Чырво́ная Русь — традыцыйная назва некаторых усходнеславянскіх тэрыторыяў (пераважна Галічыны і Валыні), а таксама сучаснай Беларусі, у заходнеэўрапейскіх крыніцах XVI—XIX стагодзьдзяў.
Тэрмін Чырвоная Русь пачаў ужывацца на Захадзе прыкладна тады ж, калі і Чорная Русь, і працяглы час канкураваў зь ім за «права» абазначаць адныя і тыя ж тэрыторыі. В. Насевіч мяркуе, што, магчыма, «калісьці было адно супрацьпастаўленне (белы — чорны ці белы — чырвоны), якое затым расшчапілася на два». Магчыма, упершыню назва Чырвоная Русь зьявілася ў «Хроніцы Канстанцкага сабору» Ульрыха фон Рыхенталя (1420-я гады). Прычым мяркуючы па тым, што да яе быў аднесены Смаленск, менавіта Чырвонай называлі тады тую частку Русі, якая ўваходзіла ў склад ВКЛ, — задоўга да таго, як яе пачалі трывала называць Белай. На карце Фра Маўра (1459) побач зь Літвой знаходзілася не Белая, а менавіта Чырвоная Русь. У яе ўваходзілі нібыта і Кіеў, і высунутая далёка на захад, у параўнаньні з рэальнасьцю, Разань. Паводле Яна Ласкага (1514), чырвоныя русіны «знаходзяцца ў складзе Каралеўства Польскага і Вялікага княства Літоўскага». На глёбусе 1535 году землі на поўдзень ад Жамойці названыя Plescovia Rubea, гэта значыць «Чырвоная Пскоўшчына» (чытай: Чырвоная Русь). На карце Вопеля 1566 году паўночны край Rote Reussen дасягае Слуцка і Капыля. Такім чынам, менавіта Чырвоная Русь была першай з «каляровых» назваў, якую на Захадзе сьвядома ўжывалі для абазначэньня ў тым ліку тэрыторыі сучаснай Беларусі. Аднак ужо на Айхштэцкай карце 1491 году Rubea Russia паказаная ў традыцыйным пазьней значэньні «Галіцка–Валынская Русь». Як і ў выпадку зь Белай і Чорнай Русьсю, гэты стэрэатып з часам настолькі глыбока пранік у сьвядомасьць гісторыкаў, што яны часта прыпісваюць ужываньне гэтай назвы такім крыніцам, у якіх ён на самай справе не сустракаецца.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Чырвоная Русь, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.