Моладзь Беларускага Народнага Фронту — моладзевая палітычная арганізацыя з уласнай структурай, зьяўляецца моладзевым крылом Партыі БНФ.
Моладзь БНФ | |
[[Файл:|200пкс]] | |
Лідэр арганізацыі | Ганна Сьмілевіч |
---|---|
Дата заснаваньня | 2005 |
Штаб-кватэра | г. Менск, вул. Чарнышэўскага, 3-39 |
Саюзьнікі і блёкі | Партыя БНФ |
Ідэалёгія | беларускі нацыяналізм, нацыянал-дэмакратыя, кансэрватызм, лібэральны кансэрватызм |
Дэвіз | «Свабода, Незалежнасьць, Адраджэньне»; Жыве Беларусь! |
Афіцыйны сайт | mbnf.info |
Моладзевая камісія партыі БНФ была зацьверджана Соймам 7 лістапада 2005 году. Моладзь БНФ стваралі маладыя людзі, якія былі сябрамі Партыі БНФ. У аргкамітэт увайшлі: Алесь Каліта, Франак Вячорка, Аляксандар Мазанік, Яўген Пугач, Кацярына Маркоўская, Сяржук Семянюк, Аляксей Трубкін.
У 2008—2010 гадах многія сябры арганізацыі прайшлі праз рэпрэсіі: на сутках неаднаразова сядзеў Алесь Каліта, з унівэрсытэту незаконна былі выключаныя Франак Вячорка, Зьміцер Жалезьнічэнка. Яны, як і Алесь Каліта, трапілі ў войска.
У 2012—2015 гадах арганізацыя адчувала праблемы ў сувязі з палітычнымі рэпрэсіямі.
25 жніўня 2015 году выконваючым абавязкі кіраўніка Моладзі БНФ стаў Юрась Лукашэвіч.
У верасьні 2015 году Моладзь БНФ пачала адраджэньне. У 2015 і 2016 гадах правяла дзясяткі розных акцый у розных гарадох Рэспублікі Беларусь.
Пасьля парлямэнцкай кампаніі 2016 году некаторыя сябры арганізацыі трапілі пад рэпрэсіі з боку навучальных устаноў, але гэта не спыніла дзейнасьць арганізацыі: у Менску, Горадні, Берасьце, Магілёве, Гомлі, Віцебску, Слоніме, Рэчыцы, Воршы, Полацку, Наваполацку, Бабруйску, Баранавічах, Барысаве, Жодзіне, Лідзе, Смаргоні, Маладэчне, Пінску актывісты Моладзі БНФ працягваюць рэалізоўваць свае кампаніі, праводзіць мерапрыемствы і акцыі.
Сяброўства ў арганізацыі «Моладзь БНФ» зьяўляецца адкрытым. Любы чалавек ва ўзросьце ад 14 да 30 гадоў, які запоўніў анкету Моладзі БНФ, можа стаць сябрам арганізацыі. Ва ўзросьце ад 16 гадоў сябры арганізацыі маюць магчымасьць па жаданьні ўступіць у грамадзкае аб’яднаньне БНФ «Адраджэньне», а маючы 18 год — у Партыю БНФ. Сябры арганізацыі «Моладзь БНФ» маюць магчымасьць прымаць удзел ва ўсіх мерапрыемствах Партыі БНФ. Кіраўнікі аддзелаў, мясцовых суполак, сябры Рады абавязкова павінны зьяўляцца сябрамі Партыі БНФ і прымаць удзел у паседжаньнях мясцовых радаў. Сябры Моладзі БНФ, якія зьяўляюцца сябрамі Партыі БНФ, могуць удзельнічаць у выбарах як кандыдаты ад Партыі БНФ.
Моладзь БНФ правяла шэраг грамадзкіх кампаній, сярод іх: «Кампанія салідарнасьці з палітвязьнямі», «Кампанія супраць адмены ільготаў», «За беларусізацыю мабільных апэратараў», «За прафэсійнае войска», «Моладзь БНФ — Беларускаму народу», «Я слухаю беларускую музыку» (кампанія супраць «чорных» сьпісаў забароненых беларускіх музыкаў), «Я люблю Беларусь», «Абарона Лошыцкай сядзібы», «Кампанія супраць пераносу помніка М. Багдановічу», «Кветкі бацькам нацыі».
У прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году актывісты Моладзі БНФ прымалі актыўны ўдзел у перадвыбарчай кампаніі кандыдата ад Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Зьбіралі подпісы, агітавалі, каардынавалі працу асобных рэгіёнаў.
Моладзь БНФ актыўна прымала ўдзел у парлямэнцкіх выбарах у 2016 годзе, агітуючы за кандыдатаў ад партыі БНФ.
Па стане на 2016 год Моладзь БНФ праводзіць кампанію «За рэабілітацыю Ларысы Геніюш» і кампанію супраць ціску па палітычных матывах «Ірыска супраць ціску!»
Сымбалем арганізацыі зьяўляецца герб Фэнікс, які сымбалізуе адраджэньне, магутнасьць, росквіт і справядлівасьць.
Неафіцыйнымі сымбалямі арганізацыі зьяўляюцца герб Гедзімінавічаў «Калюмны» і герб Ягелонаў.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Моладзь БНФ, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.