Закот ці страха закотам (у покат, на лемягах, на гадунах) — распаўсюджана ў асноўным у гаспадарчых пабудовах, як і страха на стаяках. Найчасцей сустракаецца на Віцебшчыне і Магілёўшчыне. Галоўны недахоп закота ў тым, што асноўны цяжар страхі падае на бакавыя шчыты збудавання.
На стаяках (на козлах, на дзядках, на чапёлках, на крыжах, на сошках) — канструкцыя выкарыстоўвалася ў асноўным у гаспадарчых збудаваннях, але раней, магчыма, будавалася і ў жылых. На папярочную балку ставіліся невялікія цурбаны з развілкай, на якую клалася тоўстая жэрдка (коневае бервяно, пераводзіна, правіліна, пажыліна, доўжнік, кладзь). На яе чапляліся пры дапамозе крука доўгія жэрдкі (ключы, кручча), а пазне збітыя крыж-накрыж жэрдкі. Канструкцыя распаўсюджана даволі спарадычна.
На сохах — сохі ставіліся ў адзін рад уздоўж вільчыка.
Кроквы. Страха на кроквах — пачала пераважаць з XIX ст. хаця вядома даўно. Паводле мацавання крокваў стрэхі падзяляюцца на віды:
Кроквы мацуюцца непасрэдна ў верхні вянок зруба, уздоўж страхі прыбіваюцца з кожнага боку па 10—12 жэрдак (латаў).
Кроквы ўпускаюцца ў верхні вянок і бервяно ўнутры зруба. Канструкцыя называлася — «на пакраквяніку», з’яўляецца рэліктам закота.
Кроквы мацуюцца ў падоўжаныя балкі, вынесеныя за сценныя выступы балак, на якіх трымаецца столь. Канструкцыя верагодна прыйшла з Германіі.
Кроквы мацуюцца ў папярочныя балкі. Набыла распаўсюджанне ў сярэдзіне XX ст.
Форма
Паводле формы выдзяляюць наступныя віды стрэхаў:
двухсхільныя, старажытная
чатырохсхільныя, кампактна ў Гомельскай вобласці.
трохсхільныя, пераходная ад чатырох- да двухсхільных.
страха з усечаным зверху франтонам (з вальмай, з залобкам, з лабяком, з начолкам, ламаны дах), магчыма пазычана ў немцаў.
Матэрыял пакрыцця
Найбольш распаўсюджаным матэрыялам для пакрыцця стрэхаў была салома. Мелі месца два спосабы пакрыцця: уверх і ўніз коласам. Першы спосаб быў больш надзейны, хаця на яго ішло ўдвая больш саломы, чым у выпадку пакрыцця коласам уніз. Таксама вядомы стрэхі крытыя дрэвам (дошкай, дранкай, дранню, гонтам), бляхай, чарапіцай, чаротам і інш.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская article Страха, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Матэрыял даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначана іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses. ®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.