Гена́дзь Бура́ўкін (28 жніўня 1936, вёска Шуляціна Расонскага раёну Віцебскай вобласьці — 30 траўня 2014, Менск, Беларусь) — беларускі паэт, журналіст і дыплямат.
Ляўрэат дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы (1980).
Генадзь Бураўкін | |
Генадзь Бураўкін на творчай сустрэчы ў Віцебску, 2013 | |
Пастаянны прадстаўнік Рэспублікі Беларусь пры Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў | |
---|---|
1991 — 1994 | |
Прэм’ер-міністар: | Вячаслаў Кебіч |
Наступнік: | Аляксандар Сычоў |
Дэпутат Вярхоўнага Савету БССР X і XI скліканьняў | |
1980 — 1990 | |
Прэм’ер-міністар: | Аляксандар Аксёнаў (да 8 ліпеня 1983), Уладзімер Бровікаў (да 10 студзеня 1986), Міхаіл Кавалёў |
Старшыня Дзяржтэлерадыё БССР | |
1978 — 1990 | |
Галоўны рэдактар часопісу «Маладосць» | |
1972 — 1978 | |
Прэм’ер-міністар: | Ціхан Кісялёў |
Папярэднік: | Алесь Асіпенка |
Наступнік: | Васіль Зуёнак |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: | 28 жніўня 1936 |
Памёр: | 30 траўня 2014 (77 гадоў) |
Партыя: | |
Сужэнец: | Юлія (з 1959 г.) |
Дзеці: | Сын Аляксей, дачка Сьвятлана |
Бацька: | Мікола Бураўкін |
Адукацыя: | Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт (1959) |
Узнагароды: | |
Нарадзіўся ў вёсцы Шуляціна (цяпер Тродавічы) Расонскага раёну Віцебскай вобласьці ў сям’і служачага. У вайну вёска Шуляціна згарэла, а тыя, хто здолеў уцалець, перасяліліся ў вёску Тродавічы. У 1959 годзе Генадзь Бураўкін скончыў аддзяленьне журналістыкі філялягічнага факультэту БДУ.
Працаваў у часопісе «Камуніст Беларусі», у газэце «Літаратура і Мастацтва», быў карэспандэнтам «Правды» па Беларусі, галоўным рэдактарам часопіса «Маладосьць», дзе друкаваў творы Васіля Быкава і Ўладзімера Караткевіча, а таксама кнігу Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Ўладзімера Калесьніка «Я з вогненнай вёскі».
Зьяўляўся старшынём Дзяржтэлерадыё БССР (1978—1990). Заняў пасаду на прапанову 1-га сакратара КПБ Пятра Машэрава (1965—1980), які яму сказаў: «Я не магу падтрымаць цябе ў справе беларушчыны афіцыйна з трыбуны, бо мяне тут жа здымуць. Але ты рабі справу. Чыноўнікі ведаюць, што ў цябе за сьпінай стаю я, і яны не насьмеляцца табе замінаць». У 1980 г. дамогся атрыманьня тэлеканалам «Беларускае тэлебачаньне» самастойнай праграмы на частасьцях 2-й Маскоўскай праграмы Цэнтральнага тэлебачаньня СССР(ru), якая дагэтуль пакрывала 70% земляў Беларускай ССР. Звыш 60% вяшчаньня самастойнай праграмы «БТ» склалі перадачы на беларускай мове. У 1990 г. вызвалены ад пасады і накіраваны на дыпляматычную працу за падтрымку дэмакратычных сілаў і прадстаўленьне этэру лідэрам Беларускага народнага фронту.
Зьяўляўся пастаянным прадстаўніком Беларусі ў ААН (1990—1994). З 18 сакавіка 1994 году быў намесьнікам міністра культуры і друку Рэспублікі Беларусь . На гэтай пасадзе паспрыяў выхаду ў 1995 г. на кінастудыі «Беларусьфільм» фільма Валерыя Панамарова «На чорных лядах» пра Слуцкі збройны чын 1920 году.
Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар. Дэпутат Вярхоўнага Савету БССР X і XI скліканьняў (1980—1990), быў адным зь ініцыятараў прыняцьця Закону аб мовах. Быў старшынём ТБМ імя Ф. Скарыны.
У 1995—2001 працаваў у часопісе «Вожык».
Чалец Беларускага ПЭН-Цэнтру, сустаршыня ўсебеларускага зьезду за Незалежнасьць (2000), Чалец Рады беларускай інтэлігенцыі.
З 2008 году зьяўляўся кіраўніком назіральнага савету спадарожнікавага тэлеканалу Белсат.
Сябраваў з шэрагам вядомых беларускіх мастакоў свайго пакаленьня. Часта прамовай Генадзя Бураўкіна адкрываліся іхнія мастацкія выстаўкі.
Памёр 30 траўня 2014 году ў Менску ад анкалягічнага захворваньня. Пахаваны ў Менску на Ўсходніх могілках.
Першыя свае вершы ён надрукаваў у полацкай абласной газэце ў 1952 годзе. Пазьней выйшлі ягоныя кнігі «Майская просінь» (1960), «Зь любоўю і нянавісьцю зямною» (1963), «Дыханьне» (1966), «Жніво» (1971), «Выток» (1974), «Варта вернасьці» (1978), «Гняздо для птушкі радасьці» (1986). Аўтар зборнікаў паэзіі «Узмах крыла» (1995), «Паміж зоркай і сьвечкай» (2000, вершы 1995—1997 гг.), кніга «Выбранае» (1998).
Вершы канца 20 стагодзьдзя склалі зборнік паэта «Жураўліная пара» (2004). Надзвычай багатая і разнастайная інтымная лірыка паэта, яна ўключалася ва ўсе яго зборнікі, але асобна сабраная ў кнігах «Пяшчота» (1985) і «Чытаю тайнапіс вачэй» (2001). На вершы Г. Бураўкіна напісана шмат папулярных песень («Белы сьнег», «Зачараваная», «Матылі», «Малітва» і інш.). У паэта ёсьць зборнік песенных тэкстаў «Табе, Беларусь» (1984). Напісаў «Калыханку» для аднайменнай праграмы на беларускім тэлебачаньні. Аўтар дзьвюх кнігаў паэзіі для дзяцей «Тры казкі пра Зая» (1974) і «Сінія арэлі» (1987), дакумэнтальных аповесьцяў «Тры старонкі з легенды» (1971), выступае ў друку з нарысамі, публіцыстычнымі і крытычнымі артыкуламі. Аўтар сцэнарыяў некалькіх дакумэнтальных фільмаў, двухсэрыйнага мастацкага фільму «Полымя» (1974, сумесна з Уладзімерам Халіпам і Фёдарам Коневым).
Перакладаў на беларускую мову вершы расейскіх, украінскіх, малдаўскіх, баўгарскіх паэтаў.
Укладальнік кнігі «Наш Быкаў» — першай кнігі ўспамінаў пра Васіля Быкава.
Ляўрэат прэміі Ленінскага камсамолу Беларусі (1972), Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы за кнігу «Варта вернасьці» (1980).
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Генадзь Бураўкін, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.