Трапезундская імперыя — дзяржава (1204—1461) на паўночным усходзе Малой Азіі, са сталіцай у горадзе Трапезунд.
Гістарычная дзяржава | |||
Трапезундская імперыя | |||
---|---|---|---|
Βασίλειον τῆς Τραπεζοῦντος | |||
| |||
| |||
1204 — 15 жніўня 1461 | |||
Сталіца | Трапезунд | ||
Мова(ы) | грэчаская | ||
Афіцыйная мова | грэчаская мова | ||
Рэлігія | Грэчаскае праваслаўе і Праваслаўная Царква | ||
Форма кіравання | Манархія | ||
Пераемнасць | |||
< Візантыйская імперыя | |||
Асманская імперыя > | |||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Трапезундская імперыя была створана пасля захопу Канстанцінопаля крыжакамі — удзельнікамі 4-га крыжовага паходу, пры распадзе Візантыйскай імперыі. У красавіку 1204 года ўнукі візантыйскага імператара Андроніка I Аляксей і Давыд Камніны, з дапамогай войскаў грузінскай царыцы Тамары — сваёй цёткі па кудзелі, занялі Трапезунд, а затым прыбярэжныя раёны з гарадамі Сіноп, Амастрыда, Іраклія.
Імператарам быў абвешчаны Аляксей (1204—1222), рэальна яму была падуладна ўсходняя частка імперыі з Трапезундам, а заходняй часткай валодаў Давыд. Імператары сталі звацца Вялікімі Камнінамі. У 1214 годзе Трапезундская імперыя страціла Іраклію і Амастрыду, заваяваныя Нікейскай імперыяй, і Сіноп, захоплены сельджукамі. Пад уладай Трапезундскай імперыі засталася вузкая прыбярэжная паласа ў межах візантыйскай фемы Халдыя, адрэзанай ад астатняй грэчаскай тэрыторыі; засялялі яе грэкі, грузіны і армяне. Адміністрацыйна імперыя першапачаткова дзялілася на тры банды (ваенныя акругі): Трапезунд, Мацука і Гемора на чале з дуксамі або «кефаламі» (галовамі, кіраўнікамі). У 14 стагоддзі было ўжо сем банд за кошт драбнення ранейшых акруг: Трыкомія, Трапезунд, Мацука, Палеамацука, Гемора, Сірмена, Рызеон і асобная фема Вялікая Лазія. Асноўнымі гарадамі-крэпасцямі імперыі апроч сталіцы былі Керасунт, Трыпалі, Ясоній, Месахалдыя і Лімніі.
Трапезундская імперыя падтрымлівала саюз з Грузіяй. Нікейская імперыя, а затым і адноўленая Візантыйская імперыі ніколі не прызнавалі за Вялікімі Камнінамі тытула імператара, у афіцыйных візантыйскіх дакументах яны пісаліся «уладарамі» або «архонтамі». Эканоміка імперыі асноўвалася на вінаградарстве, хлебаробстве і пасрэдніцкім гандлі з Паўночным Прычарнамор'ем, Каўказам, Месапатаміяй, Сярэднім Усходам. З срэбра, якое здабывалі з радовішчаў на тэрыторыі імперыі, білася трапезундскія манета — аспры. Феадалы валодалі значнай самастойнасцю: дынаты вяршылі суд над залежнымі сялянамі (парыкамі), карысталіся правам мёртвага рукі, набіралі з сваіх людзей дружыны. У 1244 годзе Трапезундская імперыя стала данніцай манголаў, у пачатку 14 ст. вяла барацьбу з цюркамі Ак-Каюнлу. У 1456 годзе Трапезундскую імперыю абклалі данінай туркі-асманы, а ў 1461 годзе Трапезундская імперыя была заваявана султанам Мехметам II, які ператварыў яе ў правінцыю Асманскай імперыі.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская article Трапезундская імперыя, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Матэрыял даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначана іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.