым з топак катлоў. Чацьвёртая, разьмешчаная над адсекам турбіны, выконвала функцыі выцяжнога вэнтылятара. Да яе быў падведзены комін для суднавых кухняў.
Адна мачта знаходзілася на карме, другая — на паўбаку. Кожная была сталёвай зь верхняй часткай зь ціка. На пярэдняй, на вышыні 29 м ад ватэрлініі, разьмяшчалася марсавая пляцоўка («крумкачовае гняздо»), дабрацца да якой можна было па ўнутраным мэталічным трапе.
Магутнасьць 2 паравых машынаў і турбіны складала 46 тыс. конскіх сілаў. Турбіна месьцілася ў 5-м воданепранікальным адсеку ў кармавой частцы лайнэра. У наступным адсеку, бліжэй да носа, месьціліся 2 паравыя машыны. Іншыя 6 адсекаў былі занятыя 24 двухпраточнымі і 5 аднапраточнымі катламі, якія выпрацоўвалі пару для галоўных машынаў, турбіны, генэратараў і дапаможных мэханізмаў. Дыямэтар кожнага катла быў 4,79 м. Даўжыня двухпраточных была роўная 6,08 м, аднапраточных — 3,57 м. У кожнага двухпраточнага катла было 6 топак, а ў аднапраточнага — 3. «Тытанік» меў 4 дапаможныя машыны з генэратарамі магутнасьцю па 400 кіляватаў, якія выпрацоўвалі электрычнасьць напругай у 100 вольт. Побач зь імі былі яшчэ 2 30-кіляватных генэратары. Пара высокага ціску з катлоў ішла ў 2 паравыя машыны трайнога пашырэньня, якія круцілі бакавыя шрубы. З машынаў пара далей паступала ў турбіну нізкага ціску, якая даводзіла ў рух сярэдні вясьлярны шруб. З турбіны адпрацаваная пара трапляла ў кандэнсатары, адкуль прэсная вада ішла назад у катлы па замкнёным цыкле.
Да разьмеркавальнай сеткі было падключана 10 000 лямпачак і 562 электраабагравальнікі, галоўным чынам у каютах 1-й клясы, 153 электрарухавікі, у тым ліку электрапрывады для 8 кранаў агульнай грузападымальнасьцю 18 тонаў, 4 грузавыя лябёдкі грузападымальнасьцю 750 кг, 4 ліфты на 12 чалавек кожны. Электрычнасьць таксама спажывалі тэлефонная станцыя і радыёсувязь, вэнтылятары ў кацельным і машынным аддзяленьнях, апараты ў гімнастычнай зале, дзясяткі машынаў і прыбораў у кухнях, у тым ліку халадзільнікі.
Тэлефонны камутатар абслугоўваў 50 лініяў. Магутнасьць асноўнага радыёперадавальніка складала 5 кіляват. Сілакаваньне паступала да яго ад электрагенэратара. Другі, аварыйны радыёперадавальнік, сілкаваўся ад акумулятараў. Між 2 мачтамі былі нацягнутыя 4 антэны даўжынёй да 75 м. Гарантаваная далёкасьць праходжаньня радыёсыгналу складала 250 міляў. Днём пры спрыяльных умовах магчымая была сувязь на адлегласьці да 400 міляў, а ўначы — да 2000.
Радыёабсталяваньне паступіла на борт 2 красавіка 1911 г. ад фірмы «Марконі», якая манапалізавала радыёпрамысловасьць Ангельшчыны і Італіі. Два маладых афіцэры-радысты за дзень сабралі і ўсталявалі станцыю. Для праверкі правялі сувязь зь берагавой станцыяй у Мэлін Хэд, на паўночным узьбярэжжы Ірляндыі, і зь Лівэрпулем. 3 красавіка ўсталявалі сувязь з востравам Тэнэрыфэ на адлегласьці 2000 міляў і з Порт-Саідам у Эгіпце (3000 міль). У студзені 1912 «Тытаніку» прысвоілі радыёпазыўны «MUC». Пазьней яго замянілі на «MGY», які раней належаў амэрыканскаму судну «Ель». «Марконі» ўвяла свой уласны радыёпазыўны, які пачынаўся на літару «М» без уліку разьмяшчэньня і краіны прыпіскі судна, бо мела манаполію.
Паводле Брытанскага кодэкса гандлёвага мараплаўства ад 1894 г., узалежнена ад танажу параход меў 20 ратавальных шлюпак для пасадкі 1178 чалавек, то бок для 30% людзей на борце ад плянавай загрузкі. З 16 4-веславых драўляных шлюпак 14 маглі ўзяць па 65 чалавек. Яшчэ 2 дзяжурныя драўляныя шлюпкі каля капітанскага мастка мелі зьмяшчальнасьць па 40 чалавек. Апошнія 4 складныя шлюпкі маглі ўзяць па 47 чалавек (14*65 + 2*40 + 4*47 = 1178).
У першым плаваньні лайнэра ўдзельнічаў шэраг тагачасных знакамітасьцяў Ангельшчыны і ЗША: амэрыканскі прамысловец Джон-Джэкаб Астар 4-ы, бізнэсмэн Бэнджамін Гугэнхайм, уладальнік ўнівэрмага «Мэйсіз» Ісідор Штраўс, мільянерка Маргарэт Браўн, якая атрымала пасьля крушэньня судна мянушку «непатапляльная», мадэльерка Люсі Дафф-Гордан, гулец у крыкет Джон Таер, брытанскі журналіст Ўільям-Томас Стыд, графіня Роцкая, ваенны памочнік прэзыдэнта ЗША Арчыбальд Бат, кінаакторка Дораці Гібсан.
З 1890 г. Гідралягічныя служба ЗША рабіла справаздачы аб руху айсбэргаў на поўначы Атлянтычнага акіяна. Ільды звычайна адкалываліся ад ледавікоў на захадзе Грэнляндыі і ад ледзяных палёў Арктычнага акіяна, таксама каля канадзкіх берагоў вострава Ньюфаўндлэнд, паўвострава Лябрадор (паўвостраў) і ў заліве сьвятога Ляўрэнція.
У 1898 г. параходныя прадпрыемствы заключылі пагадненьне аб усталяваньні 2 церазатлянтычных шляхоў на поўдзень ад Ньюфаўндлэнда, каля якога частымі былі туманы і айсбэргі. Маршруты на захад і ўсход знаходзіліся адзін ад аднога на адлегасьці да 50 міляў. Зь сярэдзіны студзеня па сярэдзіну жніўня, у час найбольшай лядовай пагрозы, параходы рухаліся па Паўднёвым маршруце. У астатні час выкарыстоўвалі Паўночны шлях. Такі парадак дазваляў зьменшыць верагоднасьць сустрэчы зь ільдамі. На пачатку 1912 г. Гідралягічная служба ЗША прапанавала перанесьці шлях далей на поўдзень у сувязі з ростам ліку айсбэргаў, што вырашылі зрабіць ужо пасьля кружэньня «Тытаніка».
Серада, 10 красавіка 1912 г.
Чацьвер, 11 красавіка 1912 г.
Нядзеля, 14 красавіка 1912 г.
Наперадгледзячы Фрэдэрык Фліт (1887-1965) распазнаў айсбэрг у лёгкай смузе безь бінокля. У дзень адплыцьця 2- памочнік капітана Дэвід Блэр у сьпешцы забыўся перадаць ключ ад сэйфа зь біноклямі 1-му памочніку Гэнры Ўайлду з адпаведнага судна «Алімпік», які замяніў яго на пасадзе. Разам з тым, афіцэры на мастку мелі біноклі і заўважылі айсбэрг пазьней. Наперадгледзячы Фліт адразу папярэдзіў «перад намі — лёд» і тройчы ўдарыў у звон, што азначала перашкоду прама па курсе. Пасьля гэтага Фліт патэлефанаваў на капітанскі масток. Шосты памочнік Джэймз Мудзі, які знаходзіўся на мастку, зьняў трубку амаль імгненна і пачуў выкрык «лёд прама па носе» (анг. «Ice right ahead»). Мудзі паўтарыў папярэджаньне вахтаваму афіцэру Ўільяму Мэрдаку. Той кінуўся да тэлеграфу, паставіў яго ручку на «стоп» і крыкнуў «права на борт». Адначасова Мэрдак перадаў у машыннае аддзяленьне загад «поўны назад», націснуў рычаг закрыцьця воданепранікальных дзьвярэй у пераборках кацельняў і машынным аддзяленьні. Паводле ангельскай тэрміналёгіі 1912 г. каманда «права руля» азначала паварот кармы судна направа, а носа — налева. Рулявы Робэрт Хічэнс (1882-1940) налёг на рукаятку штурвальнага кола і хутка павярнуў яго супраць гадзіньнікавай стрэлкі да ўпора, пасьля чаго Мэрдаку далажылі «руль направа».
Капітан Эдвард-Джон Сьміт загадаў, каб у шлюпкі садзіліся «спачатку жанчыны і дзеці». Другі памочнік капітана Чарлз Лайтолер (1874-1952) загадваў спускам шлюпак зь левага борта і дазваляў мужчынам займаць месцы ў шлюпках толькі ў якасьці весьляроў. Першы памочнік Мэрдак з правага борта дазваляў мужчынам садзіцца ў шлюпкі, калі жанчыны і дзеці адсутнічалі ў чарзе. У першай шлюпцы занялі 12 з 40 месцаў. У шэраг наступных шлюпак матросы пасадзілі па 20 пасажыраў у якасьці засьцярогі ад перагрузу. Тады галоўны інжынэр карабля Томас Эндрус пераканаў каманду ў разьлічанасьці кожнай шлюпкі на 65 чалавек, калі ў выніку праверкі шлюпка вытрымала вагу 70 дарослых мужчынаў. Лодкі сталі запаўняцца лепш. У 16-й драўлянай шлюпцы занялі 44 з 65 месцаў, бо ў ёй ратаваліся пасажыры 1-й клясы. Трыма складнымі шлюпкамі скарысталіся некаторыя афіцэры, у тым ліку Чарлз Лайтолер. 20-ю шлюпку (4-ю складную) змыла за борт, калі пярэдняя частка парахода сышла пад ваду, і яна плавала перавёрнутай.
Панядзелак, 15 красавіка 1912 году
Чацьвер, 18 красавіка 1912 г.
Радыст на параходзе «Каліфарніец» лёг спаць за некалькі хвілінаў да таго, як быў пасланы сыгнал SOS з «Тытаніка», і быў разбуджаны толькі а 3:30 раніцы. Пакуль той спаў, капітан карабля «Каліфарніец» (анг. Californian) Стэнлі Лорд цягам 2 гадзінаў бязьдзейна назіраў за сыгнальнымі ракетамі, які абазначалі бедзства на «Тытаніку».
Бліжэйшы карабель «Карпатыя» ўратаваў на 13 шлюпках 711 чалавек, то бок на 467 менш за разьлічаныя 1178 месцаў у 20 шлюпках. Мужчыны з каманды занялі частку месцаў амаль ва ўсіх шлюпках, у сярэднім па 10 чалавек з экіпажа на 1 шлюпку. Уратавалася 24% ад ліку экіпажа і 25% пасажыраў 3-й клясы. Насуперак загаду капітана сярод большасьці пасажыраў на «Тытаніку» засталося некалькі дзясяткаў дзяцей і звыш 100 жанчынаў. З вады ў шлюпкі жывымі падабралі 6 чалавек. Нізкай выжывальнасьці пасажыраў 3-й клясы паспрыяла закрыцьцё дзьвярэй праходу зь ніжніх палубаў. Выратаваліся амаль усе жанчыны і дзеці з каютаў 1-й і 2-й клясаў. Сярод жанчынаў і дзяцей з каютаў 3-й клясы выжыла менш за палову, бо ім было цяжка знайсьці шлях наверх у спалучэньні вузкіх калідораў. Агулам ацалела 323 мужчыны (20%) і 331 жанчына (75%), у тым ліку знакамітасьці: Віялета Джэсап, Дораці Гібсан, Молі Браўн, Люсі Дафф-Гордан і графіня Роцкая. У траўні 2006 году ва ўзросьце 99 гадоў памерла апошняя амэрыканка-відавочца, якая выжыла пры крушэньні «Тытаніка». Швэдка паводле паходжаньня Лільяна-Гэртруда Асплюнд (швэд. Lillian Gertrud Asplund), якой падчас крушэньня было 5 гадоў, страціла ў ёй бацьку і 3 братоў. Выжылі яе маці і брат, якому тады было 3 гады. Яны былі пасажырамі 3-й клясы і выратаваліся ў шлюпцы № 15. Асплюнд была апошняй, хто памятаў пра тое, як адбылося бедзтва, аднак пазьбягала публічнасьці і рэдка казала пра гэту падзею. Апошняя з пасажыраў «Тытаніка», Мілвіна Дын, якой на момант патапленьня лайнэра было 2 з паловай месяцы, сканала 31 траўня 2009 году ва ўзросьце 97 гадоў.
Сярод пасажыраў адзінага рэйсу «Тытаніка» была прынамсі адна ўраджэнка Беларусі, у сьпісах яе імя — Джэні Дропкін (Jennie Dropkin), 24 гады, родны горад — Магілёў. Яна села на борт у Саўтгэмптане і сьледвала да Нью-Ёрку. Ёй атрымалася выжыць у катастрофе, яна выратавалася на шлюпцы нумар 13. Акрамя гэтага на борце было пяць пасажыраў з габрэйскімі імёнамі, чыя краіна паходжаньня пазначаная як «Расея», але гарады не вядомыя. Яны маглі паходзіць з рысы аселасьці, у тым ліку зь Беларусі.
31 сакавіка 2012 г. побач з былым партовым докам Бэлфаста (Паўночная Ірляндыя) адчынілі 6-павярховы музэй у выглядзе носу карабля, які складаецца з 9 галерэяў, прысьвечаных «Тытаніку».
Тытанік — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Тытанік, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.