Беларуская Аэс

Белару́ская АЭС — дзяржаўная атамная электрастанцыя Беларусі, запушчаная ў лістападзе 2020 году ў Астравецкім раёне Гарадзенскай вобласьці.

Беларуская АЭС
Чэрвень 2023 году
Краіна Беларусь
Месцазнаходжаньне Астравецкі раён, Гарадзенская вобласьць, Беларусь
Пачатак будаўніцтва ліпень 2011 г.
Пачатак эксплюатацыі 7 лістапада 2020
Уласьнік Белэнэрга
Эксплюатуючая арганізацыя Дзяржаўнае прадпрыемства «Беларуская АЭС»
Тэхнічныя парамэтры
Колькасьць энэргаблёкаў 2
Тып рэактараў ВВЭР
Дзейных рэактараў 2
Генэруючая магутнасьць 2х1170 МВт (электрычная), 2х3200 МВт (цеплавая)
Месцазнаходжаньне
Геаграфічныя каардынаты 54°45′27″ пн. ш. 26°05′33″ у. д. / 54.7575° пн. ш. 26.0925° у. д. / 54.7575; 26.0925 26°05′33″ у. д. / 54.7575° пн. ш. 26.0925° у. д. / 54.7575; 26.0925
Беларуская АЭС на мапе Беларусі
Беларуская АЭС
Беларуская АЭС
Беларуская АЭС

На 2023 год узьвялі 2 вода-вадзяныя рэактары 3-га пакаленьня магутнасьцю кожнага па 1,2 гігаваты. Ад 9 студзеня 2008 году кіраўніком будаўніцтва і дзейнасьці АЭС быў Міхаіл Філімонаў, які дагэтуль узначальваў «Белэнэргабуд». Пасаду галоўнага інжынэра займаў Анатоль Бондар, а начальніка ўправы капітальнага будаўніцтва — Аляксандар Старынскі.

Перадгісторыя

У 1983 годзе ў пасёлку Дружны (Пухавіцкі раён, Менская вобласьць) за 40 км на ўсход ад Менска пачалося будаўніцтва першай чаргі (2000 мэгаватаў) атамнай цеплаэлектрацэнтралі (АЦЭЦ). Праз выбух у 1986 годзе на Чарнобыльскай АЭС (Кіеўская вобласьць) замест АЦЭЦ у 1999 г. запусьцілі першы блёк Менскай ЦЭЦ-5. У 1993 г. адбылося падпісаньне пратаколу аб выкарыстаньні ў Беларусі канадзкага(en) дэўтэрна-ўранавага рэактара і зацьверджаная Праграма разьвіцьця атамнай энэргэтыкі ў Рэспубліцы Беларусь. У пачатку 1999 году ўрадавая камісія па выяўленьні неабходнасьці будаўніцтва АЭС у Беларусі ўвяла мараторый на будаўніцтва АЭС тэрмінам 10 гадоў, каб вывучыць «досьвед працы новага пакаленьня бясьпечных рэактараў, якія распрацоўваюцца ў Францыі, ЗША, Нямеччыне, Расеі, і пасьля хаця б 5-гадовага досьведу іх пасьпяховай эксплюатацыі прыняць рашэньне пра далейшы лёс разьвіцьця атамнай энэргетыкі ў Беларусі». На 2011 г. расейскія і францускія рэактары новага пакаленьня яшчэ толькі будаваліся.

1 верасьня 2006 г. грамадзянам было абяцана правядзеньне рэфэрэндуму па будаўніцтве АЭС. Аднак рашэньне аб будаўніцтве было прынята 15 студзеня 2008 г. на пасяджэньні Савету Бясьпекі Рэспублікі Беларусь, якое праходзіла пад старшынствам прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Прычыны будаўніцтва

  • Дыспрапорцыі энэргабалянсу Беларусі. У 2008 годзе дзель прыроднага газу ў валавым спажываньні паліўна-энэргетычных рэсурсаў склала 62%, у аб’ёме кацельна-пячнога паліва — 79%, удзельная вага ў электраэнэргетыцы — 95%.
  • «Газавыя войны» з Расеяй: расейска-беларускі энэргетычны канфлікт 2006—2007 гг. і газавы канфлікт 2010 году. Скончыліся несяброўскім паглынаньнем «Белтрансгаза» з боку расейскага «Газпрама» (Масква), якое цягнулася з 18 траўня 2007 г. па 1 сьнежня 2011 г. (4,5 гады) шляхам паступовага продажу дзелямі за $5 млрд.
  • Залежнасьць ад аднаго пастаўшчыка. 25 лістапада 2011 г. у рэзыдэнцыі Горкі-9 (Адзінцоўскі раён, Маскоўская вобласьць) урады Беларусі і Расеі падпісалі на расейскай мове «Пагадненьне аб умовах куплі-продажу акцыяў і далейшай дзейнасьці ААТ "Белтрансгаз"», якое набыло моц 23 студзеня 2013 году. Паводле 6-га артыкула Пагадненьня, «ААТ "Белтрансгаз" валодае выключным правам на закуп прыроднага газу, які вывозіцца з тэрыторыі Расейскай Федэрацыі і прызначанага для спажыўцоў Рэспублікі Беларусь». Паводле 8-га артыкула, «Беларускі Бок гарантуе, што па 31 сьнежня 2031 году правы і зацікаўленасьці ААТ "Газпрам", ААТ "Белтрансгаз" і іх адпаведных правапераемнікаў, якія вынікаюць з гэтага Пагадненьня або ўзьнікаюць у сувязі з гэтым Пагадненьнем па стане на дату падпісаньня дадзенага Пагадненьня, не падлягаюць зьменам, дапаўненьням, выняткам або скарачэньням без папярэдняй згоды Расейскага Боку».
  • Каньюнктура на сусьветных рынках вуглевадародаў.
  • Каньюнктура на сусьветным атамным рынку.

Перавагі

Прагнозы ўплыву на сытуацыю ў энэргетычнай сфэры Беларусі:

  • У энэргабалянсе Беларусі ў 2020 ядзернае паліва зойме 14—16% — каля 4 млн тон умоўнага паліва (туп) з агульных 40 млн туп паліўна-энэргетычнага балянсу Рэспублікі Беларусь;
  • Па папярэдніх падліках тарыфы на электраэнэргію ў Беларусі ў 2020 зьнізяцца ў параўнаньні з 2015 на 10—15%;
  • Магчыма дазволіць эканоміць каля $1 млрд у год на закупах газу, скарачэньне закупаў прыроднага газу на 3—3,5 млрд куб. м у год;
  • Паніжэньне выдаткаў на вытворчасьць электраэнэргіі на 20%;
  • Скарачэньне выкідаў парніковага газу на 10—12 млн т у год.

Разьвіцьцё атамнай энэргетыкі названа найважнейшым фактарам забесьпячэньня энэргетычнай бясьпекі краіны разам з мадэрнізацыяй дзеючай энэргасыстэмы, выкарыстаньнем аднаўляльных крыніц энэргіі, скарачэньнем энэргаёмістасьці ВУП і дывэрсыфікацыяй крыніц паступленьня вуглевадароднай сыравіны.

Падраднікі

15 лістапада 2007 г. у якасьці галоўнага староньняга наглядніка за будаўніцтвам вызначылі Кіеўскі навукова-дасьледніцкі праектны інстытут «Энэргапраект» (Украіна), што раней праектаваў Ігналінскую (Летува, 1983—2009), Пакшскую (Вугоршчына, 1982) і Ровенскую АЭС (Украіна, 1980). 11 кастрычніка 2011 г. кіраўнік Дырэкцыі будаўніцтва АЭС Міхаіл Філімонаў падпісаў са старшынём расейскага ЗАТ «Атамбудэкспарт» Аляксандрам Глухавым пагадненьне аб будаўніцтве 2 энэргаблёкаў агульнай магутнасьцю да 2400 мэгаватаў з рэактарнымі ўстаноўкамі В-491 паводле праекту «АЭС-2006» ад ААТ «Санкт-Пецярбурскі Атамэнэргапраект», які з 2004 г. браў удзел у выбары пляцоўкі.

Выбар пляцоўкі

Пошук пляцоўкі пачаўся ў другой палове 1990-х. З улікам дыстанцыі магчымага разьмяшчэньня АЭС ад населеных пунктаў, ахоўных экалягічных зон, міжнародных авіятрас, магістральных трубаправодаў была складзена «карта адхіленых тэрыторый», у якую трапіла каля 50% тэрыторыі краіны, у тым ліку амаль уся Менская вобласьць. На астатняй тэрыторыі былі вызначаны 54 патэнцыяльныя пункты (малая шчыльнасьць насельніцтва і прывязка да вадаёмаў, здольных забясьпечыць тэхнічнай вадой АЭС магутнасьцю звыш 4 млн кВт). З 74 пунктаў выбралі шэсьць.

6 верасьня 2007 г. намесьнік старшыні Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ўладзімер Цімашпольскі заявіў, што пры выбары пляцоўкі разглядалася і «палітычная падаплёка», бо «Ігналінская АЭС хоча захоўваць адходы на мяжы зь Беларусьсю. Чаму нам таксама не пабудаваць там (на мяжы зь Летувой) блёк».

На 14 красавіка 2008 г. разглядалася 4 пляцоўкі: Астравецкая, Дрысенская (Віцебская вобласьць), Чырвонапалянская і Кукшынаўская. 16 траўня засталося 3 пляцоўкі (выбыла Дрысенская). 19 сьнежня першы віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка паведаміў, што АЭС збудуюць на Астравецкай пляцоўцы (Гарадзенская вобласьць). 20 сьнежня Дзяржаўная камісія па выбары месца разьмяшчэньня зямельнага ўчастку для будаўніцтва АЭС аддала перавагу Астравецкай пляцоўцы перад Чырвонапалянскай (Чавускі раён, Магілёўская вобласьць) і Кукшынаўскай (Шклоўскі раён, Магілёўская вобл.).

Астравецкая пляцоўка

Астравецкая пляцоўка складаецца з гліністага і пясчанага грунту. Грунтовыя воды залягаюць на глыбіні звыш 15 мэтраў. Выкарыстаньню ў якасьці крыніцы вады для ахаладжэньня АЭС падлягае рака Вяльля. Пляцоўка месьціцца за 39 км ад вобласьці магчымага землятрусу ў Ашмянскім раёне (Гарадзенская вобл.). У 1908 годзе побач адбыўся гудагайскі землятрус інтэнсіўнасьцю 9 балаў і магутнасьцю 4,5 магнітуды, што ўтварыў разломы глебы.

Кошт

25 лістапада 2011 г. у сядзібе Горкі (Адзінцоўскі раён, Маскоўская вобласьць, Расея) адбылося падпісаньне беларуска-расейскага міжурадавага пагадненьня аб вылучэньні на будоўлю АЭС да $9 млрд таварнай пазыкі ў адцінак да 2020 г. з пагашэньнем ад 1 красавіка 2021 г. цягам 15 год 30 роўнымі дзелямі кожныя паўгады. На першую палову вылучанай пазыкі налічвалася 5,23 % гадавых, а на другую — Лёнданская міжбанкаўская стаўка прапановы (ЛМСП), што складала менш за 1 %, з даданьнем яшчэ 1,83 % гадавых. 13 лютага 2012 г. «Зьнешэканамбанк» (Масква, Расея) вылучыў яшчэ $500 млн пазыкі на папярэднія плацяжы за будоўлю цягам 5 год.

30 верасьня 2013 г. Савет міністраў Беларусі ўхваліў выдаткоўваньне на будаўніцтва 2,9 трлн беларускіх рублёў у цэнах 2006 г. (падрыхтоўка, вытворчая база, падстанцыя 110/10 кілявольт «Вяльля», чыгунка, аўтадарогі, праектаваньне і выведка, нагляд па інжынэрных сетках, жытло, будынкі грамадзкага, побытавага і культурнага прызначэньня), 44,582 млрд расейскіх рублёў у цэнах 2001 г. (будынкі АЭС) і $340,86 млн (выдача магутнасьці і сувязь з энэргасыстэмай). 14 ліпеня 2020 году прадстаўнікі ўрадаў Беларусі і Расеі падпісалі ў Маскве Пратакол да Пагадненьня аб крэдыце на будаўніцтва АЭС. Пратакол падоўжыў выкарыстаньне пазыкі на 2 гады да канца 2022 году. Пачатак пагашэньня асноўнай пазыкі перанесьлі з 1 красавіка 2021 году на 1 красавіка 2023-га. Адсоткавую стаўку па крэдыце зьмянілі зь мяшанай на цьвёрдую ў памеры 3,3 % гадавых. На 1 сакавіка 2021 году на будаўніцтва Беларускай АЭС скарысталі 4,7 млрд $ з 10 млрд $ пазыкі. 24 сакавіка 2021 году расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін падпісаў Закон аб ратыфікацыі Пратаколу.

Падрыхтоўка пэрсаналу

Падрыхтоўка спэцыялістаў вядуць тры ўнівэрсытэты: Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт (факультэт энэргетычнага будаўніцтва), Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт (фізычны факультэт) і Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Падпісана пагадненьне з Расеяй, якое прадугледжвае магчымасьць падрыхтоўкі беларускіх спэцыялістаў у гэтай краіне. Магчыма, будуць запрашацца спэцыялісты, якія працуюць у галіне ядзернай энэргетыкі ў Расеі, Украіне, Летуве.

На 8 сьнежня 2017 году з патрэбнага ліку 2321 адмыслоўца нанялі 1250 супрацоўнікаў (54 %), зь іх 130 іншаземцаў пераважна з Расеі і Ўкраіны. Пагатоў у 2016 годзе стажаваньне на Новаваронескай АЭС прайшлі 72 супрацоўнікі, у 2017-м — 139.

Заканадаўства

25 жніўня 2005 г. А.Лукашэнка падпісаў Указ № 399 «Аб зацьвярджэньні Канцэпцыі энэргетычнай бясьпекі і павышэньня энэргетычнай незалежнасьці Рэспублікі Беларусь і …», паводле якога Канцэпцыя «не рассылаецца» і Савету міністраў Рэспублікі Беларусь даручалася «ў трохмесячны тэрмін зацьвердзіць плян асноўных мерапрыемстваў па рэалізацыі Канцэпцыі». 18 лістапада 2005 г. Савет міністраў Рэспублікі Беларусь зацьвердзіў Пастанову № 1290 «Аб зацьвярджэньні пляна асноўных мерапрыемстваў па рэалізацыі Канцэпцыі энэргетычнай бясьпекі і павышэньня энэргетычнай незалежнасьці Рэспублікі Беларусь». У разьдзеле «Разьвіцьцё атамнай энэргетыкі» плян прадугледжваў з боку Міністэрства энэргетыкі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ): 1) у 2006 г. «стварэньне арганізацыйна-прававой структуры выкананьня работаў падрыхтоўчага пэрыяду будаўніцтва АЭС» (пункт 14); 2) у 2008 г. «распрацоўку ў рамках падрыхтоўчага пэрыяду будаўніцтва АЭС тэхніка-эканамічнага абгрунтаваньня будаўніцтва» (п. 15).

14 чэрвеня 2007 г. А.Лукашэнка падпісаў Дырэктыву № 3 «Эканомія і беражлівасьць — галоўныя фактары эканамічнай бясьпекі дзяржавы». Паводле 3-га пункту 1-га артыкула Дырэктывы, Савету міністраў Беларусі і НАНБ даручалася: «1.3.1. унесьці кіраўніку дзяржавы праект удакладненай Канцэпцыі энэргетычнай бясьпекі і павышэньня энэргетычнай незалежнасьці Рэспублікі Беларусь, прадугледзеўшы ў ім: … дывэрсыфікацыю паставак у рэспубліку нафты, прыроднага газу, электраэнэргіі, вугалю і ядзернага паліва, якая забясьпечвае з 2020 году імпарт з адной краіны-пастаўшчыка ня больш як 65 працэнтаў аб’ёму спажываных энэргарэсурсаў». 12 лістапада 2007 г. А. Лукашэнка падпісаў Указ № 565, якім: 1) у складзе Міністэрства энэргетыкі Рэспублікі Беларусь стваралася Дырэкцыя будаўніцтва АЭС, 2) у складзе Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Рэспублікі Беларусь — Дэпартамэнт па ядзернай і радыяцыйнай бясьпецы (Дзяржатамнагляд), 3) Аб’яднаны інстытут энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў «Сосны» прызначаўся выконваць навуковае суправаджэньне, 4) РУП «БелНДПІэнэргапрам» — галоўным праектавальнікам.

31 студзеня 2008 г. Савет бясьпекі Рэспублікі Беларусь ухваліў Пастановай № 1 будаўніцтва АЭС сумарнай электрычнай магутнасьцю 2000 мэгаватаў з уводам першага энэргетычнага блёку ў 2016 годзе, другога — у 2018-м. 30 ліпеня А. Лукашэнка падпісаў Закон «Аб выкарыстаньні атамнай энэргіі», які рэгуляваў кіраваньне і забесьпячэньне бясьпекі ў адпаведнай вобласьці дзейнасьці. У 2023 годзе гэты закон страціў моц.

4 траўня 2009 г. Савет міністраў Рэспублікі Беларусь пастановай № 571 ухваліў Палажэньне аб парадку абмеркаваньня пытаньняў у сфэры выкарыстаньня атамнай энэргіі з удзелам грамадзкіх аб’яднаньняў, іншых арганізацыяў і грамадзянаў. 9 кастрычніка ў Астраўцы адбыліся грамадзкія слуханьні папярэдняй справаздачы аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе (АУНА) будучай АЭС з удзелам 813 чалавек, у тым ліку прадстаўнікоў руху «Навукоўцы за бязьядзерную Беларусь», партыі «Зялёныя», групы «Экаахова» і грамадзкага аб’яднаньня «Экадом». Справаздачу распрацаваў «БелНДПІэнэргапрам» на замову Дырэкцыі будаўніцтва АЭС.

15 верасьня 2011 г. А. Лукашэнка Ўказам № 418 вызначыў пад АЭС зямельны ўчастак у Астравецкім раёне плошчай 450 га, што за 1,5 км на паўночны ўсход ад вёскі Бабраўнікі і на поўдзень ад в. Авены, абмежаваны на паўночным захадзе аўтамабільнай дарогай в. Шульнікі — в. Авены, на захадзе — аўтадарогай Газа — АЭС — Астравец ад аўтадарогі Р-45, на паўночным усходзе — аўтадарогай Н-6223 (Місьляны — Шульнікі — Авены — Валейкуны), на поўдні, паўднёвым захадзе і захадзе — аўтадарогай ад аўтадарогі Н-6223 в. Рудзішкі — хутар Бабраўнікі і землямі СВК «Варняны». 30 верасьня 2013 г. Савет міністраў Беларусі зацьвердзіў Пастановай № 857 узьвядзеньне 2 энэргаблёкаў магутнасьцю кожнага па 1194 мэгаваты, тэрмін работы АЭС у 50 год і сярэднегадавы выпуск электраэнэргіі АЭС 17 095,1 млн кіляват·гадзіна. 30 сьнежня 2013 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 583 «Аб рэарганізацыі ДУ «Дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі», якую перайменавалі ў РУП «Беларуская атамная электрастанцыя» ў падпарадкаваньні дзяржаўнага аб’яднаньня «Белэнэрга».

26 студзеня 2021 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 32 «Аб фондах Беларускай атамнай электрастанцыі», які прадугледжваў стварэньне 2-х фондаў фінансаваньня працаў па: 1) вывадзе з эксплюатацыі, 2) падтрыманьні і павышэньні бясьпекі. Згодна з Указам УП «Беларуская АЭС» мела пасьля ўводу штомесяц адлічваць у гэтыя фонды да 15 % выручкі ад збыту электраэнэргіі.

Будаўніцтва

Праект будаўніцтва прадугледжваў узьвядзеньне 2 вода-вадзяных рэактараў 3-га пакаленьня магутнасьцю кожнага па тысячы мэгаватаў. 9 студзеня 2008 г. Савет міністраў Рэспублікі Беларусь прызначыў кіраўніком Дырэкцыі будаўніцтва АЭС Міхаіла Філімонава, які дагэтуль узначальваў ААТ «Белэнэргабуд».

У сярэдзіне красавіка 2012 г. на пляцоўцы пачалі будаваць дарогі і будынкі. На пачатак траўня 2012 году ў 3-х вёсках Астравецкага раёну (Міхалішкі, Гервяты і Трокенікі-1) ўсталявалі аўтаматычныя пункты вымярэньня магутнасьці дозы гама-выпраменьваньня ў рэальным часе. 18 ліпеня ў Менску адбылося падпісаньне беларуска-расейскай дамовы на будаўніцтва АЭС, што прадугледжвала ўвод першага блёку ў лістападзе 2018 г., другога — у ліпені 2020-га. На 1 лютага 2013 г. беларускія будаўнікі скончылі падрыхтоўку асновы першага блёку і пачалі падрыхтоўку асновы другога. 19 лістапада 2014 г. у падмурак 1-га рэактара паставілі пастку расплаву для выкідаў пры здарэньні. 24 сьнежня 2015 г. у Астравец з расейскага прадпрыемства «Атаммаш» (Валгадонск, Растоўская вобласьць, Паўднёвая фэдэральная акруга) прывезьлі корпус для рэактара. Дастаўка доўжылася 72 дні. 8 красавіка 2016 г. абрушылася стойка апалубкі(en) службовага будынка АЭС пры кладцы бэтону перакрыцьцяў побытавага памяшканьня. На 27 траўня 2016 г. пабудавалі 1-ю градзірню вышынёй каля 170 мэтраў.

Беларуская Аэс 
Будаўніцтва Беларускай АЭС (13 жніўня 2016 г.)

У ноч (а 1:30) на 10 ліпеня 2016 г. падчас падрыхтоўкі да ўстаноўкі 330-тонны корпус рэактара даўжынёй 11 мэтраў сарваўся са стропаў і ўпаў з вышыні 4 мэтраў. Мэталічныя стропы апынуліся на 30 см карацейшыя за даўжыню, якую замерылі ў Расеі, што прывяло да адхіленьня і наступнага падзеньня корпуса. 11 жніўня 2016 г. Міністэрства энэргетыкі Рэспублікі Беларусь накіравала прадпрыемству «Расатам» (Масква) паведамленьне аб рашэньні замяніць корпус рэактара. На 8 сьнежня 2016 г. для рэактарнага блёка № 1 Беларускай АЭС паставілі 4 з 5 галоўных цыркулярных помпаў (кожная вагой па 25 тонаў). Цягам 2017 году на будоўлі ў сярэднім задзейнічалі 4950 чалавек. У сьнежні 2017 году на 2-м энэргаблёку змантавалі корпус рэактара. На 26 лютага 2018 году ўсталявалі парагенэратары і скончылі зварку галоўнага цыркуляцыйнага трубаправода 1-га энэргаблёка. Таксама ўзьвялі 2-ю вежавую выпарную градзірню і 70-мэтровыя будынкі 1-га і 2-га рэактараў. 25 чэрвеня 2018 году на 2-м энэргаблёку Беларускай АЭС скончылі зварку галоўнага цыркуляцыйнага трубаправода, на якую спатрэбілася 70 дзён. У сьнежні 2018 году скончылі будаўніцтва звыш 1000 км паветраных лініяў электраперадачы (ЛЭП) напругай 330 кіляВольт і перабудову каля 700 км дзейных паветраных лініяў 110—330 кВольт. Таксама перабудавалі 4 падстанцыі і пабудавалі падстанцыю «Паставы» (Віцебская вобласьць) на 330 кВ. У выніку Беларускую АЭС зьвязалі з энэргасыстэмай Беларусі.

Цягам 2012—2020 гадоў Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі (Аўстрыя) накіравала ў Беларусь 7 пасольстваў: 1) ацэнкі ядзернай інфраструктуры ў 2012 годзе, 2) ацэнкі рэгулявальнай інфраструктуры ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі ў 2016-м, 3) ацэнкі пляцоўкі АЭС і зьнешніх узьдзеяньняў у 2017 годзе, 4) наконт аварыйнай гатоўнасьці і рэагаваньня ў 2018-м, 5) уліку і кантролю ядзернага матэрыялу ў 2019 годзе, 6) наконт перадэксплюатацыйнай гатоўнасьці ў 2019 годзе, 7) ацэнкі ядзернай інфраструктуры ў 2020-м.

26 лістапада 2021 году Міжведамасная камісія падпісала Акт аб гатоўнасьці інжынэрна-тэхнічных збудаваньняў 2-га энэргаблёку Беларускай АЭС да выкарыстаньня.

Пуск

22 красавіка 2019 году ў 1-ы рэактар пачалі загружаць 163 імітатары цеплавыдзяляльных зборак (ЦВЗ) для падрыхтоўкі да халоднай і гарачай абкаткі (ХГА) падчас пусканаладкі. 6 красавіка 2020 году на 1-м энэргаблёку выпрабавалі аўтаматычны запуск ўстаноўкі электразабесьпячэньня і ўсіх 4-х аварыйных дызэль-генэратарных установак, а таксама праверылі працаздольнасьць аварыйных мэханізмаў усіх 4-х каналаў бясьпекі. 7 траўня 2020 году да разьмеркавальнай прылады БелАЭС падлучылі 5-ую зь 7-і высакавольтных лініяў электраперадачы (ЛЭП) для сувязі з энэргасыстэмай Беларусі. Гэтая ЛЭП мела напругу 330 кілявольт і ішла да падстанцыі «Стоўпцы» (Менская вобласьць), якую аснасьцілі 2-ма шунтавальнымі рэактарамі. Адначасна разьмеркавальную прыладу падстанцыі з напругай 220 кілявольт замянілі на больш магутную з напругай 330 кВ. Таксама пабудавалі астатнія 2 зь 7 высакавольтных ЛЭП да Маладэчна і мястэчка Рось у Ваўкавыскім раёне (Гарадзенская вобласьць). 25 траўня 2020 году супрацоўнікі БелАЭС разьмясьцілі цеплавыдзяляльныя зборкі ў сховішчы ядзернага паліва для наступнай загрузкі ў рэактар 1-га энэргаблёка.

6 жніўня 2020 году Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Рэспублікі Беларусь ухваліла Рашэньне аб наданьні ДП «Беларуская АЭС» права загрузкі штатнай актыўнай зоны рэактара энэргаблёка № 1. 7 жніўня ў рэактар пачалі загружаць 163 цеплавыдзяляльныя зборкі (ЦВЗ) зь ядзерным палівам. 20 жніўня 2020 году ў 1-ы рэактар загрузілі ўсе 163 ЦВЗ, вырабленыя на «Новасыбірскім заводзе хімканцэнтратаў». Узровень іх узбагачанасьці складаў ад 1,3 % да 4,4 %. 10 верасьня 2020 году на Беларускай АЭС падлучылі дадатковы дызэль-генэратар на выпадак абясточваньня. 5 кастрычніка 2020 году падлучылі 7-ю высакавольтную лінію электраперадачы даўжынёй 250 км, якая была найбольш працяглай лініяй у энэргасыстэме Беларусі з напругай 330 кілявольт і злучала БелАЭС з падстанцыяй «Рось». Папярэдне падлучылі 6 такіх лініяў электраперадачы для сувязі зь іншымі падстанцыямі.

11 кастрычніка 2020 году а 2:26 1-ы энэргаблёк Беларускай АЭС вывелі на мінімальна кантраляваны ўзровень (МКУ) магутнасьці, які складаў менш за 1 % намінальнай магутнасьці рэактара. У выніку ў актыўнай зоне 1-га рэактара пачалася кіраваная ядзерная рэакцыя, якая сама падтрымліваецца. 30 кастрычніка 2020 году на 1-м энэргаблёку БелАЭС пробна запусьцілі турбіну на 35 % магутнасьці рэактара. Кручэньне турбіны на халастым хаду давялі да праектнага значэньня ў 3000 абаротаў за хвіліну. 3 лістапада 2020 году а 12:03 турбагенэратар 1-га энэргаблёка БелАЭС уключылі ў аб’яднаную энэргасыстэму Беларусі. 7 лістапада 2020 году 1-ы энэргаблёк АЭС вывелі на магутнасьць 400 мэгават. За 3 папярэднія дні ад часу ўлучэньня ў энэргасыстэму з АЭС адпусьцілі звыш 22 млн кіляват-гадзіна электраэнэргіі, якую дагэтуль выраблялі пры дапамозе 6,4 млн кубамэтраў прыроднага газу цаной каля 1 млн $. Рэактар 1-га энэргаблёка запрацаваў на магутнасьці 40 %. На той час на Беларускай АЭС працавала каля 2200 чалавек, зь іх 62 замежных грамадзяніны Расеі і Ўкраіны. У якасьці паліва на АЭС выкарыстоўвалі ўзбагачаны дыяксыд урану ў выглядзе таблетак памерам да 1 см і вагой 5 грамаў. З кожнай такой уранавай «таблеткі» выраблялі столькі электраэнэргіі, як з 350 кг нафты або 360 кубамэтраў прыроднага газу. Рэактар быў цалкам загружаны 87 тонамі такіх уранавых таблетак, на адпрацоўку якіх прызначалася 4 гады. 10 лістапада 2020 году пастаўку электраэнэргіі ад Беларускай АЭС прыпынілі, а магутнасьць турбагенэратара зьнізілі да нулявой. 19 лістапада 2020 году 1-ы энэргаблёк паўторна ўключылі ў сетку пасьля замены трансфарматараў напругі ў вымяральных ланцугах генэратарнага выключальніка. 2 сьнежня 2020 году Міністэрства энэргетыкі Беларусі паведаміла пра скідваньне пары на 1-м энэргаблёку, што выявіла патрэбу ў выпраўленьні працы накрывак шумапаглынальнікаў пары.

3 сьнежня 2020 году падалі напругу на 1-ю сэкцыю 10 кілявольт 2-га энэргаблёка. 29 сьнежня 2020 году старшыня ўраду Беларусі Раман Галоўчанка паведаміў, што 1-ы рэактар працаваў на 75 % магутнасьці, што дазваляла штодня замяшчаць замежны прыродны газ на 750 000 даляраў ЗША. 12 студзеня 2021 году а 19:57 1-ы энэргаблёк БелАЭС вывелі на поўную магутнасьць. Цеплавая магутнасьць энэргаблёка склала 3200 мэгават, а электрычная — 1170 мэгават. 16 студзеня 1-ы энэргаблёк адлучылі ад электрасеткі пасьля спрацоўваньня абароны генэратара. 21 студзеня а 12:19 энаргаблёк зноў падлучылі да сеткі. 8 сакавіка 2021 году а 2:14 1-ы энэргаблёк БелАЭС падлучылі да электрасеткі пасьля 259 выпрабаваньняў абсталяваньня. Агулам на 1-м энэргаблёку зьмяшчалася 285 000 вузлоў абсталяваньня, якія падлягалі выпрабаваньню. 14 сакавіка 1-ы энэраблёк уключылі ў сетку пасьля дасьледаваньня ксэнонавых пераходаў у рэактары, які вывелі на намінальны ўзровень магутнасьці.

15 сакавіка 2021 году на 2-м энэргаблёку загрузілі 163 імітатары ЦВЗ у рэактар. 16 сакавіка 2021 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 148 аб прызначэньні камісіі прыёмкі ў эксплюатацыю пускавога комплексу 1-га блёка Беларускай АЭС. Пасаду старшыні прыёмачнай камісіі заняў намесьнік старшыні ўраду Юры Назараў. Яго намесьнікамі сталі кіраўнік «Белэнэрга» Павал Дрозд і намесьнік міністра энэргетыкі Міхаіл Міхадзюк. Таксама ў склад камісіі ўвайшлі 1-ы намесьнік старшыні Дзяржкамітэту стандартызацыі Зьміцер Барташэвіч, намесьнік кіраўніка «Белэнэрга» Сяргей Бабовіч, начальнік УДАІ УУС Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Дзяшко, намесьнік міністра па надзвычайных сытуацыях Анатоль Даўгалевец, 1-ы намесьнік міністра фінансаў Зьміцер Кійко, 1-ы намесьнік міністра архітэктуры і будаўніцтва Ігар Касьцюкоў. 3 траўня 2021 году з «Новасыбірскага заводу хімканцэнтратаў» даставілі цеплавыдзяляльныя зборкі і паглынальныя стрыжні для 2-га энэргаблёку БелАЭС, якія разьмясьцілі ў сховішчы.

24 траўня 2021 году скончылі 15-дзённае апрабаваньне 1-га энэргаблёку на поўнай магутнасьці. 9 чэрвеня 2021 году на 2-м энэргаблёку скончылі гідраўлічныя выпрабаваньні і цыркуляцыйную прамыўку трубаправодаў і абсталяваньня 1-га і 2-га контураў рэактара. Пры гэтым, у рэактар загрузілі імітатары цеплавыдзяляльных зборак (ЦВЗ). 10 чэрвеня 2021 году Прыёмачная камісія пад старшынствам намесьніка старшыні ўраду Юрыя Назарава падпісала Акт прыёмкі ў прамысловую эксплюатацыю пускавога комплексу 1-га энэргаблёка. У выніку яго пуск быў завершаны.

22 сьнежня 2021 году ў актыўную зону рэактара 2-га энэргаблёка Беларускай АЭС загрузілі 1-ю са 163-х ЦВЗ зь ядзерным палівам. Гэтым пачалі фізычны пуск 2-га энэргаблёка. Кожная ЦВЗ складалася з 312 цеплавыдзяляльных элемэнтаў (ЦВЭл) прамерам 9 мм і вышынёй каля 4-х мэтраў. Вага паліва ў ЦВЗ складала 571 кг. 25 сакавіка 2023 году Міністэрства энэргетыкі Беларусі паведаміла пра фізычны пуск кіраванай ланцуговай рэакцыі дзяленьня ў рэактары 2-га энэргаблёку Беларускай АЭС. У выніку рэактарную ўстаноўку вывелі на найменшы кіраваны ўзровень магутнасьці ў 1 % ад намінальнай. 10 красавіка а 14:12 выканалі пробны пуск турбіны 2-га энэргаблёка на магутнасьці рэактара 40 %. Пасьля падачы пары на турбагенэратар хуткасьць кручэньня ротараў павялічылі да 3000 абаротаў за хвіліну на халастым хаду без уключэньня ў сетку. Затым замералі цепламэханічныя паказчыкі і спынілі турбіну.

13 траўня 2023 году а 13:24 2-і энэргаблёк АЭС на магутнасьці 40 % сынхранізавалі з энэргесеткай Беларусі. 31 траўня 2023 году, паводле папярэдняга дазволу Дзяржатамнагляду МНС Беларусі, пачалі досьледна-прамысловую эксплюатацыю 2-га энэргаблёка, у рамках якой прадугледжвалася звыш 200 выпрабаваньняў абсталяваньня. Пры гэтым пачалі павышаць магутнасьць рэактара з 50 да 75 %. 14 чэрвеня 2-і энэргаблёк падлучылі да сеткі пасьля выпрабаваньня рэактарнай устаноўкі зь 10 чэрвеня. 27 чэрвеня Міністэрства энэргетыкі Беларусі абвясьціла пра адключэньне 2-га энэргаблёка ад сеткі 28 чэрвеня для плянавага ахалоджваньня рэактара, каб дасьледаваць нэўтронна-фізычныя ўласьцівасьці яго актыўнай зоны са зьніжэньнем магутнасьці да мінімальна кантраляванага ўзроўню. 10 ліпеня 2-і энэргаблёк падлучылі да электрасеткі пасьля выпрабавальнага расхалоджваньня рэактара. Далейшыя выпрабаваньні ладзілі на розных магутнасьцях з разгрузкай да нулявога ўзроўню.

3 жніўня 2023 году Ўрад Беларусі ўхваліў Пастанову № 518, якой прызначыў камісію прыёмкі ў эксплюатацыю пускавога комплексу 2-га энэргаблёка. Камісію ўзначаліў намесьнік старшыні ўраду Пётар Пархомчык. 28 верасьня 2023 году 2-і энэргаблёк перавялі на поўную магутнасьць для апрабаваньня абсталяваньня цягам 15 дзён, на якое напярэдадні выдаў дазвол Дзяржатамнагляд. 24 кастрычніка 2023 году Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Беларусі выдала дазвол на прамысловую эксплюатацыю 2-га энэргаблёка. 1 лістапада 2023 году прыёмачная камісія пад кіраўніцтвам Пятра Пархомчыка падпісала акт прыёмкі пускавога комплексу 2-га энэргаблёка ў прамысловую эксплюатацыю.

Абсталяваньне

У турбіннай залі 1-га энэргаблёку БелАЭС цеплавую энэргію пераўтваралі ў кінэтычную, а затым у электраэнэргію. У адпаведным будынку месьцілася паравая турбіна магутнасьцю 1200 мэгават з частасьцю вярчэньня 3000 абаротаў за хвіліну. Вага турбіны без трубаправодаў і кандэнсатара складала 2500 тонаў, а даўжыня — каля 75 мэтраў.

Для перашкоды распаўсюду іянізавальнага выпраменьваньня і выкіду радыяактыўных рэчываў у навакольле выкарыстоўвалі 4 сродкі: 1) паліўную матрыцу для прадухіленьня выхаду прадуктаў дзяленьня пад абалонку цеплавыдзяляльных элемэнтаў, 2) абалонку цеплавыдзяляльных элемэнтаў супраць трапляньня прадуктаў дзяленьня ў цепланосьбіт галоўнага цыркуляцыйнага контуру, 3) галоўны цыркуляцыйны контур для перашкоды выхаду прадуктаў дзяленьня пад ахоўную гермэтычную абалонку, 4) ахоўныя гермэтычныя абалонкі для стрымліваньня выхаду прадуктаў дзяленьня ў навакольле. Ахоўныя абалонкі мелі вытрымаць унутраны ціск да 5 кг/см2 і вонкавае ўзьдзеяньне ўдарнай хвалі зь ціскам да 30 кіляпаскаляў. Для гэтага ахоўныя абалонкі купалаў энэргаблёкаў абсягам па 75 000 кубамэтраў выканалі з бэтону, унутры якога нацягнулі мэталічныя тросы. Унутры ахоўнай абалонкі ўсталявалі распырсквальнікі, якія з-пад купала блёка мелі распыляць рашчыну бору для перашкоды распаўсюду радыяактыўнасьці. Тамсама разьмясьцілі рэкамбінатары вадароду, што прадухілялі назапашваньне газу, каб выключыць магчымасьць выбуху. Сярод іншага, прадугледжваліся пастка расплаву паліва пры здарэньні і адвод цяпла без удзелу чалавека і крыніцы энэргасілкаваньня.

Уплыў

На 23 чэрвеня 2021 году вытворчасьць электраэнэргіі на 1-м энэргаблёку Беларускай АЭС склала 27,5 млн кіляват-гадзіна (29 %) пры агульным аб’ёме вытворчасьці ў энэргасыстэме Беларусі каля 95 млн кВт-гадз. Гэты аб’ём вытворчасьці перавышаў адпаведныя аб’ёмы 4-х абласных энэргасыстэмаў разам узятых — Гарадзенскай (без самой АЭС), Гомельскай, Магілёўскай і Менскай.

Радыяцыйны фон

Цягам 4-х месяцаў ад 7 лістапада 2020 году па 7 сакавіка 2021 году гама-выпраменьваньне вакол Беларускай АЭС складала 0,05 — 0,11 мікразывэрт/гадзіна. Кожныя 10 хвілінаў аўтаматычныя пункты вымярэньня (АПВ) дасылалі зьвесткі з дазымэтрычных чуйнікаў на сэрвэр ведамаснай аўтаматызаванай сыстэмы радыяцыйнага кантролю (АСКРА). Гэтым сэрвэрам кіраваў Рэспубліканскі цэнтар гідрамэтэаралёгіі, кантролю радыяактыўнага забруджваньня і маніторынгу навакольнага асяродзьдзя (Белгідрамэт) Мінпрыроды Беларусі.

29 жніўня 2023 году Дэпартамэнт ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі МНС Беларусі абнародаваў тэматычныя матэрыялы «Расатаму» для грамадзкіх слуханьняў да пуску 2-га энэргаблёку Беларускай АЭС. У 1-м разьдзеле матэрыялу «Разьмяшчэньне АЭС. Экалёгія» на 61-й старонцы ў якасьці «нулявога» фону згадвалася гадавая доза гама-выпраменьваньня ў 0,62—0,87 мілізывэрт. Пры гэтым рост гэтай дозы з 2-й паловы 2020 году па 2022 год адзначаўся на ўсіх 10 пастах АСКРА ў паселішчах:

  1. Варняны (на паўднёвы захад ад АЭС) — ад 0,47 да 0,76 мЗв,
  2. Сьвір — ад 0,51 да 0,66,
  3. Варона (на паўночны захад) — ад 0,41 да 0,65,
  4. Падольцы (далей на поўнач) — ад 0,51 да 0,67,
  5. Рымдзюны (на паўднёвы ўсход) — ад 0,4 да 0,64,
  6. Гоза (на поўнач) — ад 0,44 да 0,67,
  7. Чэхі (Гервяцкі сельсавет) — ад 0,37 да 0,68,
  8. Маркуны — ад 0,41 да 0,68,
  9. Чэрнішкі — ад 0,45 да 0,66,
  10. Альхоўка — ад 0,46 да 0,74.

Адключэньні

12 ліпеня 2021 году на 1-м энэргаблёку БелАЭС спрацавала аўтаматычная абарона турбагенэратара, у выніку чаго той адключылі ад сеткі. Пры гэтым магутнасьць рэактара зьнізілі да 1 %. 20 жніўня 2021 году высьветлілі, што патрабуецца замена аднаго з элемэнтаў узбуджальніка генэратара. 4 кастрычніка 2021 году 1-ы энэргаблёк Беларускай АЭС зноў уключылі ў сетку пасьля дыягностыкі вузлоў турбагенэратара. 17 лістапада 2021 году адбылося паўторнае адключэньне 1-га энэргаблёку БелАЭС аўтаматыкай. 19 лістапада міністар энэргетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч паведаміў, што ад чуйнікаў абсталяваньня «паступіў адзін некарэктны сыгнал, які прывёў да спрацоўваньня аўтаматычнай сыстэмы аховы, і блёк быў адключаны ад сеткі». У той дзень 1-ы энэргаблёк зноў уключылі ў сетку.

25 красавіка 2022 году 1-ы энэргаблёк БелАЭС вывелі ў плянава-папераджальны рамонт, які меў штогод ладзіцца дзеля ўстойлівага працоўнага стану абсталяваньня. Плянам прадугледзелі рамонт парагенэратараў і кампэнсатараў ціску, галоўных цыркуляцыйных помпаў і турбагенэратара, а таксама іншага абсталяваньня рэактарнай устаноўкі. Сярод іншага, мерапрыемства ўлучала праверку мэталу і зварных злучэньняў абсталяваньня рэактара і трубаправодаў. Урэшце, прадугледжвалася частковая перазагрузка ў рэактар сьвежага ядзернага паліва. 22 жніўня 2022 году скончылі рамонт, у ходзе якога пачынілі турбагенэратар і галоўныя цыркуляцыйныя помпы. Таксама ўпершыню замянілі 48 з 163-х цеплавыдзяляльных зборак зь ядзерным палівам. Пры гэтым, правялі агляд каля 3000 прыладаў абсталяваньня. 9 лістапада 2022 году ад 12:33 1-ы энэргаблёк БелАЭС падлучылі да электрасеткі пасьля завяршэньня плянавай рэглямэнтнай працы і дадатковага выпрабаваньня. Да вечару давялі магутнасьць да 400 МВт.

6 кастрычніка 2023 году 1-ы энэргаблёк вывелі ў чарговы папераджальна-плянавы рамонт для частковай перазагрузкі ў рэактар сьвежага ядзернага паліва і агляду абсталяваньня. 16 сьнежня 2023 году на 1-м энэргаблёку скончылі 2-і плянава-папераджальны рамонт, пасьля чаго блёк уключылі ў электрасетку. У ходзе рамонту замянілі 42 са 163-х цеплавыдзяляльных зборак зь ядзерным палівам. У выніку Беларуская АЭС запрацавала ў складзе 2-х блёкаў, якія штосодні выраблялі звыш 55 млн кіляват-гадзіна электраэнэргіі.

Крытыка

26 красавіка 2009 г. падчас Чарнобыльскага шляху прафэсар і ўдзельнік руху «Навукоўцы за бязьядзерную Беларусь» Георгі Лепін заявіў, што на Астравецкай пляцоўцы існуе тэктанічны разлом, што пагражае разбурэньнем меркаванай АЭС. У ліпені кіраўнік ляндшафтнага заказьніка «Сарачанскія азёры», што за 5 км ад Астравецкай пляцоўкі, Ігар Пастухоў у сваім лісьце заклікаў урад адмовіцца ад будаўніцтва АЭС блізу асабліва падахоўных прыродных земляў Нарачана-Вялейскага азёрнага краю («Блакітныя азёры», Нацыянальны парк «Нарачанскі», возера Сьвір і «Швакшты») праз шкоду сельскаму турызму.

У студзені 2011 г. Камітэт па выкананьні Канвэнцыі Эспа (аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе ў трансгранічным кантэксьце), які дзейнічае пры Эўрапейскай эканамічнай камісіі ААН, прызнаў парушэньні, дапушчаныя Беларусьсю пры плянаваньні АЭС. У сувязі з гэтым міжнародны камітэт рэкамэндаваў уладам прыпыніць будаўніцтва АЭС. 26 сакавіка 2014 г. загаднік катэдры ядзернай фізыкі БДУ Станіслаў Шушкевіч, які рыхтаваў ядзернікаў для Астраўца, заявіў аб адсутнасьці праекта будаўніцтва АЭС.

27 красавіка 2014 г. 10-ы Зьезд Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі — БНФ у складзе 124 прадстаўнікоў ухваліў заяву «Будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі — найвялікшае злачынства супраць беларускага народу». У заяве адзначалася істотнае павелічэньне дзяржаўнай запазычанасьці ў сувязі з пазыкай на будаўніцтва АЭС ($9 млрд) і параўнальная дарагавізна(en) атамнай энэргіі: «Кошт 1 кВт•г электраэнэргіі, вырабленай на АЭС, перавышае кошт электраэнэргіі, вырабленай на: парасілавых станцыях у 2,3—2,8 раза; газа-мазутных станцыях у 1,9—2,3 раза; вугальных станцыях у 1,5—1,9 раза; комплексе малых ГЭС, або комплексе ветраэнэргетычных станцый у 1,6—2,8 раза».

У снежні 2021 году журналісты-расьсьледавальнікі са спасылкай на Кібэрпартызанаў заявілі аб атрыманьні дакумэнтаў, дзе былі выяўленыя 18 тысячаў недахопаў першага энергаблёку.

Глядзіце таксама

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Tags:

Беларуская Аэс ПерадгісторыяБеларуская Аэс Прычыны будаўніцтваБеларуская Аэс ПадраднікіБеларуская Аэс Выбар пляцоўкіБеларуская Аэс КоштБеларуская Аэс Падрыхтоўка пэрсаналуБеларуская Аэс ЗаканадаўстваБеларуская Аэс БудаўніцтваБеларуская Аэс ПускБеларуская Аэс АбсталяваньнеБеларуская Аэс УплыўБеларуская Аэс Радыяцыйны фонБеларуская Аэс АдключэньніБеларуская Аэс КрытыкаБеларуская Аэс Глядзіце таксамаБеларуская Аэс КрыніцыБеларуская Аэс Вонкавыя спасылкіБеларуская АэсАстравецкі раёнАтамная электрастанцыя

🔥 Trending searches on Wiki Беларуская (тарашкевіца):

СавілаЮры Тышкевіч (біскуп)Старабеларуская моваАндрэй КурэйчыкАўтамабільВільняТадзіяна КляшторнаяПітсбургскае пагадненьнеЯўстах ТышкевічСьпіс стагодзьдзяўАрцём ДрабатовічМэдыяВікіСвабодаАлесь БадакПорнгабФранцыяКалі-югаПолацкае княстваБеларускі дзяржаўны ўнівэрсытэтСьпіс сысуноў МалдовыЯсмантКрысталь БойдТураўpascalІмпэратыўнае праграмаваньнеДзень ПерамогіMemento moriВалянцін АкудовічАмстэрдамЛявон Вітан-ДубейкаўскіАлесь БажкоМенскМарат МаркаўФранцускі пацалунакГенадзь Валер’евіч ШутаўПрывакзальная плошча (Менск)АўкштотаНафтан НаваполацакКанстытуцыя БеларусіРэжым ЛукашэнкіАльгерд БахарэвічВалошкаБарут (імя)Кальварыйскія могілкіКрывічыУладзімер Карызна (паэт)Бісэксуальная парнаграфіяЦыганская моваАмэрыкаЭякуляцыяАлесь АркушФутболАдольф ГітлерУсебеларускі народны сходДубрава (Маладэчанскі раён)Старадубскі паветСкамонтРужанецКаханьне без пранікненьняПадвойнае пранікненьнеДрама (аповесьць)Этнічная тэрыторыя беларусаўМатэматыкаБеларуска-амэрыканскае задзіночаньнеАнгельшчынаЛексычнае значэньнеВячаслаў АдамчыкДзень ЗямліФэльдмаршал (Швэцыя)ЭнэргаатамМікіта БуракПастава на каленяхБеларуская літаратураДыяніз ІлкавічПошукавая аптымізацыя21 красавіка🡆 More