«Дудка беларуская» — паэтычны зборнік Францішка Багушэвіча, выдадзены ў 1891 року пры дапамозе сябра Яна Карловіча (пад псэўданімам Мацей Бурачок).
У тым самым выдавецтве ў Кракаве рокам пазьней выйшла ягоная навэла «Тралялёначка».
«Дудка беларуская» | |
па-беларуску: Dudka biаłaruskaja | |
Вокладка кракаўскага выданьня | |
Жанр: | паэзія |
---|---|
Аўтар: | Францішак Багушэвіч |
Мова арыгіналу: | беларуская мова |
Публікацыя: | 1891 |
Вікікрыніцы зьмяшчаюць поўны тэкст гэтага твору |
«Дудка беларуская» — вяршыня разьвіцьця беларускай літаратуры ХІХ ст. Яе выхад у сьвет быў нечаканы, быў менавіта мастацкім першаадкрыцьцём беларускага працоўнага мужыка, народу, бо ў парэформенны час, у канцы ХІХ ст., ніхто ўжо не памятаў пра Паўлюка Багрыма, ня быў шырока вядомы і Ян Баршчэўскі.
Зборнік «Дудка беларуская» адкрываецца «Прадмовай», якая па сваім патрыятычным патасе нагадвае агітацыйна-публіцыстычныя артыкулы Кастуся Каліноўскага ў паўстанцкай газэце «Мужыцкая праўда». У яе аснове праблема гістарычнага лёсу беларускага народу, разьвіцьця ягонай мовы і культуры. На думку Багушэвіча, сапраўдным носьбітам нацыянальнага пачатку зьяўляецца працоўная, сялянская маса — народ, аб’яднаны ня толькі духоўнай ці эпічнай супольнасьцю, як сьцьвярджалі прыхільнікі рамантычнай самабытнасьці, але й адзінствам нацыянальна-вызваленчых мэтаў.
У «Прадмове» Францішак Багушэвіч настойліва пераконвае свайго адрасата (народ), што яны — беларусы, што іхняя радзіма — Беларусь, каб заўсёды і перад усімі кожны годна нёс прыналежнасьць да яе, каб адчуваў сябе сынам свайго народу. Імкненьне давесьці чытачам, што яны менавіта беларусы, што так павінны сябе адчуваць і называць, падкрэсьліваецца назваю зборніка. У назове ёсьць слова «беларускі», якое займае інвэрсыйнае становішча да назоўніка, чым падкрэсьліваецца яго значнасьць.
Зборнік складаецца з 16 вершаў («Мая дудка», «Дурны мужык, як варона», «Як праўды шукаюць», «У судзе», «Воўк і авечка», «Мая хата», «Праўда», «Здарэньне», «Думка», «З кірмашу», «Хрэсьбіны Мацюка», «Бог ня роўна дзеле», «Хцівец і скарб на сьвятога Яна», «Дзе чорт ня можа, там бабу пашле», «У астрозе», «Быў у чыстцы») і паэмы «Кепска будзе».
Тэма крытыкі царскага суда становіцца вядучай у зборніку. Паэт сьвядома адыходзіць ад фальклёрнага алегарызму, усё больш шырока выкарыстоўваючы рэалістычныя сродкі адлюстраваньня рэчаіснасьці. Найбольш пашыранай формай грамадзянскай лірыкі Багушэвіча становіцца маналёг, верш-роздум, поўны горычы і трагізму. У іх аснове кантрастуе супастаўленьне багатых і бедных, паказ сацыяльных бар’ераў, якія падзяляюць грамадзтва на варожыя клясы, і якія непазьбежна вядуць да заняпаду і маральнай дэградацыі. Гэты агульнагуманістычны матыў надзвычай ярка выяўлены ў вершы «Бог ня роўна дзеле».
Творы, зьнешне простыя і непрэцэнтыёзныя па форме, характарызуюцца выключнай жыцьцёвай пераканаўчасьцю, рэалістычнай глыбінёй і дзейснасьцю. Нягледзячы на выразную сувязь з традыцыямі вуснай паэзіі, Францішак Багушэвіч пасьпяхова пераадольвае аднабаковасьць фальклёрнай тыпізацыі, імкнецца да індывідуалізацыі мастацкага вобразу.
Такім чынам, у зборніку «Дудка беларуская» ў цэлым пераважае аспэкт сацыяльна-бытавога паказу жыцьця, асноўным жа ў яго ідэйным гучаньні было асуджэньне сацыяльнай няроўнасьці і парадкаў, якія зрабілі мужыка бяспраўным. Гэты зборнік выключна сацыяльны, і адзінкавымі вершамі выходзіць ён з тэм сацыяльна-бытавых (вершамі «Мая хата», «Хрэсьбіны Мацюка» — у патрыятычную тэматыку, вершам «Праўда» — у сацыяльна-філязофскую, «З кірмашу» — у любоўную). Чарговай задачай мастака было, такім чынам, пераадоленьне толькі сацыяльна-бытавога аспэкту паказу жыцьця, на якое менавіта і арыентаваўся Ф. Багушэвіч.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Дудка беларуская, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.