Літва, Літоўская зямля (у тапанімічным сэнсе) — назва зямлі (тэрыторыі) ва Усходняй Еўропе ў XI—XVIII стст.
Паводле меркаванняў некаторых даследчыкаў, першапачаткова (да сярэдзіны XIII ст.) пад назвай «Літва» («Літоўская зямля») разумелася тэрыторыя балцкага этнапалітычнага аб’яднання «літва», якое размяшчалася ў верхнім цячэнні ракі Віліі, на паўночным захадзе Рэспублікі Беларусь і паўднёвым усходзе Літоўскай Рэспублікі: раёны вакол сучасных населеных пунктаў Вільнюс, Тракай, Варэна, Ліда, Ашмяны, Гальшаны, Крэва, Смаргонь, Валожын, Астравец. На думку іншых даследчыкаў, першапачатковая Літва (Літоўская зямля) была шырэйшай і ахоплівала таксама тэрыторыі гістарычных Нальшчан і Дзяволтвы, якія, мяркуецца, былі не самастойнымі аб’яднаннямі, а толькі складовымі часткамі балцкага правадырства «літва». На поўдні і ўсходзе межавала з усходнеславянскімі землямі — Полацкай дзяржавай і Гарадзенскім княствам. З апошнім было звязана ўзвышэнне гэтай тэрыторыі і яе князёў у ХІІІ ст.
Паводле меркавання Міколы Ермаловіча, Літва яшчэ да сярэдзіны XIII ст. знаходзілася паміж Слонімам і Мінскам (цалкам на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь), а толькі пасля назва «Літва» («Літоўская зямля») разам з уладай вялікіх князёў літоўскіх распаўсюдзілася на іншыя тэрыторыі ўсходніх балтаў у выключна палітычным сэнсе. Аднак канцэпцыя лакалізацыі летапіснай Літвы Міколы Ермаловіча была ўспрынята шэрагам гісторыкаў вельмі крытычна.
З пачаткам тэрытарыяльнага росту Вялікага Княства Літоўскага (з сярэдзіны XIII ст.) і далейшым пашырэннем уладанняў першых вялікіх князёў літоўскіх (Міндоўга, Войшалка і іх пераемнікаў) назва «Літва» ахоплівае землі на ўсходзе сучаснай Літвы, Нальшаны, Дзяволтву, Упіту (тэрыторыі, пазней вядомыя як Аўкштота), а таксама распаўсюджваецца на ўсе землі Верхняга Панямоння (тэрыторыі вакол Навагрудка, Слоніма, Ваўкавыска і Гродна), але не ўключае землі Жамойці. У пісьмовых крыніцах Жамойць згадваецца як асобная гістарычная вобласць. Прычыны і наступствы распаўсюджання назвы «Літва» на ўсе гэтыя землі выклікаюць навуковыя дыскусіі: напрыклад, пераасэнсаванне першапачатковага значэння тэрміна, ці мелі дадзеныя працэсы этнічныя наступствы.
У XIV — першай палове XVI ст. назва «Літва» з’яўляецца не толькі кароткім абазначэннем Вялікага Княства Літоўскага, але і назвай цэнтральнага рэгіёна дзяржавы (гістарычная вобласць). Так, сучаснікі называлі Літвой тэрыторыю на ўсход ад ракі Нявежыс (вакол гарадоў Алітус, Укмярге, Анікшчэй, Рокішкіс) і на захад ад лініі Браслаў — Лагойск — Мінск — Нясвіж — Ганцавічы — Івацэвічы — Пружаны ўключна. Такі сэнс назвы «Літва» аддзяляў яе ад паняцця «Русь» (зямель «рускіх» княстваў, уключаных у склад ВКЛ у XIV ст., а не ў XIII ст.) і ад гістарычнай вобласці Жамойць. Напрыклад, у 1440 г. сын Ягайлы вялікі князь літоўскі Казімір (1440—1492) тытулаваўся як «великий князь Казимир, королевич всее Литовское земли и Жомойтское и многих Руских земель», а ў Жалаванай грамаце аб пашырэнні праў і прывілеяў феадалам ВКЛ ад 2 мая 1447 г. пазначыў сябе як «мы, Казимир, с божьей милости выбраный король польскый и великий князь литовский, и рускый, и жемоитскый и иных земель». У ВКЛ вылучалі і такія рэгіёны як Палессе і Падляшша.
Пазней дадзенае значэнне хароніма яшчэ больш пашыраецца: у XVII—XVIII стст. назва «Літва» ужо трывала выкарыстоўваецца пры азначэнні ўсёй заходняй і цэнтральнай частак ВКЛ (акрамя Жамойці) і яго насельніцтва (раёны вакол гарадоў Трокі, Вільня, Горадня, Наваградак, Менск, Слуцк, Берасце, Пінск, Мазыр, Бабруйск, Барысаў, Браслаў і інш.), адсоўваючы на ўсход арэал назвы «Русь» (у дачыненні толькі да падзвінскіх і падняпроўскіх паветаў і ваяводстваў), што захавалася да падзелаў Рэчы Паспалітай і ў пазнейшы час.
У іншым моўным раздзеле ёсць больш поўны артыкул Літва(бел. (тар.)) |
This article uses material from the Wikipedia Беларуская article Літва (зямля), which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Матэрыял даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначана іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.