Герб (ад ням.
erbe — спадчына) — сымбалічная эмблема, візуальны адпаведнік пэўнай асобы ці роду, каталіцкага ордэну, гораду, дзяржавы.
Першыя гербы ўзьніклі ў канцы 11—12 ст. ў часы крыжовых паходаў. Крыніцамі гербавых эмблемаў найчасьцей былі пячаткі, вядомыя са старажытнасьці. Раньні герб уяўляў сабою шчыт з выяваю (гал. атрыбут), потым у склад гербу ўвайшлі гелм, кляйнот (фігура на гелме), намёт (напачатку — намочаная тканіна, якой накрывалі гелм ад сонца), карона. У позьнім сераднявеччы ў гербу зьявіліся менш абавязковыя элемэнты — шчытаношы, дэвізная стужка і ордэны.
Гербавыя выявы падзяляюцца на геральдычныя фігуры (1-га і 2-га парадку) і звычайныя (натуральныя і штучныя). Колеры ў гербе ствараюцца фарбамі (чырвоная, блакітная, зялёная, пурпуровая [фіялетавая], чорная) і мэталамі (золата і срэбра [жоўты і белы]), скарыстоўваецца таксама футра (гарнастая і вавёркі). У гербах беларускай шляхты пераважаюць чырвоныя і блакітныя фарбы, футры практычна не ўжываюцца.
У ВКЛ гербы зьявіліся ў 2-й пал. 14 ст., найбольш старажытны герб вядомы па пячатцы баярына Вайдылы (1380). Легендарная частка літоўска-беларускіх летапісаў згадвае гербы «Кітаўрус», «Калюмны», «Урсін», «Ружа» і «Пагоня».
У сераднявеччы герб быў знакам шляхціча і атаясамліваўся з пашырэньнем яго ўлады на пэўную тэрыторыю. Калі гэтая ўлада была працяглаю ў часе герб замацоўваўся і ператвараўся ў зямельны ці дзяржаўны — і нават пры ўладзе ўжо іншага фэўдала ці манарха выконваў сваю адпаведную функцыю.
Пазьней узьніклі гербы каталіцкіх ордэнаў і гарадоў (першы гарадзкі герб у ВКЛ атрымала Вільня ў 1387).
Гербы вывучае геральдыка, зборы гербаў называюцца гербарамі.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Герб, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.