Юзэф Антоні Салагуб (26 ліпеня 1709 — 4 траўня 1781) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага.
Кашталян жамойцкі (1742—1748) і віцебскі (1748—1752), ваявода віцебскі (з 1752); палкоўнік.
Юзэф Антоні Салагуб | |
Герб «Праўдзіч» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 26 ліпеня 1709 |
Памёр | 4 траўня 1781 |
Род | Салагубы |
Бацькі | Ян Міхал Салагуб Алена з Шамоўскіх |
Жонка | Антаніна Тэрэза з Агінскіх |
Быў старостам саньніцкім і эйшыскім. Граф на Ільлі, Івянцы, Тураве і Горы-Горках. Кавалер ордэна Белага Арла (1750).
Прадстаўнік шляхецкага роду Салагубаў гербу «Праўдзіч», сын Яна Міхала, падскарбія вялікага літоўскага, і Алены з Шамоўскіх. Меў брата Антонія Юзэфа.
У канцы 1720-х знаходзіўся ў замежным падарожжы. За часамі бескаралеўя ў 1733 падтрымліваў кандыдатуру Станіслава Ляшчынскага. Разам зь ім быў у аблозе ў Гданьску. Па капітуляцыі места вызнаў уладу Аўгуста Моцнага. Потым зьбег у Каралявец да Станіслава Ляшчынскага і канчаткова вызнаў уладу караля і вялікага князя толькі ў 1736.
У 1737 абіраўся жамойцкім дэпутатам Галоўнага Трыбуналу і маршалкам Духоўнага Трыбуналу. Быў паслом на соймы 1736, 1738, 1740. У 1750 атрымаў пяцігорскую харугву. У 1751 абіраўся віцебскім дэпутатам і маршалкам Галоўнага Трыбуналу. З гэтага часу зблізіўся з Чартарыйскімі. Пры іх падтрымцы 7 кастрычніка 1751 атрымаў урад ваяводы віцебскага.
У 1758 насуперак пазыцыі Чартарыйскіх вызнаў выбар курляндзкім герцагам каралевіча Караля. Гэта зблізіла яго з Радзівіламі. У 1759—1760 актыўна дапамагаў жонцы памерлага брата Антонія Юзэфа Брыгіце Пэтранэлі ў справе абароны Азярышчынскага староства ад прэтэнзіяў гетмана кароннага Яна Клемэнса Браніцкага. Быў малаактыўным хаўрусьнікам Радзівілаў і ў час бескаралеўя 1763—1764 адразу перайшоў на бок Чартарыйскіх. Прымаў прысягу на Пакта канвэнта караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага і быў вызначаны ў склад соймавага суду.
Адмовіўся прынесьці прысягу расейскай імпэратрыцы Кацярыне II па падзеле Рэчы Паспалітай (1772) з сваіх уладаньняў, якія апынуліся ў Расейскай імпэрыі. Кацярына II за асабістыя заслугі пакінула яму гэтыя ўладаньні. У 1776 абіраўся ў Скарбовы дэпартамэнт Пастаяннай Рады. Пазьней не выяўляў актыўнасьці ў палітычным жыцьці Рэчы Паспалітай.
Шлюб з Антанінай Тэрэзай Агінскай быў бязьдзетным.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Юзэф Антоні Салагуб, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.