Аўгуст Шчавінскі (1843, Бельскі павет, Падляская губэрня, Царства Польскае, Расейская імпэрыя — ?) — паўстанец 1863—1864 гадоў.
Са шляхты, землеўласьнік каталіцкага веравызнаньня. За знаходжаньне ў «мяцежніцкай хеўры Рагінскага», удзел у ёй у дзьвюх справах супраць расейскіх войскаў ды рабаваньне з казначэйства ў павятовым горадзе Пружаны Гарадзенскай губэрні грошаў 11 тысячаў рублёў, рабаваньне пошты і акрамя таго за бытнасьць мяцежніцкім арганізатарам, за зьбіраньне людзей у хеўры і дастаўленьне ў іх зброі, адзежы і за іншыя злачынствы па канфірмацыі намесьніка Царства Польскага пазбаўлены ўсіх правоў стану ды сасланы ў Сыбір на пасяленьне. Быў уселены ў Енісейскай акрузе, Енісейскай губэрні. Па высачэйшым загадзе ад 11 жніўня 1866 г. пачаў лічыцца сасланым на жыхарства. Неўзабаве быў «прыкмечаны ў дзёрзкіх размовах супраць начальства і ўраду, ды буянстве і супраціўленьні мясцоваму сельскаму ўпраўленьню». Па распараджэньні старшынствуючага ў Сэнаце Галоўнага Ўпраўленьня Ўсходняй Сыбіры ў 1866 г. быў прызначаны да ссылкі ў Якуцкую вобласьць. У Якуцк дастаўлены 11 жніўня 1867 г. і 16 жніўня 1867 г. ўселены ў 1-ы Скараўльскі насьлег Батурускага ўлуса Якуцкай акругі. Згодна «Артыкульнага сьпісу» «росту сярэдняга, валасы сьветла-русыя, вочы блакітныя, кантужаны ў правую нагу». Неўзабаве быў пераведзены ў Амгінскую слабаду. 5 лютага 1869 году з Амгінскай слабады падаў Якуцкаму акруговаму спраўніку дакладную пісульку ў якой пісаў: «З часу прыбыцьця майго ў Якуцкую вобласьць, гэта значыць з верасьня месяца 1867 г. я не атрымліваю з дому ад крэўных аніякай дапамогі, працаю рук сваіх немагчыма зарабіць надзённы хлеб, у мінулым годзе я хоць і сеяў хлеб, але ураджай быў такі дрэнны, што на цяперашні час я ужо не маю хлеба, а таму асьмельваюся пакорна прасіць Ваша Высокаблагародзьдзе не пакіньце сваім хадайніцтвам у дазволе мне выдачы з казны дапамогі мукой і грашыма, так як я ўжо атрымліваў дапамогу ад казны ў 1867 г. і якое было мне спыненае 1 студня 1868 г., на што асьмельваюся чакаць міласэрнай рэзалюцыі Вашага Высокаблагародзьдзя». У 1869 годзе ў Амгінскай слабадзе ў яго была даволі разьвітая гаспадарка, чаму ён адмовіўся выяжджаць на залатыя капальні, што яму ўжо было дазволена па ягоным жа хадайніцтву. Па Ўказе Ўрадваючага Сэнату ад 17 траўня 1871 г. «Аб аблягчэньні долі некаторых злачынцаў у адзначэньне дня нараджэньня Ягонай Імпэратарскай Вялікасьці вялікага князя Георгія Аляксандравіча» адноўлены ў ранейшых правах, па маніфэсьце ад 9 студня 1874 г. нададзена правы на жыхарства пад наглядам паліцыі ва ўнутраных губэрнях Эўрапейскай Расеі. Згодна гэтаму яму было выдадзенае пасьведчаньне Якуцкага губэрнатара ад 14 сакавіка 1878 году, але ён гэтым правам не скарыстаўся. У 1876 ды 1882 г. атрымліваў дазвол на адлучку ў Алёкмінскую акругу Якуцкай вобласьці дзеля працы на залатых капальнях.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Аўгуст Шчавінскі, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.