Дзень Волі

Дзень Волі, Дзень Незалежнасці — беларускае свята, гадавіна абвяшчэння незалежнасці першай нацыянальнай дзяржавы — Беларускай Народнай Рэспублікі (25 сакавіка 1918 года прынята Трэцяя Устаўная грамата).

У Рэспубліцы Беларусь святкуецца на неафіцыйным узроўні, таксама адзначаецца беларускай дыяспарай.

Дзень Волі
Дзень Волі
Тып неафіцыйнае свята (Беларусь і беларуская дыяспара)
Дата 25 сакавіка
Святкаванне мітынгі і шэсці
Звязана з Абвяшчэнне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі

Назва

Дзень Волі 
Паштоўка БНР

Першая афіцыйная назва свята — Дзень абвяшчэння (дзяржаўнай) Незалежнасці Беларусі. Упершыню назву надалі ў 1921 годзе ў «Дэкларацыі ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі з прычыны трэцяй гадавіны абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці Беларусі», якая пачынаецца словамі: Дзень 25 сакавіка — нацыянальнае сьвята Беларусі <…> Тры гады таму … Беларуская Дзяржаўная Рада … абвесьціла наш край Дзяржавай вольнай ад нікога незалежнай. <…> Моцна трымае Рэвалюцыйны Беларускі Урад у сваіх руках сьцяг незалежнасьці і непадзельнасьці роднага краю. Гэтая назва таксама зазначаецца ў «Адозьве Рады БНР і Рады Міністраў БНР да беларускага й жыдоўскага народаў» ад 25 сакавіка: …вялікі гістарычны дзень 25 сакавіка 1918 году — Дзень апавешчаньня Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Назва Дзень Волі ўпершыню з’явілася ў спецыяльным выпуску газеты «Свабода», які выйшаў у 1990 годзе.

Гісторыя

25 сакавіка 1918 года ў Менску Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (былы выканаўчы камітэт Усебеларускага з’езда) прыняла Трэцюю Устаўную грамату, згодна з якой Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася вольнай і незалежнай дзяржавай. Рада БНР пастанавіла, што Брэсцкі мірны дагавор, падпісаны бальшавікамі і немцамі, страціў моц, таму заклікала перагледзець яе ўмовы.

Дзяржаўнымі сімваламі Беларускай Народнай Рэспублікі сталі бела-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня, дзяржаўнай і абавязковай мовай — беларуская (з 12 красавіка 1918 года). Ад 11 кастрычніка 1918 года дзейнічала часовая канстытуцыя, праводзілася выдача пашпартоў.

Святкаванне

Дзень Волі 
Святкаванне ўгодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі ў Віленскай беларускай гімназіі, 1935 г.

Упершыню ўгодкі абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі адзначылі ў 1919 годзе ў Гродне. Другое адзначэнне прыпала на польскую акупацыю. У Менску ў будынках беларускіх арганізацый прайшлі культурныя мерапрыемствы, вучні беларускіх школ і прытулкаў наведалі каталіцкія і праваслаўныя набажэнствы. У Юбілейным доме ў Менску адбыўся Урачысты Сход Нацыянальнага Камітэта. Таксама святкаванне прайшло ў Гродне ў будынку Беларускай хаткі.

З 1921 года цэнтрам святкавання Дня Незалежнасці становіцца Вільня ў падуладнай Польшчы Заходняй Беларусі, арганізацыяй займаўся Беларускі нацыянальны камітэт. 29 сакавіка 1921 года ў віленскім Браніфратэрскім касцёле Адам Станкевіч правёў урачыстую імшу, якую завяршыў казаннем на беларускай мове. Святая імша стала трывалай традыцыяй святкавання 25 сакавіка ў Вільні, пазней набажэнства праводзілася ў касцёле Святога Мікалая. Апошняе агульнае святкаванне віленскіх беларусаў прайшло ў 1925 годзе, якое таксама было сумешчана з юбілеем выдавецкай дзейнасці Францішка Скарыны. У святкаванні заўсёды актыўна ўдзельнічалі вучні Віленскай беларускай гімназіі і беларускія студэнты ўніверсітэта Стэфана Баторыя.

Дзень Волі 
Дзень Волі-2007 у Мінску

У кастрычніку 1925 года на Другой Усебеларускай канферэнцыі ў Берліне частка міністраў БНР перадала свае мандаты ўраду БССР. Сярод беларускага руху Заходняй Беларусі пашырылася думка, што ідэя БНР вычарпаная, а Заходняя Беларусь мусіць стаць часткай Савецкай Беларусі. Найбольш да гэтага схіляліся дзеячы Беларускай сялянска-работніцкай грамады. На пасяджэнні віленскага Беларускага нацыянальнага камітэта ў пачатку сакавіка 1926 года было вырашана адмовіцца ад шырокага святкавання гадавіны незалежнасці. Адгэтуль арганізацыяй святкаванняў Дня Незалежнасці сталі займацца прадстаўнікі БХД, якія не пагадзіліся з беларускімі сацыялістамі. 25 сакавіка 1926 года прайшлі святочныя набажэнствы ў касцёле Святога Мікалая і ў Пятніцкай царкве. У сярэдзіне 1930-х геаграфія святкаванняў выйшла за межы Вільні, найперш у асяродкі, што знаходзіліся пад уплывам БХД. Святкаванні праходзілі ў Ашмянах, Жодзішках, Смаргоні, вёсцы Шутавічы і іншых месцах. Урачыстасці ў Вільні адбываліся да Другой сусветнай вайны, але апошнія гады яны праходзілі з моцнымі перашкодамі з боку польскіх уладаў.

Дзень Волі 
Праспект Незалежнасці ў Мінску, перакрыты АМАП, 25 сакавіка 2017

У часы Другой сусветнай вайны пад нямецкай акупацыяй працягнулася традыцыя святкавання гадавінаў 25 сакавіка. У 1942 годзе генеральны сакратар акругі Беларусь Вільгельм Кубэ даў дазвол на правядзенне ўрачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных гадавіне абвяшчэння БНР. У 1944 годзе святкаванні прайшлі па ўсёй Беларусі, адбылася ўрачыстая прысяга жаўнераў Беларускай краёвай абароны. У выніку пасляваеннай эміграцыі ў ЗША сфармаваліся вялікія беларускія асяродкі, якія працягнулі традыцыю святкавання Дня Незалежнасці. Намаганнямі беларускіх арганізацый i грамадзян у ЗША пасля Другой сусветнай вайны сенатары, губернатары і мэры адпаведных адміністрацыйных адзінак неаднаразова абвяшчалі і праводзілі 25 сакавіка Беларускія дні ў шэрагу штатаў і гарадоў. Неаднаразова праца Сената і Кангрэса ЗША пачыналася 25 сакавіка малітвай за Беларусь, чытанай беларускім святаром. У 1957 годзе мэр Нью-Ёрка Роберт Ф. Вагнэр малодшы  (англ.) абвясціў 25 сакавіка Днём Незалежнасці Беларусі ў Нью-Ёрку і запрасіў жыхароў горада «далучыцца да грамадзян беларускага паходжання ў малітвах за мір, свабоду і справядлівасць у свеце». У 1966 годзе распараджэннем мэра Чыкага Рычарда Дж. Дэйлі  (англ.) 25 сакавіка адзначалася як Дзень Незалежнасці Беларусі. Афіцыйна віншаванні беларусам з нагоды Дня Незалежнасці выказвалі прэзідэнты ЗША: Дуайт Эйзенхаўэр, Рональд Рэйган, Джордж Буш (старэйшы), Біл Клінтан. У 1995 годзе мэр Нью-Ёрка Рудольф Джуліяні абвясціў нядзелю 26 сакавіка Днём Беларускай Незалежнасці.

Дзень Волі 
Дзень Волі-2018 у Баранавічах
Дзень Волі 
Дзень Волі-2018 у Каложскім парку, Гродна

У некаторых гарадах з актыўнымі беларускімі асяродкамі 25 сакавіка на адміністрацыйных будынках вывешваліся бела-чырвона-белыя сцягі. Рэгулярна ўздымаўся бела-чырвона-белы сцяг на будынку гарадской ратушы ў Брэдфардзе (Англія, Вялікабрытанія), на быдынку ратушы горада Ошава (Канада). Да сёння ў Дзень Волі вывешваецца бела-чырвона-белы сцяг на будынку гістарычнага музея ў Саўт-Рыверы (Нью-Джэрсі, ЗША).

Публічныя святкаванні ў Беларусі аднавіліся ў 1989 годзе, з перформанса мастака Алеся Пушкіна ў Мінску. З гэтага часу ў Беларусі праводзяцца палітычныя акцыі, мітынгі, шэсці, прысвечаныя даце 25 сакавіка. У 1990 годзе на мітынгу ў Мінску сабралася некалькі соцень чалавек. У 1993 годзе святкаванні праходзілі па ўсёй краіне, у будынку дзяржаўнай філармоніі ва ўрачыстасцях удзельнічаў старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч і тагачасны старшыня Рады БНР Язэп Сажыч.

У 1996 годзе святкаванні супалі з падзеямі Мінскай вясны. Тады на мітынг, які праходзіў на Траецкай Гары, прыйшло каля 50 тыс. чалавек, гэта была самая масавая акцыя на Дзень Волі. Адбыліся сутычкі са спецназам і масавыя затрыманні. З 1999 года пачаліся затрыманні і адміністрацыйныя пакаранні ўдзельнікаў за бела-чырвона-белыя сцягі як «незарэгістраваную сімволіку». Адгэтуль затрыманні і разгоны на Дзень Волі ў Беларусі сталі рэгулярнымі. У 2000 годзе на акцыю ў Мінску прыйшло каля 10 тыс. чалавек, беларускія ўлады выставілі ў горадзе вялікую колькасць вайсковай тэхнікі, каля 200 чалавек былі затрыманыя. 25 сакавіка 2005 года да Дня Волі была прымеркаваная акцыя пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску, арганізаваная Андрэем Клімавым. Акцыя была разагнаная, дзясяткі людзей затрыманыя, Андрэй Клімаў быў асуджаны на 1,5 года «хіміі». У 2006 годзе на Дзень Волі ў Мінску адбылася акцыя пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, у выніку супрацьстаяння з міліцыяй былі затрыманыя дзясяткі чалавек, Аляксандр Казулін як арганізатар акцыі асуджаны да турэмнага зняволення. У 2017 годзе Дзень Волі супаў з пратэстамі супраць Дэкрэта № 3, акцыі прайшлі ў Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне. У Мінску на вуліцы была выведзеная вайсковая тэхніка, адбыліся масавыя затрыманні і збіццё мірных удзельнікаў.

Дзень Волі 
Святкаванне стагоддзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі на Траецкай Гары ў Мінску, 2018 год

У 2018 годзе ў рамках 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі святкаванні прайшлі па ўсёй краіне. Святочныя вулічныя канцэрты і мітынгі прайшлі ў Баранавічах (Малады парк), Брэсце (Плошча Свабоды), Гродне (Каложскі парк). Канцэрты прайшлі ў Гомелі (арт-прастора Каўчэг), Слуцку (Гарадскі Дом культуры), Лідзе (Лідскі гісторыка-мастацкі музей), Пружанах (Палац культуры). Пікет і мітынг адбыліся ў Кобрыне (плошча перад Палацам культуры) і Салігорску (стадыён Будаўнік). Беларускім цэнтрам святкавання стала Траецкая Гара ў Мінску перад Оперным тэатрам, на якой прайшлі канцэрт і мітынг. У Беластоку ў царкве Святога Яна Тэолага прайшла святая літургія і малебен за беларускі народ, святочны канцэрт у Падляшскай оперы і філармоніі. Святочныя шэсці прайшлі ў Варшаве (Польшча), Вільнюсе (Літва), Кіеве (Украіна), Любліне (Польшча), Філадэльфіі (Пенсільванія, ЗША).

Дзень Волі 
Дзень Волі ў Каложскім парку Гродна, 2019

У 2019 годзе дазволеныя вулічныя канцэрты ў Беларусі прайшлі ў Гродне (субота 23 сакавіка, Каложскі парк) і Мінску (нядзеля 24 сакавіка, Кіеўскі сквер). Адразу пасля выступу на сцэне ў Мінску быў затрыманы міліцыяй Зміцер Дашкевіч, а праз некаторы час затрыманы арганізатар святкавання Віталь Рымашэўскі. Змітру Дашкевічу быў прысуджаны штраф 1147,5 беларускіх рублёў за заклік паставіць свечкі ў Курапатах. 25 сакавіка ў Мінску планавалася некалькі несанкцыянаваных акцый. На Кастрычніцкай плошчы была затрыманая актывістка Алена Талстая, якая прыкавала сябе да слупа, таксама затрыманыя некалькі магчымых удзельнікаў і мінакоў. На пешаходнай Камсамольскай вуліцы былі затрыманыя музыкі Павел Аракелян, Зміцер Вайцюшкевіч, Ігар Варашкевіч і Лявон Вольскі, якія планавалі зайграць у гонар свята. А 21-й гадзіне 25 сакавіка ў розных гарадах Беларусі адбыўся флэшмоб па запуску феерверкаў.

У 2022 ў Дзень Волі годзе байцы батальёна імя Кастуся Каліноўскага прынялі прысягу.

У культуры

У 1920 годзе Янка Купала напісаў верш «25.III.1918 — 25.III.1920. Гадаўшчына — памінкі»:

Дзень Волі  Не свята светлае спраўляці
Сягоння будзе наш народ.
А трызну па айчыне-маці
Ён справе ў гэты цяжкі год
Дзень Волі 

Прыняццю Трэцяй Устаўной граматы прысвечаныя вершы «На 25 сакавіка» (1932) і «На дзень 25.III.1933» (1933) Язэпа Германовіча (Вінцук Адважны), «25 сакавіка» (1935) Міхася Машары, вершы «Паслухай, што кажа курган» (1944), «25 сакавік» (1946) і «Былі героі» (1962) Алеся Змагара, «25 сакавік» (1950 г.) Наталлі Арсенневай. Даце 25 сакавіка прысвяцілі свае вершы Народныя паэты Беларусі Рыгор Барадулін («25 сакавіка») і Ніл Гілевіч.

Гл. таксама

  • 25 сакавіка (1936) — часопіс студэнцкай моладзі Універсітэта Стэфана Баторыя. Выдаваўся ў 1936—1939 гг. у Вільні на беларускай мове.

Зноскі

Літаратура

Спасылкі

Tags:

Дзень Волі НазваДзень Волі ГісторыяДзень Волі СвяткаваннеДзень Волі У культурыДзень Волі Гл. таксамаДзень Волі ЗноскіДзень Волі ЛітаратураДзень Волі СпасылкіДзень Волі191825 сакавікаБеларуская Народная РэспублікаБеларуская дыяспараБеларусыБеларусьТрэцяя Устаўная грамата

🔥 Trending searches on Wiki Беларуская:

Энцыклапедыя1807Помнік літары «Ў»Беларуская моваБалгарыяПрацяжнікНавагрудакЛуізіянаПалацава-паркавы комплекс Горватаў (Нароўля)Косаўскі палацBingXЮрый Аляксандравіч БулычоўГеоргій МарчукЭдуард Станіслававіч ВаласевічПарламенцкія выбары ў Беларусі (2024)Спіс беларускіх імёнПершая сусветная вайнаМікалай ДубіцкіІнструкцыя па транслітарацыіДзеяслоўКуфарУладзімір Паўлавіч АндрэйчанкаІван Васілевіч СаверчанкаРуслан Леанідавіч БайдакоўЧазеніяМіхась ЗарэцкіСымон БудныБеларуская вышыўкаАляксандр Аляксандравіч Барысаў (трэнер)Браян Дэ ПальмаДзіевянішкесБеларуская літаратураМіколка-паравоз (фільм)РасіяАнальны коракМаксім ГарэцкіМікола СурначоўНацыянальны сход Рэспублікі БеларусьНаркамаўкаЛявон Вольскі432-гі Галоўны ваенны клінічны медыцынскі цэнтрDolinovДзеепрыслоўеМікалай Афанасьевіч КручкоўНастаўніцкая газетаСпадчынаАрыстакратыяСпакойнага шчасця не зычу нікомуАндрэй Русланавіч КудравецАргазмДзень абаронцы АйчыныАдам ГлобусReform.byБарыс Дзмітрыевіч ЖылкінПратэсты ў Беларусі (2020—2021)ФК Дынама МінскАрдэны (дэпартамент)Дзень Незалежнасці Рэспублікі БеларусьДабрыняАдольф ГітлерНавагрудскі замакНюшаЧасціны мовыФакір на гадзіну🡆 More