Матэт (фр.: motet, лат.
motetus, motellus, ад старофранц. mot — слова) — род вакальнай ці вакальна-інструментальнай музыкі. Вядомы з канца 12 стагоддзя. Першапачаткова — 2-галосы музычны твор, у якім да голасу, заснаванага на напевах каталіцкай службы, далучаўся новы голас — матэт (адсюль назва).
Яшчэ ў XIII ст. Ян дэ Гракеё пісаў пра матэты:
Гэты від музыкі не варта прадстаўляць у прысутнасці простага народа, які не здольны ацаніць яго вытанчанасць і атрымаць задавальненне ад слухання. Матэт выконваецца для адукаваных людзей і наогул для тых, хто шукае вытанчанасці ў мастацтвах.
У 13 стагоддзі ў матэты пранікаюць свецкія мелодыі (песенныя і танцавальныя) і тэксты. У 15 стагоддзі выпрацавалася яго музычнае і тэкставае адзінства (Г.Дзюфаі, Дж. Данстэйбл), усталяваўся 4-галосы склад (І.Окегем, Я.Обрэхт), з’явілася вызначэнне матэт як своеасаблівага музычнага роду паміж месай і песняй. У 16 стагоддзі развіваўся ў рэчышчах венецыянскай (А.Віларт, А. і Дж. Габрыэлі) і рымскай (Дж. Палестрына) школ.
У 17 стагоддзі матэт страціў тыпалагічную ўстойлівасць, часам яго вызначалі як асаблівы «стыль», блізкі да «старадаўняга», ці як асаблівую тэхніку пісьма. Узніклі шматлікія разнавіднасці: мнагахорны матэт-канцэрт, «манадычны», «сольны» або матэт-канцэрт для невялікага складу з basso continuo; матэт-арыя, матэт-сцэна, матэт-дыялог, блізкія да араторыі, кантаты і музычна-сцэнічных жанраў. Да жанру матэт звярталіся Г.Шуц, К.Мантэвердзі, Ж. Ф. Рамо, Г.Пёрсел, Г. Ф. Гендэль, І. С. Бах, В. А. Моцарт, А.Брукнер, К.Сен-Санс і інш. У 20 стагоддзі матэт паслужыў прататыпам тэхнікі кампазіцыі ў творах А.Веберна, І.Стравінскага, Дз. Лігеці і інш.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская article Матэт, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Матэрыял даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначана іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.