Слова — адзінка мовы, фанетычна і граматычна аформленая, якая мае пэўны сэнс і аднолькава разумеецца супольнасцю людзей, аб'яднаных у адзін этнас.
Як адзінка мовы, слова не ствараецца ў працэсе зносін, а выкарыстоўваецца, узнаўляецца як гатовае.
Слова мае свае сталыя прыметы; яно характарызуецца ўстойлівай фанетычнай аформленасцю, наяўнасцю аднаго (асноўнага) націску (Гл. таксама: націскная дублетнасць у беларускай мове), гукавой непранікальнасцю (немагчымасцю ўставіць у сярэдзіну аднаго слова іншае). Устойлівасць слова выяўляецца ў пастаянстве гукавога складу, марфемнай будовы і значэння. Ізаляванасць слова як назвы і носьбіта цэласнага значэння выяўляецца ў магчымасці вычленіць яго з кантэксту.
Словы выконваюць намінатыўную (назыўную) функцыю ў мове, называючы прадметы, з'явы, дзеянні, прыметы або выражаюць розныя адносіны паміж імі, і такім чынам служаць сродкам фарміравання і выказвання думкі. Таму ў мове пераважаюць самастойныя (паўназначныя) словы (назоўнікі, прыметнікі, лічэбнікі, займеннікі, дзеясловы, прыслоўі). З іншага боку, службовыя словы (прыназоўнікі, злучнікі, часціцы) не выконваюць намінатыўнай функцыі і не маюць лексічнага значэння, а толькі звязваюць словы ў словазлучэнні і сказы, надаюць словам або сказам пэўныя сэнсавыя, мадальныя і эмацыянальныя адценні.
Разам з назыўным, слова можа мець і экспрэсіўна-ацэначнае значэнне, даючы ацэнку прадметам, з'явам, прыметам, дзеянням, і такім чынам выражаць пачуцці, эмоцыі, адчуванні ўдзельніка моўных зносін, паказваць яго адносіны да выказанай думкі ці ўспрынятай інфармацыі.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская article Слова, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Матэрыял даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначана іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.