Стату́т Вялі́кага Кня́ства Літо́ўскага 1529 го́ду, Першы Статут Вялікага Княства Літоўскага — звод законаў фэўдальнага права Вялікага Княства Літоўскага, помнік беларускае пісьменнасьці, мовы й юрыдычнае думкі.
Юрыдычна замацоўваў асновы грамадзкага й дзяржаўнага ладу, парадак утварэньня, склад і паўнамоцтвы дзяржаўных і судовых установаў.
Набыў сілу 29 верасьня 1529 году. Складаўся з 13 разьдзелаў і 244 артыкулаў. У выніку пазьнейшых дапаўненьняў колькасьць артыкулаў павялічылася да 283.
Падрыхтоўка праводзілася ў 1-й пал. XVI стагодзьдзя. Першы праект зьявіўся яшчэ ў 1522 годзе. Камісіяй складальнікаў (сярод якіх, імаверна, быў першадрукар і доктар права Францішак Скарына) кіраваў канцлер Альбэрт Гаштольд. Асноўныя палажэньні абмяркоўваліся зь вялікім князем Жыгімонтам Старым, які зацьвердзіў звод. Камісія адступіла ад сыстэмы кадыфікацыі, прынятай у рымскім праве, і выпрацавала сваю. Яна ґрунтавалася на новых прынцыпах: сувэрэннасьці дзяржавы (насуперак сярэднявечнаму касмапалітызму), адзінстве права, на прыярытэт пісанага права.
Аснову Першага Статуту складае кадыфікацыя й сыстэматызацыя нормаў мясцовага звычаёвага права, пастановаў судовых і дзяржаўных установаў, Судзебніка Казімера (1468), прывілеяў. Сярод адметнасьцяў — выпрацоўка сыстэмы й структуры разьмяшчэньня праўных нормаў у залежнасьці ад іхнага зьместу, улучэньне тыповых і абагульненых нормаў, дакладная рэдакцыя кожнага артыкулу, увядзеньне новых праўных нормаў (з адлюстраваньнем тагачасных таварна-грашовых дачыненьняў), улучэньне нормы дзяржаўнага, адміністрацыйнага, грамадзянскага, сямейнага, крымінальнага, судова-працэсуальнага й іншых галінаў права.
Выданьне Першага Статуту вывела Вялікае Княства Літоўскае на адно зь першых месцаў у сьвеце ў разьвіцьці права й праўнае культуры. Разам з тым гэты звод зрабіўся праўнай асновай для далейшага разьвіцьця заканадаўства.
Напісаны старабеларускай мовай, перакладаўся на лацінскую й польскую.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Статут Вялікага Княства Літоўскага 1529 году, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.