Іва́н Па́ўлавіч Ме́леж (8 лютага 1921, Глінішча, Рэчыцкі павет — 9 жніўня 1976, Мінск) — беларускі пісьменнік, драматург, публіцыст.
Аўтар трылогіі «Палеская хроніка» («Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Завеі, снежань»), якая лічыцца нацыянальнай эпапеяй. Народны пісьменнік Беларусі (1972).
Іван Мележ | |
---|---|
| |
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 8 лютага 1921 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 9 жніўня 1976 (55 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Жонка | Лідзія Якаўлеўна Пятрова-Мележ[d] |
Альма-матар | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | пісьменнік, публіцыст, драматург, літаратуразнавец |
Гады творчасці | 1939 — 1976 |
Мова твораў | беларуская |
Грамадская дзейнасць | |
Член у | |
Прэміі | |
Узнагароды | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы | |
Цытаты ў Вікіцытатніку |
Нарадзіўся 8 лютага 1921 года ў вёсцы Глінішча Рэчыцкага павета Гомельскай губерні (цяпер — Хойніцкі раён Гомельскай вобласці). Разам з Іванам у сялянскай сям’і было шасцёра дзяцей. Бацька — Павел Фёдаравіч, рабіў гонты, дзяжы, цабэркі, наймаўся ўстаўляць вокны і дзверы ў новыя хаты. Маці — Марыя Дзянісаўна, родам з Каранёўкі, ведала шмат народных песень і любіла спяваць. Іван з пяці гадоў пасвіў свіней, пасля — авечак, цялят, карову, пазней вадзіў у начное каня.
Скончыў пачатковую школу ў Глінішчы, пасля сямігодку ў Алексічах, дзесяцігодку скончыў у Хойніках у 1938 годзе. У школе ўдзельнічаў у драматургічным гуртку. У 1938 годзе паступаў у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры, але не прайшоў конкурс.
Вярнуўся на радзіму, працаваў загадчыкам аддзела піянераў Хойніцкага раённага выканаўчага камітэта камсамола. У 1939 годзе, з другой спробы, стаў студэнтам Маскоўскага інстытута гісторыі, філасофіі і літаратуры, але неўзабаве быў прызваны ў савецкую армію.
Служыў у 289-м палку 192-й горна-артылерыйскай дывізіі ва Украіне, у Карпатах. У 1940 годзе ўдзельнічае ў паходах на Бесарбію і Букавіну. У арміі, нягледзячы на забарону, вядзе ваенныя дзённікі, у большасці згубленыя ў 1941 годзе.
Напад Германіі на СССР сустракае ў Старым Самборы Львоўскай вобласці. З першых дзён на фронце — на Збручы, пад Уманню, Мікалаевым, Сінелькавым, Растовам-на-Доне, Лазавой. У снежні 1941 года атрымаў раненне. У лютым—траўні 1942 года вучыўся ў Каменску на курсах палітычнага складу Паўднёвага фронту, па заканчэнні камандзіраваны ў 51-ю стралковую дывізію як супрацоўнік газеты «Красноармейская правда» («Чырвонаармейская праўда»).
20 чэрвеня 1942 года цяжка паранены, асколак бомбы раздрабіў правае плячо. Лячыўся ў шпіталях Растова, Есентукоў, Тбілісі. Трапіў у горад Бугуруслан, з лістапада 1942 года выкладаў ваенную падрыхтоўку і завочна вучыўся на літаратурным факультэце Малдаўскага педагагічнага інстытута (месціўся ў Бугуруслане). У Бугуруслане Мележ ажаніўся.
У 1943—1944 гадах выкладаў ваенную падрыхтоўку ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (месціўся тады на станцыі Сходня пад Масквой). Працу выкладчыкам ваеннай падрыхтоўкі БДУ сумяшчаў з вучобай на завочным аддзяленні філалагічнага факультэта БДУ, пасля перавёўся на стацыянарнае навучанне.
У жніўні 1944 года разам з БДУ пераехаў ў Мінск, скончыў універсітэт у 1945 годзе. У 1945—1948 гадах вучыўся ў аспірантуры пры БДУ, працаваў над дысертацыяй паводле творчасці Кузьмы Чорнага. Дысертацыю не скончыў, але ў гэты ж час пачаў публікавацца як пісьменнік. Матэрыялы дысертацыі сталі асновай артыкула «Пра творчасць Кузьмы Чорнага».
З траўня 1945 года па студзень 1947 года адначасова з вучобай у аспірантуры, працаваў у рэдакцыі часопіса «Полымя». Па заканчэнні аспірантуры працаваў старшым выкладчыкам беларускай літаратуры ў БДУ. З жніўня 1950 года па верасень 1951 года працаваў кансультантам аддзела прапаганды і агітацыі ў пытаннях літаратуры ЦК КПБ.
З 1966 года сакратар, у 1971—1974 гадах намеснік старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР.
Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1967—1976). Быў старшынёй праўлення Беларускага аддзялення таварыства «СССР — Францыя», старшынёй Беларускага камітэта абароны Міру, членам Сусветнага Савета Міру.
Хварэў на ныркі і сухоты. Памёр 9 жніўня 1976 года ад сардэчнага прыступу. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.
Быў жанаты з Лідзіяй Мележ-Пятровай, дзве дачкі — Людміла і Ларыса.
Дэбютаваў у друку вершам «Радзіме» ў газеце «Чырвоная змена» ў 1939 годзе, прозай на рускай мове — апавяданнем «Последняя операция» — у газеце «Бугурусланская правда» у 1943 годзе, прозай на беларускай мове — апавяданнем «Сустрэча ў шпіталі» — у газеце «Звязда» за 25 лістапада 1944 года. У 1941—1942 гадах Мележ вёў дзённік, запісы якога ў 1977 годзе ўвайшлі ў яго «Першую кнігу», што ўбачыла свет ужо пасля смерці пісьменніка.
У 1946 годзе выйшаў зборнік апавяданняў Мележа «У завіруху», загаловачнае апавяданне з якога высока ацаніў яшчэ Кузьма Чорны. У 1948 годзе была выдадзена кніга прозы «Гарачы жнівень». Назву ёй дала аднайменная аповесць, напісаная ў 1946 годзе пасля наведвання спаленай і спустошанай падчас вайны роднай вёскі. Аўтар паэтызуе будзённую сялянскую працу, перадае душэўную прыгажосць простых вясковых людзей. Менавіта ў гэты час пісьменнік па-новаму адчуў, што значыць Палессе ў яго жыцці. Ужо ў ранніх творах Івана Мележа назіралася тэндэнцыя да аб’яднання ў цыклы («Гарачы жнівень», апавяданні «Перад навальніцай» і «Павел прыехаў»).
Паступова пашыраліся жанравыя рамкі творчасці пісьменніка. З канца 1947 года ён працуе над раманам «Мінскі напрамак» (1947—1953). Аўтар расказвае пра вызваленчую барацьбу на Беларусі летам 1944 года, пра аперацыю «Баграціён». У 1960—1970-я гады гэты твор быў перапрацаваны, стаў больш шматпланавым і маштабным па ахопе падзей, багатым на народныя характары, праз якія паказана героіка і трагедыя вайны.
Надрукаваў некалькі апавяданняў: «У гарах дажджы» (1954) і «Спатканне за горадам» (1955). Першае з іх, што дало назву аднаму са зборнікаў, напісана на матэрыяле даваеннай службы аўтара ў войску. Апавяданні і аповесці 1950-х гадоў склалі тры зборнікі прозы: «Блізкае і далёкае» (1954), «У гарах дажджы» (1957), «Што ён за чалавек» (1961). Маленькія аповесць — «Дом пад сонцам» (1954), п’есы — «Пакуль вы маладыя» (1955), «Дні нараджэння», «У новым доме» (1957).
Стварыў цыкл раманаў «Палеская хроніка»: «Людзі на балоце» (1962), «Подых навальніцы» (1966) і «Завеі, снежань» (1976). Першы з іх Іван Мележ называў «лірычным раманам», наступныя часткі трылогіі ствараў ужо як трагедыйныя раманы-даследаванні. У іх выявілася грамадзянская смеласць і ідэйна-мастацкая маштабнасць у асэнсаванні складаных абставін калектывізацыі на Усходнім Палессі, жыцця савецкай Беларусі 1920—1930-х гадоў, шчырасць аўтара ў спалучэнні з яго глыбокім і тонкім псіхалагізмам. «Палеская хроніка» — філасофска-мастацкае асэнсаванне жыцця беларускага народа на важным гістарычным этапе.
Напісаў п’есы «Пакуль вы маладыя» (1956, асобнае выданне ў 1958, пастаўлена ў 1957), «Дні нашага нараджэння» (апублікавана і пастаўлена ў 1958), аднаактоўку «Хто прыйшоў уночы» (1959, асобнае выданне ў 1966). Паводле раманаў «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» Беларускім тэлебачаннем створаны ў 1966 годзе спектакль. Беларускім тэатрам імя Янкі Купалы пастаўлены ў 1966 годзе спектакль «Людзі на балоце», Гомельскім абласным тэатрам — «Подых навальніцы» (1977), у 1989 годзе — «Страсці эпохі» (паводле рамана «Завеі, снежань»).
У 1975 годзе выдаў кнігу літаратурна-крытычных артыкулаў, эсэ, інтэрв’ю і публіцыстыкі «Жыццёвыя клопаты», у 1977 выйшла «Першая кніга» (дзённікі, запісы ваенных гадоў).
У 1969—1971 гадах выйшаў збор твораў у 6-ці, у 1979—1985 гадах — у 10 тамах.
Беларускім тэлебачаннем пастаўлены спектакль «Людзі на балоце» (1965, Дзяржаўная прэмія Беларускай ССР, 1966, рэж. Аляксандр Гутковіч), а таксама тэлевізійныя пастаноўкі «Сустрэчы і развітання» (тэлефільм «Завеі, снежань», 1979) і «Страсці эпохі» (паводле рамана «Завеі, снежань», 1989).
Беларускім тэатрам імя Янкі Купалы ў 1966 годзе пастаўлены спектакль «Людзі на балоце», Гомельскім абласным тэатрам — «Подых навальніцы» (1977), у 1989 годзе — «Страсці эпохі» (паводле рамана «Завеі, снежань»).
У сваім артыкуле «На вышыні жыцця» (1968) адмоўна ацэньваў палітыку русіфікацыі ў БССР:
Мала выдаецца на роднай мове палітычнай літаратуры, яшчэ менш — медыцынскай, і ўжо зусім зачынены дзверы для беларускай мовы ў тэхнічную, эканамічную літаратуры, у навуковую, — амаль ва ўсе галіны навукі. Зусім не лічыць патрэбным выпускаць творы на беларускай мове студыя «Беларусьфільм»! Можна прывесці яшчэ нямала фактаў, якія сведчаць пра ненармальныя адносіны да беларускай мовы ў многіх установах рэспублікі. Гэтыя факты сведчаць, што ў цэлым шэрагу ўстаноў як бы звычайным стаў зняважлівы погляд на родную мову нашага народа. Думаю, што яго можна разглядаць як выразную праяву нігілістычных адносін да нашай мовы. |
У 1973 годзе разам з шэрагам іншых савецкіх пісьменнікаў падпісаў ліст з нападкамі на Аляксандра Салжаніцына і Андрэя Сахарава.
Імем Івана Мележа названы вуліцы ў Мінску, Брэсце, Гродне, Гомелі, Шчучыне, Дзятлаве, Івацэвічах, Кобрыне, Драгічыне, Іванаве, Пінску, Століне, Нясвіжы, Лельчыцах, Глінішчы, Хойніках, Рэчыцы, Івянцы, Смалявічах, Мазыры, в. Касцюковічы, Стараселлі. Вуліца Івана Мележа была ў Львове (Украіна), у 2016 годзе далучана да вуліцы Зэмэльнай.
Імем Івана Мележа названы Мазырскі драматычны тэатр, цеплаход «Іван Мележ», Беларуска-славянская гімназія № 36 у Гомелі, гарадская бібліятэка № 2 у Гомелі, Глінішчанская сярэдняя школа Хойніцкага раёна.
Жыццю і творчасці пісьменніка прысвечаны дакументальны фільм «Іван Мележ» (сцэнарый Вячаслава Адамчыка, 1978).
У Мінску на доме № 7 па вуліцы Янкі Купалы, у якім жыў народны пісьменнік, усталявана мемарыяльная дошка. У Глінішчы створаны літаратурны музей і ўсталяваны бюст Івана Мележа. У 2010 годзе ў Хойніках адкрыта скульптурная кампазіцыя «Людзі на балоце».
У 1980 годзе заснавана Літаратурная прэмія Саюза пісьменнікаў Беларусі імя Івана Мележа.
У 2024 годзе Іван Мележ пасмяротна атрымаў званне ганаровага грамадзяніна Хойніцкага раёна.
У метрычных кнігах 1795—1851 гадоў Алексіцкай Свята-Мікалаеўскай царквы, да прыходу якой належала вёска Глінішча, прозвішча запісвалася як Мале́жык. Тое ж і ў рэвізіі 1811 года. Але ў рэвізіі 1834 года ўпершыню сустрэтае прозвішча Ме́леж (Мѣлежъ). Згодна з інвентаром 1845 года ў маёнтку Глінішча і Азярын пана Рыгора, сына Станіслава, Аскеркі, у вёсцы Глінішча пражывалі браты 52-х гадовы Іван і 57-мі гадовы Андрэй Іванавыя Мале́жы з сямействамі, 28-мі гадовы Ігнат Фёдараў Мале́ж з 25-цю гадовай жонкай Просяй. У рэвізіі 1850 года таксама названыя Мале́жы. Гэты варыянт прозвішча ад 1855 года (Игнатій Федоровъ Малѣжъ) і надалей у метрыках ужываўся стала. У рэвізіі 1858 года зноў — Мележ. У метрыцы 1878 года працягвалі пісацца Малежамі. Недзе ад 1890 года, імаверна, з волі шматгадовага юравіцкага валаснога старшыні Фёдара Ігнатавага ўжывалася выключна форма Ме́леж. Магчыма, дзеля таго і была створана збольшага іранічная сямейная легенда, з якой вынікае нібыта
род пайшоў ад чэха Ігната Мелешака аднекуль з-пад Прагі. Нейкім чынам Мелешак служыў у рускім войску. Прыйшоў аднойчы з сябрам, юравіцкім хлопцам, на пабыўку ў вёску Глінішчы — на радзіму ж далёка. І закахаўся тут у мясцовую дзяўчыну-прыгажуню Кацярыну. Прайшоў тэрмін службы ў войску, маладыя пабраліся шлюбам. Было ў іх дзесяць дзяцей, сярод іх сын Фёдар. Прозвішча сваё на новай радзіме перайначыў — стаў Мележам. Марыў іншы раз: «Эх, пабываем мы, дзеткі, калі-небудзь у Залатой Празе…»
Легенда пераказана са слоў роднай сястры Івана Мележа Тамары Аляхновіч. На самай справе ёсць звесткі пра тое, як 1 (13) лістапада 1836 года 19-ці гадовы жыхар Глінішча Ігнат Фёдараў Малежык ажаніўся з 16-ці гадовай вадовіцкай дзяўчынай Еўфрасінняй (не Кацярынай), дачкой Міхайла Сцяпанавага Борыса. 25 чэрвеня (7 ліпеня) 1838 года ў іх нарадзіўся сын Мікіта. На 1858 год у сужэнцаў было ўжо чатыры сыны і дзве дачкі. У войску Ігнат ніколі не служыў. У метрыцы 1795 года сустракаецца датаваны 11-м лістапада запіс пра шлюб 17-ці гадовага Фёдара Гаўрылавага Малежыка з Матрунай, дачкой Міхала Вінніка; сведкамі тады выступілі Іван Малежык і Павел Швец. У метрыках 1801 і 1802 гадоў ёсць запісы пра смерць і пахаванне 49-ці гадовага Гаўрылы Малежыка і 56-ці гадовага Піліпа Іванавага Малежыка. Пэўна, людзі з прозвішчам Малеж або Малежык жылі ў Глінішчы яшчэ за часоў Рэчы Паспалітай, гэта значыць задоўга да таго, як з’явілася павіннасць служыць у расійскім войску. Усё паказвае на тое, што з Чэхіі на Беларусь першы з Малежыкаў наўрад ці прыходзіў. Прынамсі, гэта не мог быць Ігнат, прадзед пісьменніка.
Падобна, прозвішча Мележ, якое сустракаецца толькі ў Глінішчах, набыло свой выгляд намаганнямі бацькі Ігната і сына Фёдара — юравіцкіх валасных старшынь, якія былі публічнымі асобамі.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская article Іван Мележ, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Матэрыял даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначана іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.