27°35′39″ у. д. / 53.88361° пн. ш.
27.59417° у. д.
Рух «За Свабо́ду» — праваабаронча-асьветніцкае грамадзкае аб’яднаньне Беларусі, заснаванае ў сакавіку 2006 году.
Рух «За свабоду» | |
Лягатып | |
Абрэвіятура | РЗС |
---|---|
Папярэднік | Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы Беларусі |
Дата ўтварэньня | 25 сакавіка 2006 (18 гадоў таму) |
Тып | праваабаронча-асьветніцкае |
Юрыдычны статус | грамадзкае аб’яднаньне |
Мэта | абарона правоў і свабодаў чалавека |
Штаб-кватэра | Менск, Ленінскі раён, Партызанскі прасп., д. 23а |
Дзейнічае ў рэгіёнах | Беларусь |
Афіцыйныя мовы | беларуская |
Старшыня | Юры Губарэвіч |
1-я намесьніца | Галіна Скараход |
Намесьнікі | Юры Меляшкевіч, Кірыл Стаселька |
Асноўныя асобы | Аляксандар Мілінкевіч, Аляксандар Сілкоў, Віктар Янчурэвіч |
Кіроўны орган | Рада |
Колькасьць валянтэраў | 1500 (2009 г.) |
Сайт | pyx.by/bel |
Паводле пункту 2.4 Статуту, Рух «За свабоду» дзейнічае наступнымі спосабамі:
З 2008 году Рух «За свабоду» штогод прысуджае Прэмію «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава. Яе ляўрэатамі станавіліся: пісьменьнікі Рыгор Барадулін і Ўладзімер Арлоў, старшыня БХД Павал Севярынец, мастак Алесь Пушкін, краязнаўца Ада Райчонак, паэт Уладзімер Някляеў, сьпевакі Лявон Вольскі і Алесь Белакоз, сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч і мастак Алесь Марачкін, бард Віктар Шалкевіч, паэт Ніл Гілевіч і рэжысэр Валер Мазынскі. Таксама штогод Рух ладзіць летнік у Летуве або Польшчы і праводзіць сустрэчы эўрапейскіх клюбаў ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі ў падтрымку інтэграцыі ў Эўрапейскі Зьвяз. Падчас выбараў Рух ладзіць назіраньне «Права выбару» супольна зь іншымі грамадзкімі аб’яднаньнямі.
У траўні 2020 году была афіцыйна зарэгістраваная ініцыятыўная група па вылучэньні Юрася Губарэвіча ў прэзыдэнты.
Стратэгічнымі мэтамі Руху «За Свабоду» зьяўляюцца абарона правоў і свабодаў чалавека, а таксама асьвета грамадзян у гэтай сфэры, свабодныя выбары ў Беларусі, абарона незалежнасьці, давядзеньне ўзроўню жыцьця ў Беларусі да эўрапейскіх стандартаў, з канчатковай мэтай інтэграцыі Беларусі ў Эўрапейскі Зьвяз. Лідэр Руху «За Свабоду» выступае за пакрокавую стратэгію дыялёгу Беларусі і Эўропы, бо ізаляцыянісцкая палітыка з боку Эўропы ўзмацняе залежнасьць Беларусі ад Расеі.
Рух падтрымлівае грамадзянскія кампаніі па абароне правоў чалавека ў Менску і рэгіёнах, а таксама выдавецкія, асьветніцкія ініцыятывы.
Рух «За Свабоду» быў заснаваны ў 2006 годзе пасьля прэзыдэнцкіх выбараў адзіным кандыдатам у прэзыдэнты ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандрам Мілінкевічам. Запіс першых актывістаў адбыўся на менскіх вуліцах 25 сакавіка 2006 году падчас адзначэньня «Дня Волі».
У 2007 годзе рух «За Свабоду» актыўна падтрымаў барацьбу беларускіх вернікаў за свабоду веравызнаньня, быў ініцыятарам стварэньня Рады Эўрапейскай інтэграцыі. У 2008 годзе рух ініцыяваў кампаніі супраць пабудовы АЭС у Беларусі, «За Свабодныя выбары».
Зь вясны 2007 году рух «За Свабоду» спрабуе легалізавацца. Чатыры разы праводзіліся ўстаноўчыя канфэрэнцыі ГА Рух «За Свабоду» і перадаваліся ўсе неабходныя для рэгістрацыі дакумэнты ў Мін'юст Беларусі. Двойчы ў 2007 годзе і адзін раз у 2008 годзе Мін’юст адмаўляў у рэгістрацыі. Афіцыйнымі чыньнікамі былі прэтэнзіі да фармулёвак статуту, а таксама той факт, што адна з устаноўчых канфэрэнцыяў аб’яднаньня праводзілася з парушэньнямі закону «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь». Аргкамітэт спрабаваў апратэставаць рашэньні Міністэрства юстыцыі ў Вярхоўным судзе, але безвынікова.
23 кастрычніка 2008 году на ўстаноўчай канфэрэнцыі грамадзкага аб’яднаньня Рух «За Свабоду» было прынята рашэньне аб стварэньні грамадзкай арганізацыі. У канфэрэнцыі прынялі ўдзел больш за 70 чалавек з розных рэгіёнаў краіны. Яны зацьвердзілі статут і сфармавалі кіравальныя органы аб’яднаньня. 25 лістапада 2008 году актывісты руху «За Свабоду» ізноў падалі дакумэнты ў Міністэрства юстыцыі Беларусі на рэгістрацыю грамадзкага аб’яднаньня. Гэта ўжо бала чацьвертая спроба зарэгістраваць аб’яднаньне. На online-канфэрэнцыі Радыё «Свабода» лідэр Руху «За Свабоду» Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што колькасьць актыўных прыхільнікаў Руху скаладае паўтары тысячы чалавек. 17 сьнежня 2008 году Міністэрства юстыцыі Беларусі з чацьвертага разу зарэгістравала рух «За Свабоду» (рэгістрацыйнае пасьведчаньне за №2020).
Рух быў ініцыятарам шматлікіх палітычных кампаній. «Народная праграма» ў 2011 годзе выпрацоўвала канцэпцыі рэформаў з дапамогай экспэртаў і шырокага грамадзкага абмеркаваньня. «Народны рэфэрэндум» у 2013 годзе павінен быў вызначыць, як разьвівацца краіне. Было сабрана 120 тысяч подпісаў грамадзянаў за рэфэрэндум. Рух таксама выступаў (сам ці поруч зь іншымі грамадзкімі арганізацыямі) ініцыятарам кампаній «Права выбару», «Страху няма!», «Байкот 101» ды іншых.
Актывісты руху бралі актыўны ўдзел у парлямэнцкіх выбарчых кампаніях 2016 і 2019 году. Да прыкладу, ад руху ў 2019 годзе было вылучана каля 90 кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Большасьць зь іх не зарэгістравалі.
У 2016 годзе адбыліся перавыбары кіраўніка руху «За свабоду» — Аляксандар Мілінкевіч пасьля 10 гадоў старшыняваньня склаў свае паўнамоцтвы. Новым старшынём руху «За свабоду» абралі Юрася Губарэвіча. За яго прагаласавалі 59 з 115 дэлегатаў справаздачна-выбарчай канфэрэнцыі. За галоўнага апанэнта Губарэвіча — Алеся Лагвінца — прагаласаваў 51 дэлегат.
Лідэр руху Юрась Губарэвіч вылучаўся і ў кандыдаты ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году. Аднак 19 чэрвеня зьняў сваю кандыдатуру, бо «ў цяперашняй выбарчай кампаніі не засталося і рэшткаў законнасьці», — заявіў ён.
У сярэдзіне ліпеня 2021 году распачалася комплексная праверка дзейнасьці руху. 13 ліпеня Мін’юст выняў дакумэнты; 14 ліпеня Сьледчы камітэт зладзіў ператрус і апячатаў офіс; 19 ліпеня Вярхоўны суд прыняў рашэньне аб прыпыненьні дзейнасьці, 30 ліпеня заблякаваны банкаўскі рахунак. Прычына — Міністэрства юстыцыі нібыта мае сумненьні ў сапраўднасьці пратаколу, якім прынята рашэньне аб зьмене юрыдычнага адрасу руху, бо частка ўдзельнікаў паседжаньня адсутнічала ў Беларусі. Рух праводзіў сход анлайн, згодна з рэкамэндацыямі таго ж міністэрства.
18 кастрычніка Вярхоўны суд пачаў грамадзянскае вядзеньне па ліквідацыі руху. Аднак кіраўнік руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, у сваю чаргу, падаў скаргу ў Вярхоўны суд і будзе аспрэчваць папярэджаньні Мін’юсту.
19 лістапада 2021 году Вярхоўны суд Беларусі на прапанову Міністэрства юстыцыі прыняў рашэньне аб пазбаўленьні рэгістрацыі руху «За свабоду». Падставай стала другое папярэджаньне, вынесенае арганізацыі цягам году.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article За Свабоду, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.