Кляшчо́вы энцэфалі́т (грэц.
ἐν-κέφᾰλος — галаўны мозаг + лац. -itis — запаленьне) — вірусная інфэкцыя галаўнога мозгу, што перадаецца кляшчамі.
Кляшчовы энцэфаліт | |
Пашырэньне хваробы ў Эўразіі (2013 год) | |
Спэцыяльнасьць | нэўралёгія |
---|---|
Сымптомы | галаўны боль, боязь сьвятла, запамарока |
Ускладненьні | паралюш цягліцаў ног і пляча |
Звычайна праяўляецца | ліхаманка |
Працягласьць | месяц |
Прычыны | заражэньне флявавірусам |
Фактары рызыкі | укус заражанага кляшча, ужываньне сырога казінага малака |
Мэтад дыягностыкі | аналіз крыві на палімэразную ланцуговую рэакцыю |
Сходныя станы | барэліёз |
Прафіляктыка | прышчэпка |
Лекі | даксіцыклін |
Кляшчовы энцэфаліт у Вікісховішчы |
Выяўляецца ліхаманкай, галаўным болем, млосьцю, ванітамі і болем у канцавінах. Хваратворны стан трымаецца 4—5 дзён, пасьля чаго вяртаецца праз 1—2 тыдні. Паўторна хворы адчувае больш моцны галаўны боль, напругу патылічных цягліцаў і боязь сьвятла. Магчымыя парэзы шыі і пляча. Асноўнай крыніцай заражэньня чалавека служаць іксодныя кляшчы, якія самі заражаюцца ад цеплакроўных жывёлаў і птушак. Пры адсутнасьці імунітэту і лячэньня хвароба вядзе да парушэньня працы цэнтральнай нэрвовай сыстэмы, душэўных ускладненьняў і сьмерці. Ускладненьне хваробы вядзе да вялага паралюшу цягліцаў ног і пляча. Узбуджальнік належыць да сямейства флявівірусаў. Пры ўсходняй форме хваробы сьмяротнасьць можа дасягаць 20%. Вірус вылучалі з крыві і брулёў. Для сералягічнай дыягностыкі выкарыстоўвалі РЗК, РТГА, РН і РІФ. Для выяўленьня ўзбуджальніка робяць аналіз крыві на палімэразную ланцуговую рэакцыю ў першую хвалю хваробы, а другую — спрабуюць вызначыць у крыві антыцелы у выглядзе імунаглябуліну клясаў М і Г.
Для прадухіленьня заражэньня ад укусу кляшчом у лесе варта апранацца амаль без пакіданьня адкрытых участкаў цела. Пакінутыя адкрытымі ўчасткі цела карысна змазваць адпужвальнымі крэмамі ад вусякоў. У жылым доме мае сэнс закрываць вокны ахоўнай сеткай і прымяняць інсэктыцыдныя сьвечкі і аэразолі. На адкрытай прыродзе варта аглядаць адзеньне і цела кожныя 2—3 гадзіны. Таксама карысна трымацца далей ад сухастою і стагоў сена, аглядаць жывёлу пасьля выпасу і пазьбягаць ужываньня казінага малака без тэрмічнай апрацоўкі. Сярод іншага, варта рэгулярна ачышчаць падворак ад сьмецьця і касіць траву на ім. Урэшце, патрэбна карыстацца ахоўнымі сродкамі ад грызуноў у падсобных памяшканьнях. У сувязі з тым, што кляшчы напаўзаюць з травы і хмызьняку на ўзроўні ног і паўзуць далей па нагавіцах уверх, варта пазьбягаць сядзеньня і ляжаньня на траве. Пры патрэбе начлегу ў лесе лепей абраць пакрытую пяском дзялянку без травы. Таксама сьветлая аднакаляровая вопратка аблягчае выяўленьне кляшчоў.
Ад укусу дарослага кляшча і яго лічынкі засьцерагае нашэньне кашулі і футболкі з доўгім рукавом, высокім каўняром і шчыльнымі манжэтамі, а таксама нагавіцаў, якія магчыма заправіць у абутак або шкарпэткі. Таксама варта насіць галаўны ўбор, у якасьці якога падыдуць капюшон курткі, хустка і шапка. Карысна насіць і пальчаткі. Саму хваробу магчыма папярэдзіць прышчэпкай, што складаецца з трох ін’екцыяў і абавязкова робіцца лесьнікам. Увосень або ўзімку ўводзяць першую ін’екцыю. Праз 5—7 месяцаў на піка дзейнасьці кляшчоў робяць 2-ю ін’екцыю, пасьля якой праз 2 тыдні пачынае выпрацоўвацца імунітэт. Трэцюю прышчэпку праводзяць праз год для замацаваньня імунітэту на 3 гады. У наступным дастаткова рабіць па адной прышчэпцы кожныя 3 гады.
Каб выдаліць кляшча, яго абвязваюць ніткай, якой выкручваюць супраць гадзіньнікавай стрэлкі. Месца ўкусу апрацоўваюць ёдам або сьпіртам. Са скуры жывёлы кляшча выдаляюць пальцам праз марлю або хустку, а таксама пінцэтам. Цягам першых трох дзён пасьля ўкусу варта пачаць папераджальнае лячэньне. Зьнятага пераносчыка варта праверыць на заражанасьць узбуджальнікам інфэкцыі. У першыя 3 дні для папярэджаньня хваробы быў пажаданы аднаразовы прыём таблеткі з 200 міліграмамі даксіцыкліну.
У першыя 7—10 дзён хваробы назіраецца ліхаманка. Празь 10—14 дзён узьнікае моцны галаўны боль, сьветлабоязь і высокая тэмпэратура. Узьнікаюць санлівасьць і затарможанасьць, запамарока і хістаньне пры хадзе.
У Беларусі хваробу пачалі выяўляць з 1990-х гадоў. У 2000-я гады выяўлялі ад 40 да 120 выпадкаў за год, пераважна ў Берасьцейскай і Гарадзенскай абласьцях. У 2018 годзе каля 40 000 чалавек у Беларусі зьвярнуліся да лекараў наконт укусаў кляшчоў. У каля 100 чалавек з іх выявілі кляшчовы энцэфаліт. Пры гэтым каля 10% кляшчоў былі заражаныя вірусам запаленьня галаўнога мозгу ад жывёлаў. Імавернасьць заражэньня ад хворага кляшча складала каля 50%. У 2020 годзе найчасьцей укусы кляшчоў адзначыліся ў Бярэзінскім запаведніку, нацыянальным парку «Белавеская пушча», а таксама ў Ігуменскім, Койданаўскім і Пухавіцкім раёнах Менскай вобласьці. Сярод 12 пашыраных у Беларусі відаў кляшчоў узбуджальнікамі хваробы былі 2 віды іксодных кляшчоў: лугавы і лясны.
У 2022 годзе працягласьць чыннасьці кляшчоў у Беларусі вырасла да 10 месяцаў з лютага да лістапада з прычыны пацяпленьня клімату. У выніку лік выпадкаў кляшчовага энцэфаліту падвоіўся да больш як 200 за год. Найчасьцей адзначаліся заражэньні ў Берасьцейскай, Гарадзенскай і Менскай абласьцях. Эндэмічным вірус лічыўся ў 48 раёнах, што ахоплівалі траціну земляў Беларусі. У 7% выпадкаў заражэньні адбываліся пры ўжываньні сырога казінага малака.
Гэта — накід артыкула па мэдыцыне. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Кляшчовы энцэфаліт, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.