У гістарыяграфіі паўстаньню 1863—1864 гадоў і асобе ягонага кіраўніка на літоўскіх (беларускіх) землях Вінцэнту Канстанціну (Кастусю) Каліноўскаму прысьвячаецца шматлікая і ў той жа час даволі супярэчлівая літаратура.
Важная крыніца з гэтай праблемы — працы ўдзельнікаў і сучасьнікаў паўстаньня, апублікаваныя ў апошняй трэці ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў. У беларускай гістарыяграфіі гэтая праблема ў розныя часы грунтоўна разглядалася Ўсеваладам Ігнатоўскім, Анатолем Сьмірновым, Міхасём Бічам, Генадзем Кісялёвым, Алесем Смаленчуком і іншымі дасьледнікамі. Вынікам чаго стала вылучэньне наступных гістарычных фактаў, якія сьведчаць пра безумоўны беларускі нацыянальны выбар Кастуся Каліноўскага:
Станаўленьне беларускай гістарыяграфіі датычна паўстаньня Кастуся Каліноўскага адбылося ў 1920-я гады. У папулярнай літаратуры таго часу (у прыватнасьці, у Вацлава Ластоўскага) Каліноўскі характарызуецца як нацыянальны герой, першы беларускі рэвалюцыянэр і кіраўнік сялянскага антыабшарніцкага паўстаньня.
Першы сур’ёзны навуковы аналіз падзеяў паўстаньня і поглядаў Кастуся Каліноўскага быў зроблены ў артыкулах і манаграфіі Ўсевалада Ігнатоўскага. Ён ахарактарызаваў паўстаньне як буржуазна-дэмакратычнае, а Каліноўскага — як беларускага рэвалюцыянэр-дэмакрата, ідэоляга левых «чырвоных», які ў вызначаных пытаньнях мусіў ісьці на кампраміс з правым крылом «белых». У той жа час савецкі гісторык Самуіл Агурскі ў сваёй кнізе «Нарысы па гісторыі рэвалюцыйнага руху на Беларусі (1863—1917)» заяўляў, што паўстаньне 1863—1864 гадоў зладзілі польскія абшарнікі і каталіцкае духавенства і яно праходзіла пад польскімі шавіністычнымі лёзунгамі. Аўтар назваў Каліноўскага «мітычным героем» і «польскім шавіністам», што фактычна было паўтарэньнем тэзаў расейскіх манархістаў.
Па згортваньні палітыкі беларусізацыі Кастусь Каліноўскі ў афіцыйнай гістарыяграфіі БССР ацэньваўся як рэакцыйны дзеяч, ранейшае ўзьвялічваньне асобы беларускага рэвалюцыянэра было ацэненае як «нацыяналістычная фальсыфікацыя беларускай гісторыі».
У той жа час Каліноўскага пазытыўна ацэньвалі прадстаўнікі ўсіх заходнебеларускіх палітычных плыняў. Некалькі працаў прысьвяціў Кастусю Каліноўскаму адзін зь лідэраў беларускай хрысьціянскай дэмакратыі ксёндз Адам Станкевіч. Увогуле, беларускія хрысьціянскія дэмакраты ў 1933 годзе ўрачыста адзначылі юбілейныя даты, зьвязаныя з жыцьцём Каліноўскага.
Ва Ўсходняй Беларусі пра Каліноўскага ўспомнілі ўжо ў часы нямецка-савецкай вайны. Кастусь Каліноўскі, дзякуючы вершу Петруся Броўкі 1943 году, робіцца зборным вобразам беларускага партызана-антыфашыста, народнага мсьціўцы.
Асобная старонка ў вяртаньні імя Каліноўскага — дзейнасьць партызанскай брыгады, названай у гонар беларускага рэвалюцыянэра. Брыгада імя Кастуся Каліноўскага пад кіраўніцтвам ленінградзкага інжынэра камбрыга Вайцяхоўскага была адным з найактыўнейшых партызанскіх злучэньняў на Гарадзеншчыне і Беласточчыне ў другой палове 1943-га — 1944 годзе.
У паваенны пэрыяд значны ўнёсак у распрацоўваньне гісторыі паўстаньня і навуковай біяграфіі Кастуся Каліноўскага зрабілі беларускія гісторыкі Ўладзімер Перцаў, Анатоль Сьмірноў, Іван Лушчыцкі, Генадзь Кісялёў, Сусана Самбук. Яны зрабілі высновы пра варожасьць Кастуся Каліноўскага польскаму шляхоцкаму нацыянальна-вызваленчаму руху і непрызнаньні рэвалюцыянэрам кіроўнай ролі Варшаўскага камітэту і ягонай праграмы. Каліноўскага ахарактарызавалі як стваральніка вольнага беларускага друку і найвыдатнейшага прадстаўніка перадавой грамадзкай думкі Беларусі XIX стагодзьдзя. Разам з тым адпрэчвалася прызнаная ў першыя пасьляваенныя гады наяўнасьць у праграме Кастуся Каліноўскага лёзунгаў за дзяржаўную самастойнасьць Літвы (Беларусі), сьцьвярджалася, што Каліноўскаму яго прыпісалі «ідэолягі самадзяржаўя і польскія нацыяналісты».
З увядзеньнем у навуковы ўжытак шматтомнага збору дакумэнтаў і матэрыялаў, прысьвечаных паўстаньню, адбылося істотнае ўдакладненьне зробленых раней высноваў. Так, гісторык Анатоль Сьмірноў прызнаў і станоўча ацаніў пастаноўку Кастуся Каліноўскім пытаньня пра ўтварэньне самастойнай Літоўскай рэспублікі. Аднак у 2-м томе «Гісторыі Беларускай ССР» (Менск, 1972) пазыцыі беларускіх рэвалюцыйных дэмакратаў у нацыянальным пытаньні напярэдадні і ў час паўстаньня не згадваліся. Адначасна з гэтымі працэсамі, у публікацыях 1960-х гадоў сфармавалася іншае меркаваньне. Так, Міхаіл Міско заявіў, што Кастусь Каліноўскі разглядаў Беларусь як частку Польшчы і цалкам падзяляў праграму польскага паўстанцкага ўраду, якая прадугледжвала ўлучэньнем літоўскіх (беларускіх) земляў у склад Польскай дзяржавы і захаваньне абшарніцкага землеўладаньня. Пры гэтым Міхаіл Міско цалкам праігнараваў вядомыя факты, якія сьведчаць пра востры канфлікт Каліноўскага і Віленскага паўстанцкага цэнтру ў цэлым з варшаўскім Цэнтральным нацыянальным камітэтам.
На цяперашнім гістарычным этапе агульнавызнаным ёсьць той факт, што гэты канфлікт зьявіўся вынікам неадпаведнасьці поглядаў Кастуся Каліноўскага і праграмы Варшаўскага цэнтральнага камітэту. У адрозьненьне ад праграмы Варшаўскага камітэту, Каліноўскі выступаў за самастойнасьць літоўскіх (беларускіх) земляў і рэвалюцыйна-дэмакратычныя шляхі разьвязаньня аграрнага пытаньня. Заснаваны на гістарычных дакумэнтах довад такога тлумачэньня канфлікту прывёў доктар гістарычных навук, прафэсар Міхась Біч. Гісторык паказвае на тое, што ў кнізе падначаленага Мураўёву-вешальніку расейскага генэрал-маёра В. Ратча, які мог карыстацца ўсімі дакумэнтамі сьледзтва, адзначаецца наступнае:
Каліноўскі «настойліва праводзіў ідэю самастойнасьці Літвы», яго партыя «вырашыла канчаткова пазбавіцца ад варшаўскай апёкі». «Каліноўскі, — пісаў Ратч, — прымаў на сябе дыктатуру. Варшаўскі ўрад павінны быў <…> атрымаць паведамленьне, што Літва — самастойная дзяржава». Паводле Ратча, посьпех паўстаньня Каліноўскі ў вызначальнай ступені зьвязваў з актыўным удзелам у ім сялянскіх масаў, з стварэньнем сялянскай арганізацыі і ў зьвязку з гэтым выступаў за перадачу ўсёй зямлі сялянству. На шляхту ён не спадзяваўся і выказваўся за ліквідацыю «гэтай гнілой і разбэшчанай касты»
Далей Міхась Біч пасьлядоўна прыводзіць аналягічныя меркаваньні пра Кастуся Каліноўскага сакратара Варшаўскага ўраду Юзэфа Яноўскага і лідэра літоўскіх (беларускіх) «белых» Якуба Гейштара:
Каліноўскі «не жадаў мець ніякага дачыненьня да шляхты, а абапіраўся толькі на народ. Сувязь Літвы з Польшчай разумеў толькі як фэдэрацыйную — з поўнай незалежнасьцю Літвы. Не вызнаваў спаўна ўладу Цэнтральнага камітэту, не жадаў прымаць адтуль ніякіх загадаў або даручэньняў. Гэтая пазыцыя Каліноўскага, якую ня ўсё ў Камітэце (ЛПК — Міхась Біч) цалкам падзялялі, была падставай для непаразуменьняў»
«Гэта была натура запальчывая, але справядлівая, без аніякага ценю крывадушнасьці. Адданы душою і сэрцам народу, аднак прыхільнік крайніх рэвалюцыйных тэорыяў, які не спыняўся нават перад распачынаньнем грамадзянскай вайны і думаў, да таго ж пра самастойнасьць Літвы. Быў непараўнальным, узорным кансьпіратарам, душою Камітэту… Пры першым знаёмстве давёў мне, што ўдзел шляхты і абшарнікаў у паўстаньні ня толькі не патрэбны, але і шкодны. Народ сам заваюе сабе волю і запатрабуе ўласнасьць у абшарнікаў»
Міхась Біч паказвае на тое, што крайняе абвастрэньне дачыненьняў паміж ЛПК і ЦНК у канцы 1862 году засьведчыў сябра ЦНК Оскар Авэйдэ ў сваіх паказаньнях сьледчай камісіі ў студзені 1865 году. У прыватнасьці, ён спаслаўся на факты выдаленьня з складу ЛПК варшаўскага камісара Нестара Дзюлерана, а потым і яго пераемніка, адзначыў цьвёрдасьць і рашучасьць, зь якой ЛПК патрабаваў раўнапраўя ва ўзаемадачыненьнях з Варшавай і перадачы ў падначаленьне Вільні Беластоцкага ваяводзтва. Менавіта Авэйдэ на даручэньне ЦНК вёў перамовы пра статус з упаўнаважанымі ЛПК Эдмундам Вярыгам, а потым — з Баляславам Длускім. Першы зь іх пайшоў на прынцыповыя саступкі і пагадзіўся з статутам, паводле якой Вільні трапляла ў поўнае падначаленьне Варшаве. Толькі ў пытаньні пра тэрмін паўстаньня згода літоўскага прадстаўніка ў ЦНК была абавязковай. У іншым выпадку Літва не абавязвалася прыняць прызначаны ў Варшаве тэрмін. ЛПК адхіліў гэтую дамову і паслаў для перамоваў у Варшаву Б. Длускага. «Па нейкай сьляпой цьвёрдасьці і яго і камітэту віленскага ў гэтых неабгрунтаваных, на наш погляд, патрабаваньнях, — адзначаў Авэйдэ, — я, нягледзячы на ўсе мае высілкі, на ўсе магчымыя саступкі з боку Цэнтральнага камітэту, не пасьпеў прыйсьці да дамовы з Длускім на працягу цэлых двух або трох тыдняў. Гэтая акалічнасьць была сапраўднай вялікай шкодай для рэвалюцыі, таму што да самога моманту паўстаньня [дамовы] паміж Вільняй і Варшавай не адбылося».
Падобныя меркаваньні пра прычыны канфлікту пашыраныя ў польскай і летувіскай гістарыяграфіі. У прыватнасьці, іх прытрымліваліся В. Пшыбароўскі, А. Янулайціс, В. Кардовіч, К. Канкалеўскі, З. Кеневіч, рэдакцыя Польскага біяграфічнага слоўніка і іншыя гісторыкі. Аднак гісторык Аляксандар Гронскі, ігнаруе гэтыя факты і прапануе сваё тлумачэньне канфлікту — падзел грашовых сфэраў уплыву і асабовыя амбіцыі Кастуся Каліноўскага. Як відаць з папярэдніх довадаў, гэтае меркаваньне ёсьць выняткова каньюктурным і ня мае нічога агульнага з гістарычнай праўдай.
У польскай, расейскай (у тым ліку савецкай) гістарыяграфіі паўстаньне 1863—1864 гадоў у Літве (Беларусі), Польшчы і Жамойці традыцыйна вызначаецца як польскае. Тым самым ігнаруюцца істотныя яго асаблівасьці ў літоўскім (беларускім) рэгіёне і ў першую чаргу факт, што напярэдадні і ў час паўстаньняў упершыню досыць выразна выявілася плынь беларускага нацыянальна-вызваленчага руху на чале з Кастусём Каліноўскім. Зыходзячы з гэтага ў шэрагу публікацыяў беларускіх гісторыкаў яно ў дачыненьні да тэрыторыі Літвы (Беларусі) не завецца польскім. Гэты пастулят, аднак, адмаўляецца некаторымі расейскімі публіцыстамі, якія спасылаюцца на насьцярожанасьць беларускіх сялянаў у дачыненьні да паўстанцаў.
У сваю чаргу гісторык Міхась Біч паказвае на тое, што недавер беларускіх сялянаў быў выкліканы фактам падтрымкі паўстаньня мясцовымі польскімі абшарнікамі, абмежаванасьцю праграмы яго кіраўнікоў і лёзунгам узнаўленьня польскай дзяржавы. Апроч таго, Міхась Біч робіць выснову, што на падтрымку паўстаньня сярод сялянства паўплывалі хлусьлівыя чуткі, якія пашыралі ўлады Расейскай імпэрыі, у тым ліку Урадавы сынод (Маскоўская царква) — «нібы польскія абшарнікі паўсталі супраць маскоўскага гаспадара за тое, што ён вызваліў сялянаў з прыгону і імкнуцца аднавіць прыгонны лад». На антыбеларускую пазыцыю Маскоўскай царквы таксама паказвае і гісторык Анатоль Грыцкевіч: «Праваслаўным сялянам сталі настойліва даводзіць, што яны „праўдзівыя расейцы і павінны дапамагчы разграміць гэты польскі мяцеж“. Раздалі стрэльбы — і беларусы прыняліся страляць беларусаў». Істотна паўплывалі на сялянаў і тыя зьмены ў рэалізацыі рэформы 19 лютага, на якія ўлада пайшла ў зьвязку з паўстаньнем.
У 2000-я гады некаторыя зьвязаныя з рэжымам Лукашэнкі гісторыкі (Аляксандар Гронскі і Якаў Трашчанок) разам з прарасейскімі шавінісцкімі публіцыстамі спрабавалі рэанімаваць старыя тэарэтычныя палажэньні савецкага гісторыка Самуіла Агурскага пра польскі характар паўстаньня 1864 году і разьвянчаць «міт» пра Кастуся Каліноўскага. Падобныя публікацыі, скіраваныя на ачарненьне постаці знакамітага беларускага рэвалюцыянэра і, увогуле, беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, відавочна, былі праявай палітыкі асобных людзей, што ўзначальвалі Беларусь на адпаведным гістарычным этапе. «Навуковая» і грамадзкая матывацыя гэтых памкненьняў тлумачыца шырокім выкарыстаньнем імя Кастуся Каліноўскага ў шэрагах беларускай дэмакратычнай апазыцыі.
Апошняй і найбольш вядомай публікацыяй падобнага кшталту быў артыкул Аляксандра Гронскага «Кастусь Калиновский: конструирование героя», надрукаваны ў дзяржаўным грамадзка-палітычным часопісе «Беларуская думка», які ў той час ачоліў Вадзім Гігін, заўзяты прыхільнік Мураўёва-вешальніка.
Константин Калиновский с настроением герценовской школы во главе честолюбивейших личностей из красных литвинов настойчиво проводил идею о самостоятельности Литвы.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Кастусь Каліноўскі ў гістарыяграфіі, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.