Правабярэ́жная Ўкраі́на (па-ўкраінску: Правобережна Україна) — гістарычная назва для часткі сучаснай Украіны, што ахоплівае тэрыторыі на захад ад ракі Дняпро (правы бераг) і займае тэрыторыі сучасных Віньніцкай, Жытомірскай, Кіраваградзкай, Кіеўскай, а таксама часткова Чаркаскай вобласьцяў.
Гістарычна была аддзеленая ад левага берагу Дняпра ў выніку г.зв. Руіны — эпохі падзеяў у гісторыі Ўкраіны XVI ст., якія характарызаваліся заняпадам першых спробаў украінскае дзяржаўнасьці таго пэрыяду і войнамі іншых дзяржаваў на тэрыторыі цэнтральнай Украіны.
Правабярэжная Ўкраіна да канца XVIII ст. уваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай за выключэньнем Кіева, які разам зь левым берагам апынуўся ў складзе Расеі ў другой палове XVII ст. у выніку Андрусаўскага замірэньня. У 1672 годзе Падольле, адна з паўднёвых ускраінаў Правабярэжжа, была ўзятая пад кантроль туркамі, у той час як Кіеў і Брацлаў апынуліся пад уладаю гетмана Пятра Дарашэнкі, што замацоўвалася Бучацкай мірнай дамовай гэтага ж году. Ужо ў 1681 годзе паводле Бахчысарайскае мірнае дамовы мяжа між Расеяй і Турэччынай была вызначаная па Дняпры, шляхам чаго землі на поўдзень ад Кіева разам з Брацлаўшчынай і Падольлем аказаліся ў складзе Турэччыны. Пасьля перамогі шэрагу эўрапейскіх дзяржаваў у бітве пад Венай 1683 году ў 1699 годзе быў падпісаны Карлявіцкі мір, паводле ўмоваў якога захопленыя туркамі землі вярнуліся ў склад Рэчы Паспалітай.
У XVIII ст. Правабярэжную Ўкраіну два разы ахоплівалі казачыя паўстаньні, а ў 1793 Другім падзелам Рэчы Паспалітай рэгіён апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі (для параўнаньня, поўдзень і ўсход Украіны апынуліся ў складзе Расеі значна раней, Валынь — у выніку Трэцяга падзелу). Гэтыя тэрыторыі былі разьмеркаваныя па губэрнях г.зв. Маларосіі.
Як і ў часы прыналежнасьці рэгіёну да Рэчы Паспалітай, большую частку насельніцтва Правабярэжнае Ўкраіны складалі ўкраінцы, але пераважная большасьць землеўласнасьці знаходзілася ў руках этнічна польскіх або палянізаваных абшарнікаў. Многія зь местаў і мястэчак рэгіёну належалі да г.зв. мяжы аселасьці (мяжы на захадзе Расейскай імпэрыі, далей на ўсход ад якой забаранялася расьсяленьне габрэяў). Рэлігійнае аблічча Правабярэжжа характарызавалася адданасьцю рымска-каталіцкай царкве палякаў і грэка-каталіцкай — украінцаў (гл. Берасьцейская унія), пры гэтым апошнія ў значнай ступені пачалі зварачацца зноў у праваслаўе задоўга да скасаваньня уніі расейскімі ўладамі ў 1839 годзе.
У адміністрацыйна-тэрытарыяльным пляне рэгіён не ўяўляў сабою асобнай адзінкі ў складзе Расеі, будучы падзеленым на тры губэрні: Кіеўскую, Валынскую й Падольскую.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Правабярэжная Ўкраіна, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.