Жыльбэр дэ Лануа (па-француску: Gilbert de Lannoy; 1386 — 22 красавіка 1462) — бургундзкі падарожнік і дыплямат, мэмуарыст.
Паходзіў са старажытнага францускага роду, аселага ў Фляндрыі, якая належала герцагам Бургундыі. З 13 гадоў вёў жыцьцё «дасканалага» рыцара: удзельнічаў у турнірах, крыжовых паходах, шматлікіх войнах і міжусобіцах: Стогадовай вайне, барацьбе арманьякаў і бургіньёнаў у Францыі, Ланкастэраў і Плантагенэтаў у Ангельшчыне. Кавалер Ордэна Залатога Руна. Шмат падарожнічаў (Нямеччына, Данія, Гішпанія, Сырыя, Эгіпет), наведваў Сьвятую Зямлю і іншыя традыцыйныя месцы паломніцтва, выконваў дыпляматычныя даручэньні розных манархаў. Зьдзейсьніў два падарожжы па Ўсходняй Эўропе, у 1413—1414 і 1421 гадах. Першае адбылося пасьля яго ўдзелу ў паходзе прускіх крыжакоў на Польшчу і пралягала праз Ноўгарад і Пскоў, Лівонію і ВКЛ (па маршруце Дзьвінск — Вільня — Трокі — Коўна — Мемель). Сустракаўся зь вялікім князем Вітаўтам, яго жонкай Ганнай, дачкой Соф’яй і ўнучкай Ганнай. Пад час другога выконваў ролю пасла ангельскага караля Генры V да манархаў Усходняй Эўропы — Ягайлы, Вітаўта, бізантыйскага імпэратара Мануіла II, з утапічнай мэтай стварэньня шырокай кааліцыі дзяржаваў на чале з Англіяй для крыжовага паходу супраць асманаў. Праехаў празь літоўскае Падольле, у Камянцы ізноў сустракаўся зь Вітаўтам, прысутнічаў пры прыняцьці ім пскоўскага і наўгародзкага пасольстваў. Атрымаў каштоўныя падарункі, ахоўныя лісты і даручэньні да татарскага хана, стаўленіка Вітаўта. Працягнуў шлях у Канстантынопаль праз Малдову і Крым. Быў сьведкам узьвядзеньня пад кіраўніцтвам падольскага старосты Гедыгольда на процілеглым ад Белгараду беразе Днястра літоўскага замку, на будоўлі якога былі занятыя 12 тысяч чалавек і 4 тысячы вазоў.
Лануа зьвяртаў увагу перш за ўсё на ваенна-тапаграфічныя характарыстыкі мясцовасьцей (стан фартыфікацыяў, шляхі зносін), але яго дзёньнікі зьмяшчаюць шмат іншых каштоўных зьвестак па гісторыі ВКЛ, у тым ліку этнаграфічнага зьместу. Адзначыў наяўнасьць у жыхароў ВКЛ асобнай мовы і існаваньне 12 епархіяў. Гарлівы католік, папракаў Вітаўта за сувязь з гусітамі, парушэнне посту і г. д., але засьведчыў моц і ўплыў дзяржавы, гегемонія якой на прасторы ад Ноўгараду да Крыму не выклікала ў яго сумненьняў. Місія Лануа падвяла рысу пад доўгім пэрыядам насьцярожана-варожага стаўленьня да ВКЛ як да дзяржавы «сарацынаў» і садзейнічала распаўсюджваньню ведаў аб ёй у Заходняй Эўропе. Так, нямецкі храніст Рыхенталь (1420-я гады) спасылаўся на Лануа, вызначаючы межы Эўропы: «Эўропа — гэта зямля, унутры якой мы знаходзімся, яна прылягае да Белай Русі, да Смаленску, а празь іх — і да сапраўднай Турэччыны Лануа, да герцагства Літвы, Польшчы, Славоніі, Вугоршчыны, Маравіі, Чэхіі, Рымскай імпэрыі».
Жыльбэр дэ Лянуа — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Жыльбэр дэ Лянуа, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.