Дыпляма́тыя — сродак ажыцьцяўленьня зьнешняй палітыкі дзяржаваў, уяўлялае сабой сукупнасьць практычных мерапрыемстваў, прыёмаў і мэтадаў, ужывальных з улікам пэўных умоў і характару разьвязальных задач; афіцыйная дзейнасьць главаў дзяржаў і ўрадаў, адмысловых органаў вонкавых зносін па ажыцьцяўленьні мэт і задач вонкавай палітыкі дзяржаваў, а таксама па абароне інтэрасаў гэтых дзяржаваў.
З паняцьцем дыпляма́тыя зьвязваюць мастацтва вядзеньня перамоў для прадухіленьня або ўрэгуляваньня канфліктаў, пошукаў кампрамісаў і ўзаемапрымальных рашэньняў, пашырэньні і паглыбленьні міжнароднага супрацоўніцтва.
Слова «дыпляматыя» паходзіць ад грэцкага слова díplōma (у Старажытнай Грэцыі гэтым словам зваліся здвоеныя дошчачкі з нанесенымі на іх пісьмёнамі, якія выдаваліся пасланцам у якасьці даверчых грамат і дакумэнтаў, што пацьвярджалі іх паўнамоцтва). Як пазначэньне дзяржаўнай дзейнасьці ў вобласьці вонкавых зносін слова «дыпляматыя» ўвайшло ва ўжытак у Заходняй Эўропе ў канцы XVIII стагодзьдзя.
Міжнароднае права забараняе ўмяшаньне дыпляматычных прадстаўнікоў ва ўнутраныя справы краіны знаходжаньня.
Органы і адказныя асобы, якія нясуць дыпляматычную службу, карыстаюцца ў краіне знаходжаньня агульнапрызнанымі правамі і дыпляматычнымі прывілеямі (імунітэт і недатыкальнасьць дыпляматычнага пэрсанала і памяшканьняў, права шыфраванай перапіскі і дыпляматычнай зачыненай сувязі, права ўздыму сьцяга дзяржавы, мытныя прывілеі і інш.).
У рабаўладальніцкім грамадзтве, якое стала выкарыстоўвала ваенныя захопы для папаўненьня працоўнай сілы, пераважалі ваенныя сродкі ажыцьцяўленьня вонкавай палітыкі дзяржаваў. Дыпляматычныя сувязі падтрымліваліся толькі эпізадычна пасольствамі, якія накіроўваліся ў асобныя краіны з вызначанай місіяй і вярталіся пасьля яе выкананьня.
Ва ўмовах фэадальнай раздробненасьці атрымала распаўсюджваньне «прыватная» дыпляматыя фэадальных сувярэнаў, якія ў прамежках паміж войнамі складалі мірныя дамовы, уступалі ў ваенныя зьвязы, уладкоўвалі дынастычныя шлюбы. Шырокія дыпляматычныя сувязі падтрымлівала Бізантыя. У сярэдзіне XV стагодзьдзя з разьвіцьцём міжнародных адносін паступова зьяўляюцца сталыя прадстаўніцтвы дзяржаваў за мяжой.
Асаблівасьці дыпляматыі буржуазных дзяржаў новай і найноўшай гісторыі вызначаюцца новымі мэтамі іх вонкавай палітыкі — барацьбой за заваёву вонкавых рынкаў, за падзел, а затым і за перадзел сьвету, за сусьветнае эканамічнае і палітычнае панаваньне. У новых умовах значна пашыраюцца маштабы дыпляматычнай дзейнасьці, якая становіцца больш дынамічнай і выкарыстоўваецца дзяржавай для стварэньня шырэйшай апоры сярод кіраўніцтва і кіравальнай эліты замежных дзяржаваў, для ўсталяваньня кантактаў з вызначанымі палітычнымі партыямі, СМІ. Дыпляматыя, нараўне з ваеннымі сродкамі, згуляла важную ролю ў барацьбе за ажыцьцяўленьне мэт антыфэадальных, дэмакратычных і нацыянальна-вызваленчых рухаў, ва ўтварэньні нацыянальных дзяржаваў у Лацінскай Амэрыцы і на Балканах, у аб'яднаньні Нямеччыны, Італіі. Дыпляматыя буйных капіталістычных дзяржаваў абслугоўвала іх экспансіянісцкія агрэсіўныя памкненьні.
Дыпляматыя — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Дыпляматыя, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.