Целяха́ны — мястэчка ў Беларусі, на Агінскім канале.
Цэнтар сельсавету Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 3993 чалавекі. Знаходзяцца за 45 км на паўднёвы ўсход ад Івацэвічаў, за 181 км ад Берасьця, на аўтамабільнай дарозе Івацэвічы — Пінск.
Целяханы лац. Cielachany | |
Першыя згадкі: | 1554 |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Берасьцейская |
Раён: | Івацэвіцкі |
Сельсавет: | Целяханскі |
Насельніцтва: | 3993 чал. (2018) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1645 |
Паштовы індэкс: | 225275 |
СААТА: | 1234855906 |
Нумарны знак: | 1 |
Геаграфічныя каардынаты: | 52°30′46″ пн. ш. 25°50′32″ у. д. / 52.51278° пн. ш. 25.84222° у. д. 25°50′32″ у. д. / 52.51278° пн. ш. 25.84222° у. д. |
± Целяханы | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Целяханы — даўняе мястэчка гістарычнай Піншчыны (частка Берасьцейшчыны), на захадзе Палесься. Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа, помнік архітэктуры XIX стагодзьдзя, часткова зруйнаваны савецкімі ўладамі. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся палац Агінскіх.
Існуе некалькі вэрсіяў паходжаньня тапоніму Целяханы. На думку навукоўцаў, паселішча мае патранамічную назву, якая ўтварылася ад прозьвішча Целях (сэнсавае значэньне — 'калода, кругляк' — цэлае, неапрацаванае бервяно). Паводле мясцовай легенды, назва пайшла ад спалучэньня словаў «Цела хана»: нібыта ў часе вялікай бітвы з татарамі загінуў хан, якога пахавалі зь вялікай пашанай і насыпалі высокі курган. Паселішча, што ўзьнікла каля кургана, пачалі называць Целяханамі.
Першы пісьмовы ўпамін пра Целяханы датуецца 1554 годам. Паселішча ляжала на даўнім шляху зь Пінску да Слоніму і знаходзілася ў валоданьні княскаму роду Дольскіх (прозьвішча ўтварылася ад паселішча Дольску). У ХVІ стагодзьдзі Целяханы ўвайшлі ў склад Пінскага павету Берасьцейскага ваяводзтва. У ХVІІ стагодзьдзі яны атрымалі статус мястэчка і перайшлі да роду Вішнявецкіх.
З 1744 году Целяханы знаходзіліся ў валоданьні Міхала Казімера Агінскага, які ў 1775—1778 гадох заснаваў тут фаянсавую мануфактуру. Прадпрыемства вырабляла дэкаратыўныя вазы, скульптуру малых формаў, фрызы і карнізы для комінаў. У 1767—1783 гадох з пабудовай Канала Агінскага распачаўся эканамічны рост мястэчка. Тут працавала прыстань, быў добры рум, рамонтныя і суднабудаўнічыя майстэрні, на якіх выраблялі роўнадонныя баркі і паўбаркі рознай зьмяшчальнасьці. У канцы XVIII стагодзьдзя М. К. Агінскі збудаваў у Целяханах шыкоўны палац па-над Агінскім каналам (не зьбярогся), Траецкую царкву (у 1839 годзе гвалтоўна далучаная да Маскоўскага патрыярхату, не захавалася).
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Целяханы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі. У пачатку ХІХ стагодзьдзя мястэчка перайшло ў валоданьне Пуслоўскіх, якія ў 1817 годзе збудавалі тут касьцёл (зьбярогся часткова). Апроч таго, у мястэчку існавалі дзьве сынагогі, прыстань, мытня.
Неаднаразова (у 1830, 1880 і 1886 гадох) Целяханы цярпелі ад пажараў. У 1837 годзе ў мястэчку пачала працаваць лякарня. На 1885 год у Целяханах было 65 будынкаў, дзейнічалі царква, каталіцкая капліца і сынагога, працавалі валасная ўправа, народная вучэльня, паштова-тэлеграфная станцыя, паліцэйская ўправа на дзьве воласьці — Целяханскую і Сьвятавольскую. У 1895 годзе на былой вуліцы Касьцельнай, на зямлі зямяніна Ф. Пуслоўскага, заснавалі гуту, на якой застасоўваліся найнавейшыя дасягненьні навукі і тэхнікі. Найбольшую славу Целяханская гута прыдбала сабе за вырабы з крышталю і каляровага шкла, іх высокі мастацкі ўзровень і якасьць. Паводле перапісу 1897 году, у Целяханах было 450 будынкаў, валасная ўправа, пошта, лякарня на 10 ложкаў, царква, капліца, тры юдэйскія малітоўныя дамы, народная вучэльня, хлебазапасны магазын, паравы млын, шмат крамаў (зь іх 20 малочных); пры Агінскім канале было 23 дамы; у маёнтку — 14 будынкаў, бровар; на шкляным заводзе — чатыры баракі; на станцыі — восем двароў; побач зь мястэчкам знаходзілася сяло, насельнікі якога займаліся толькі сельскай гаспадаркай, 90 хатаў, хлебазапасны магазын. У 1909 годзе Целяханы сталі цэнтрам воласьці Пінскага павету Менскай губэрні (маёнтак — 8 будынкаў; мястэчка — 230 двароў; сяло — 210 хат; гута — 70 будынкаў).
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Целяханы занялі войскі Нямецкай імпэрыі. Лінія фронту (стаяў да лютага 1919 году) усталявалася ўздоўж Агінскага канала, усе гідратэхнічныя збудаваньні якога былі разбураныя. У гэты пэрыяд немцы збудавалі вузкакалейку з Івацэвічаў да Целяханаў і па ёй вывозілі лес.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Целяханы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Целяханы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Косаўскага павету Палескага ваяводзтва. У гэты час у мястэчку было 79 будынкаў. На 1935 год у Целяханах знаходзілася прадстаўніцтва ўраду водных камунікацыяў (па вайне аднавіўся і дзейнічаў Агінскі канал), пошта, тэлеграф, шпіталь, аптэка, гатэль, страўня, крама; землі ключа Целяханскага належалі графам Пуслоўскім і займалі 23 тыс. гектараў.
У 1939 годзе Целяханы ўвайшлі ў БССР, дзе ў 1940 годзе сталі цэнтрам раёну Пінскай вобласьці (з 1954 году ў Берасьцейскай вобласьці). У гэты час у мястэчку было 397 двароў. На 1951 год у Целяханах працавалі раённы прамысловы камбінат, лясная прамысловая гаспадарка, чыгунка, лясная гаспадарка, хімічная лясная гаспадарка, прамысловы арцель з крухмала-патачным і вапнавым заводамі. На 1954 год у мястэчку працавалі сярэдняя школа, друкарня, пошта, лазьня, МТС, раённы спажывецкі саюз, іншыя раённыя ўстановы, налічвалася 126 жылых дамоў. 25 сьнежня 1956 году Целяханы атрымалі афіцыйны статус гарадзкога пасёлку. З 8 жніўня 1959 году мястэчка знаходзілася ў Лагішынскім, з 25 сьнежня 1962 году — Пінскім, з 6 студзеня 1965 году — Івацэвіцкім раёнах.
6 лістапада 2004 году ў Целяханах адбылося асьвячэньне помніка Баляславу Пачопку.
У Целяханах працуюць сярэдняя школа, школа-інтэрнат, музычная школа, навучальна-вытворчы камбінат, тры дашкольныя ўстановы.
Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць лякарня і аптэка.
Дзейнічаюць дзьве бібліятэкі, дом культуры з народным тэатрам.
Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
? | Баравая вуліца |
? | Касьцельная вуліца |
? | Рынак пляц |
Прадпрыемствы лесанарыхтоўчай, дрэваапрацоўчай і харчовай прамысловасьці.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Целяханаў |
---|
|
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Целяханы, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.