Патсдамская канфэрэнцыя адбылася ў Патсдаме ў палацы Цэцыліенгоф з 17 ліпеня па 2 жніўня 1945 году з удзелам кіраўнікоў трох найбуйнейшых дзяржаваў антыгітлераўскай кааліцыі ў Другой сусьветнай вайне з мэтай вызначыць далейшыя крокі пасьляваеннага ўладкаваньня Эўропы.
Гэта была трэцяя і апошняя сустрэча «вялікай тройкі» антыгітлераўскай кааліцыі. Першыя дзьве адбыліся ў канцы 1943 году ў Тэгеране (Іран) і ў пачатку 1945 году ў Ялце (Савецкі Саюз).
У канфэрэнцыі ўдзельнічалі кіраўнікі ўрадаў трох дзяржаваў — прэзыдэнт ЗША Гары Трумэн (старшыняваў на ўсіх пасяджэньнях), старшыня Савету Народных Камісараў СССР і старшыня Дзяржаўнага Камітэту Абароны СССР І. В. Сталін і прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Ўінстан Чэрчыль (падчас канфэрэнцыі пацярпеў паразу на выбарах, і ў Патсдам прыбыў яго пераемнік Клемэнт Этлі).
36 з 176 памяшканьняў палацу былі адведзены для правядзеньня канфэрэнцыі. Дэлегацыі разьмяшчаліся не ў Цэцыліенгофе, а на вілах у Патсдамскім раёне Бабэльсбэрг — савецкая дэлегацыя разьмясьцілася на віле, якая раней належала генэралу Людэндорфу. Рабочым пакоем амэрыканцаў служыў былы салён кронпрынца, былы кабінэт кронпрынца служыў рабочым пакоем савецкай дэлегацыі.
Цяпер у палацы Цэцыліенгоф знаходзіцца гатэль і рэстарацыя, а таксама мэмарыяльны музэй Патсдамскай канфэрэнцыі.
Мэтамі акупацыі Нямеччыны саюзьнікамі абвяшчаліся яе дэнацыфікацыя, дэмілітарызацыя, дэмакратызацыя, дэцэнтралізацыя і дэкартэлізацыя. Была таксама абвешчана мэта аб захаваньні адзінства Нямеччыны.
У адпаведнасьці з пагадненьнем аб кантрольным мэханізьме ў Нямеччыне вярхоўная ўлада ў гэтай краіне будзе ажыцьцяўляцца галоўнакамандуючымі ўзброеных сілаў Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, Злучаных Штатаў Амэрыкі, Злучанага Каралеўства і Францускай рэспублікі, кожным ў сваёй зоне акупацыі, па інструкцыях сваіх адпаведных урадаў, а таксама сумесна па пытаньнях, якія закранаюць Нямеччыну ў цэлым, што дзейнічаюць у якасьці чальцоў кантрольнай рады.
Па пастанове Патсдамскай канфэрэнцыі ўсходнія межы Нямеччыны былі перанесены на захад да лініі Одэр-Найсэ, што скараціла яе тэрыторыю на 25% у параўнаньні з 1937 годам. Тэрыторыі на ўсход ад новай граніцы складаліся з Усходняй Прусіі, Сылезіі, Заходняй Прусіі, і дзьве траціны Памяраніі. Гэта ў асноўным сельскагаспадарчыя раёны, за выключэньнем Верхняй Сылезіі, якая зьяўлялася другім паводле велічыні цэнтрам нямецкай цяжкай прамысловасьці. Большая частка тэрыторыяў, адабраных ад Нямеччыны, увайшла ў склад Польшчы. У склад Савецкага Саюзу разам са сталіцай Кёнігсбэрг (які ў наступным годзе быў перайменаваны ў Калінінград) увайшла адна траціна Ўсходняй Прусіі, на тэрыторыі якой была створана Кёнігсбэрская (з сакавіка 1946 — Калінінградзкая) вобласьць РСФСР.
22—23 ліпеня Сталін і Молатаў прадставілі на канфэрэнцыі тэрытарыяльныя прэтэнзіі СССР да Турцыі і патрабаваньне адмысловага рэжыму для СССР у Чарнаморскіх пралівах. Гэтыя прэтэнзіі не былі падтрыманыя брытанскім і амэрыканскім бокам (хоць заключны пратакол канфэрэнцыі згадвае перагляд канвэнцыі Мантрэ з улікам меркаваньня турэцкага боку).
Былі прызначаны рэпарацыйныя плацяжы.
На Патсдамскай канфэрэнцыі Сталін пацьвердзіў сваё абавязацельства не пазьней за тры месяцы пасьля капітуляцыі Нямеччыны (датай чаго Сталін лічыў толькі 8 траўня) абвясьціць вайну Японіі. Ваюючыя зь Японіяй ЗША, Вялікабрытанія і Кітай таксама падпісалі Патсдамскую дэклярацыю (апублікавана 26 ліпеня), запатрабаваўшы ад Японіі безагаворачнай капітуляцыі. 8 жніўня (пасьля канфэрэнцыі) да дэклярацыі далучыўся СССР і абвясьціў Японіі вайну.
Па папярэдняй дамове Карэя апынулася падзелена на савецкую і амэрыканскую зоны акупацыі, хоць афіцыйна на пасяджэньнях карэйская пытаньне не ўзьнімалася.
Вострым пытаньнем, якая выклікала дыскусію, была праблема падзелу нямецкага флёту.
У завяршальны дзень канфэрэнцыі кіраўнікі дэлегацыяў прынялі асноватворныя пастановы па ўрэгуляваньні пасьляваенных пытаньняў, ухвалены 7 жніўня 1945 гады з пэўнымі агаворкамі Францыяй, не запрошанай на канфэрэнцыю.
У Патсдаме абазначыліся шматлікія супярэчнасьці паміж саюзьнікамі, якія прывялі неўзабаве да халоднай вайны.
Напярэдадні канфэрэнцыі адбылося першае выпрабаваньне ядзернай зброі ў ЗША. 24 ліпеня 1945 ў Патсдаме Трумэн як бы «паміж іншым» паведаміў Сталіну, што ў ЗША «цяпер ёсьць зброя незвычайнай разбуральнай моцы». Па ўспамінах Чэрчыля, Сталін пасьміхнуўся, але ня стаў цікавіцца падрабязнасьцямі. З гэтага Трумэн і Чэрчыль зрабілі выснову, што Сталін нічога не зразумеў і ня ў курсе падзеяў. Некаторыя сучасныя дасьледчыкі лічаць, што гэта была тонкая гульня Сталіна. У той жа вечар Сталін загадаў Молатаву перагаварыць з Курчатавым аб паскарэньні работ па распрацоўцы атамнай зброі.
Патсдамская канфэрэнцыя — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Патсдамская канфэрэнцыя, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.