Малюскі, або мяккацелыя ці мяккуны (Mollusca; ад лац.
Molluscus — «мякенькі») — тып цэламічных жывёлаў са сьпіральным драбненьнем. Традыцыйна адносяць да першаснаротых жывёлаў. На сёньняшні дзень у складзе тыпу Mollusca налічваюць больш за 150 000 відаў. Малюскі асвоілі практычна ўсе асяродзьдзі пражываньня: марскія і прэснаводнай вадаёмы, сушу. У асноўным гэта вольнажывучыя арганізмы, але таксама ў іх складзе ёсьць некаторая колькасьць паразытычных формаў.
Малюскі | |
Карыбскі кальмар | |
Клясыфікацыя | |
---|---|
Царства | Жывёлы |
Тып | Малюскі |
Бінамінальная намэнклятура | |
Mollusca | |
Даўжыня малюскаў складае ад 1,1 мм (смоўж Гарацыюса) да 2,5 м (трыдакна). Цела двухбакова-сымэтрычнае, у большасьці відаў укрыта ракавінай — двухстворкавай, сьпіральнай, суцэльнай ці з 8 пласьцінак (у некаторых відаў рэдукаваныя). Ракавіна мае рогавы, прызматычны і пэрлямутравы слаі. Галава, якая ў некаторых відаў выяўлена слаба або адсутнічае, мае вочы, шчупальцы і ротавую адтуліну. Тулава ўтварае складку, гэтак званую мантыю, якая выдзяляе рэчывы ракавіны. Паміж мантыяй і тулавам у мантыйнай поласьці знаходзяцца шчэлепы, органы хімічнага адчуваньня, раўнавагі і іншага. Цяглічны выраст пузавай сьценкі ўтварае нагу — орган перамяшчэньня. Пераважна разьдзельнаполыя.
Пашыраны ўсюды, жывуць у морах, саланаватых і прэсных водах, на сушы. На Беларусі маецца больш за 60 відаў з клясаў двухстворкавых і чэраваногіх малюскаў, належаць да палеарктычнай фаўны. Жывуць на дне вадаёмаў і на расьлінах. Кормяцца водарасьцямі, дэтрытам, большасьць лёгачных малюскаў сілкуюцца зялёнымі часткамі расьлінаў. Сярод іх маюцца драпежнікі.
Ядомыя малюскі (вустрыцы, грабеньчыкі, васьміногі, кальмары, мідыі, ахаціны, смаўжы вінаградныя і іншыя) — аб’екты промыслу і аквакультуры. Са старажытнасьці ракавіны малюскаў выкарыстоўваліся ў якасьці грошай, у культавых рытуалах, як упрыгожаньні і ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Таксама малюскі зьяўляюцца крыніцай каштоўных матэрыялаў, у прыватнасьці пэрлямутру, жэмчугу, пурпуру, зь якіх вырабляюць каштоўныя ўпрыгажэньні і іншыя прадметы раскошы. Разам з тым некаторыя мяккуны зьяўляюцца сельскагаспадарчымі шкоднікамі, а некаторыя могуць непасрэдна пагражаць здароўю і жыцьцю чалавека. Адначасова многія віды мяккуноў, пераважна наземных і прэснаводных, апынуліся перад пагрозай вымірання з-за дзейнасьці чалавека і знаходзяцца пад аховай.
У папулярнай культуры сьлімакі зьяўляецца сымбалем марудлівасьці, а гіганцкія галаваногія натхнялі старажытных мараплаўцаў і сучасных аўтараў на апавяданьні аб марскіх пачварах.
Гэта — накід артыкула па заалёгіі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Малюскі, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.