Габрые́ль Гарсі́я Ма́ркес (па-гішпанску: Gabriel García Márquez; 6 сакавіка 1927, Аракатака, Магдалена, Калюмбія — 17 красавіка 2014, Мэхіка, Мэксыка) — калюмбійскі гішпанскамоўны пісьменьнік, журналіст і палітычны дзяяч.
Вядомы як адзін з найяскравейшых прадстаўнікоў магічнага рэалізму. Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры 1982 году.
Габрыель Гарсія Маркес | |
гішп. Gabriel García Márquez | |
Габрыель Гарсія Маркес на Гвадаляхарскім міжнародным кінафэстывалі, 2009 год | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Gabriel José de la Concordia García Márquez |
Нарадзіўся | 6 сакавіка 1927[…] Аракатака, Магдалена, Калюмбія |
Памёр | 17 красавіка 2014[…] (87 гадоў) Мэхіка, Мэксыка |
Сужэнец | Мэрсэдэс Барча[d] |
Дзеці | Радрыга Гарсія[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | пісьменьнік, журналіст, дзяржаўны дзяяч |
Гады творчасьці | 1947 — 2009 |
Кірунак | магічны рэалізм |
Жанр | раман, аповед |
Мова | гішпанская |
Значныя творы | «Сто гадоў адзіноты», «Палкоўніку ніхто ня піша» |
Прэміі | Нобэлеўская прэмія ў галіне літаратуры (1982) |
Узнагароды | |
Подпіс | |
Асабістая старонка |
Габрыель Гарсія Маркес нарадзіўся 6 сакавіка 1927 году ў калюмбійскім мястэчку Аракатака (дэпартамэнт Магдалена). У дзяцінстве выхоўваўся бабуляй і дзядулем па матчынай лініі. Менавіта гэтыя людзі пазнаёмілі будучага пісьменьніка з народнымі паданьнямі й моўнымі асаблівасьцямі, якія пазьней сталі важным элемэнтам ягонае творчасьці.
У 1940 годзе, ва ўзросьце 12 год, Габрыель атрымаў стыпэндыю й пачаў навучаньне ў езуіцкім каледжы мястэчку Сіпакіра, што за 30 км на поўнач ад Багаты. У 1946 годзе па патрабаваньні бацькоў ён паступіў у Нацыянальны ўнівэрсытэт Багаты на юрыдычны факультэт. Тады Габрыель пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, Мерсэдэс Барча Парда.
Перапыніўшы навучаньне раней за тэрмін, у 1950 годзе, ён вырашыў прысьвяціць сябе журналістыцы й літаратуры. Асаблівы ўплыў на яго аказалі такія пісьменьнікі, як Эрнэст Гэмінгўэй, Ўільям Фолкнэр, Джэймз Джойс і Вірджынія Ўулф, Франц Кафка.
З 1954 году Маркес працуе ў газэце «Эль Эспэктадор», публікуючы невялікія артыкулы й рэцэнзіі на фільмы. У якасьці карэспандэнту яго накіроўваюць у Італію, Польшчу, Францыю, Вэнэсуэлу й ЗША. У 1957 годзе 30-гадовы Гарсія Маркес быў карэспандэнтам на VI Сусьветным фэсьце моладзі й студэнтаў у Маскве. Згадваючы пра гэтую падзею, аўтар у эсэ напісаў «СССР: 22 400 000 квадратных кілямэтраў без адзінай рэклямы кока-колы!». У 1959 годзе ў Нью-Ёрку ў яго нараджаецца сын.
Разам з тым Маркес займаецца пісьменьніцтвам, ствараючы аповеды й кінасцэнарыі. У 1961 годзе ў яго выходзіць аповесьць «Палкоўніку ніхто ня піша» (El coronel no tiene quien le escriba), у 1966-м — раман «Ліхая гадзіна» (La mala hora). Сусьветную вядомасьць яму прынёс раман «Сто гадоў адзіноты» (Cien años de soledad, 1967).
У 1981 годзе Карлас Шэрман апублікаваў беларускі пераклад невялікай аповесьці Маркеса «Неверагодная і смутная гісторыя пра наіўную Эрэндзіру і яе бессардэчную бабулю». Пазьней ён жа пераклаў раман «Каханьне падчас халеры», які выйшаў цалкам толькі ў 2017 г., пасьля сьмерці аўтара і перакладчыка.
Пазьней Віялета Яфіменка перакладала апавяданьні Маркеса, якія публікаваліся ў пэрыядычным друку. Валеры Буйвал перакладаў асобныя творы зь нізкі «12 дзіўных навэл», якія друкаваліся ў «ЛіМе» і «Дзеяслове». У 2004 годзе Багдан Арлоў перакладаў невялікі фрагмэнт аднаго з апошніх твораў Маркеса «Успамін пра маіх сумных прастытутак».
Таксама Якуб Лапатка пачынаў пераклад галоўнага і, мабыць, самага вядомага рамана Маркеса «Сто гадоў адзіноты», але прыхільнасьці сярод выдаўцоў не знайшоў, пераклад ня быў скончаны, фрагмэнты таксама не публікаваліся.
У 1970-я гады К. Шэрман задумаў беларускі пераклад «Восені патрыярха» і зьвярнуўся да выдавецтва «Мастацкая літаратура». У выдавецтве, забаяўшыся магчымай рэакцыі цэнтральных савецкіх улад, бо рускага перакладу рамана яшчэ не было, не рызыкнулі згадзіцца, а прапанавалі К. Шэрману зрабіць рускі пераклад. Рускі пераклад «Восені патрыярха» зроблены К. Шэрманам разам з В. Тарасам апублікаваны ў беларускім літаратурным часопісе «Нёман» у 1970-я гады, што было падзеяй усесаюзнага маштабу. Невялікі фрагмэнт гэтага рамана пераклала на беларускую мову Дзіна Бабрыцкая (апублікаваны ў хрэстаматыі "Літаратура народаў сьвету: ХХ стагодзьдзе", 1999).
Б. Арлоў адзначыў, што мова Маркеса незвычайная, няпростая і ня кожны перакладчык з гішпанскай наважыцца на пераклад яго твораў. Гэта, на думку Б. Арлова, прычына малой колькасьці перакладаў Маркеса на беларускую.
Габрыель Гарсія Маркес — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Габрыель Гарсія Маркес, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.