«Пан Тадэвуш» (польск.: Pan Tadeusz) — найбуйнейшы твор Адама Міцкевіча, эпічная паэма, якая пісалася ў 1832—1834 гадах у Парыжы, дзе паэт жыў у эміграцыі, і выдадзена тамсама ў 1834 годзе.
Складаецца з 12 «кніг» (амаль 10 тысяч радкоў) і напісаная сілабічным 13-складнікам — польскім александрыйскім вершам. Самы значны мастацкі твор паэта, вялікая нацыянальная эпапея.
Пан Тадэвуш | |
---|---|
Pan Tadeusz | |
| |
Жанр | Паэма |
Аўтар | Адам Міцкевіч |
Мова арыгінала | Польская |
Дата першай публікацыі | 1834 |
Выдавецтва | Aleksander Jełowicki[d] |
Месца публікацыі | Парыж |
Перакладчык | Я. Семяжон і інш. |
Персанажы | Tadeusz Soplica[d], Judge Soplica[d], Яцак Сапліца, Зося, Telimena[d], Seneschal Hreczecha[d], Ewa Horeszkówna[d], Янкель, The Assessor[d], Гервазы і Q111698604? |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Поўная назва — «Пан Тадэуш альбо апошні наезд на Літве: Шляхецкая гісторыя з 1811 і 1812 гадоў у дванаццаці быліцах вершам» (Pan Tadeusz, czyli Ostatni zajazd na Litwie. Historia szlachecka z roku 1811 i 1812 we dwunastu księgach wierszem). «Наезд» (польск.: zajazd) — старажытны славянскі тэрмін, які азначае форму выканання прысуду ў маёнткавых справах. Наезд быў формай грамадзянскага правасуддзя, часам — нават афіцыйна прызнанага законным.
Дзеянне паэмы адбываецца на працягу 5 дзён у 1811 годзе і аднаго дня ў 1812 годзе на берагах Нёмана, «на Літве» (у мінулым Вялікім Княстве Літоўскім) перад нашэсцем Напалеона на Расію. Галоўныя героі паэмы — Тадэвуш і Зося, прадстаўнікі двух узаемнаварожых шляхецкіх фамілій. Задума паэмы эвалюцыянавала з ідыліі (узорам для якой была ідылія Гётэ «Герман і Даратэя ») у шырокую эпічную карціну, якая спалучае бытавую, ваенную, любоўную і патрыятычную лініі.
У паэме створаны поўны настальгіі і гумару вобраз маляўнічых, але гістарычна асуджаных шляхецкіх нораваў. З самага пачатку паэма атрымала агромністую папулярнасць сярод польскіх эмігрантаў. Лічыцца польскай нацыянальнай эпапеяй і шэдэўрам славеснага жывапісу. Класічныя ілюстрацыі да паэмы стварыў Міхал Эльвіра Андрыёлі. «Пан Тадэвуш» экранізаваны польскім рэжысёрам Анджэем Вайдам (1999).
Рукапіс паэмы з 1870-х гадоў захоўваўся ў бібліятэцы Асалінскіх у Львове разам са спецыяльнай аздобленай шкатулкай для яго захоўвання, з чырвонага дрэва і слановай косці, якую замовіў Станіслаў Тарноўскі і зрабіў львоўскі майстар Юзаф Бжастоўскі. У 1946 годзе разам з асноўнымі фондамі бібліятэкі Асалінскіх рукапіс перавезены ва Уроцлаў, дзе знаходзіцца дагэтуль.
Дзякуючы сябру Адама Міцкевіча Юзафу Залескаму, задума «сельскай паэмы» нарадзілася ўжо ў 1831 годзе падчас знаходжання барда ў Вялікапольшчы. Паэт хацеў пачаць апавяданне з апісання шляхецкага двара. Згодна з гэтым, Юзаф Грабоўскі — уладальнік сяла Лукава — казаў пазней, што гэта ў яго мясцовасці Міцкевіч вырашыў напісаць Пана Тадэвуша. Аднак гэтыя факты дакладна невядомыя. Навукоўцы мяркуюць, што паэт напісаў каля 100—110 вершаў у якіх апісваецца с. Сапліцава (па апошніх меркаваннях гэты фрагмент сканчваецца на 174 вершы I кнігі). Аднак паэт, пасля напісання гэтага фрагменту, не працягваў пісаць тэкст цягам некалькіх наступных месяцаў.
У пачатку снежня 1832 года (знаходзячыся ўжо ў Парыжы) Міцкевіч напісаў ліст да сябра, у якім распавядаў пра інтэнсіўную працу над паэмай. Тэкст твора пісаўся вельмі хутка — 12 студзеня 1833 года Міцкевіч паведамляў у лістах, што напісаў ужо «dwie wielkie piesni» (дзве вялікія песні). Пасля паэт спыніў працу ажно да 6 мая, калі нарадзілася наступная трэцяя песня. Пад канец гэтага ж месяца была скончана і чацвёртая частка, пасля якой ізноў адбыўся перапынак у некалькі месяцаў, спрычынёны хваробай паэта. Сёлета 13 лістапада Міцкевіч інфармаваў у лісце, што скончыў пятую песню. Адгэтуль праца над эпапеяй ішла ўжо бяз доўгіх перапынкаў: Міцкевіч на працягу трох месяцаў напісаў сем чарговых кніг. Заканчэнне творчай працы адбылося 13 лютага 1834 года. Рукапіс быў перададзены ў друк і выдадзены 17 чэрвеня 1834 года.
Героямі паэмы з’яўляюцца прадстаўнікі ліцвінскай шляхты. Між іншым:
У пралогу паэт думкамі пераносіцца на Радзіму. Паэма пачынаецца з пранікнёных радкоў звароту да сваёй любай Літвы-Беларусі. «Пан Тадэвуш» пачынаецца са знакамітага прызнання ў любові да Радзімы:
Litwo! Ojczyzno moja! ty jesteś jak zdrowie. Пераклад Я. Семяжона Літва! Бацькоўскі край, ты як здароўе тое: |
Дзеянне твора адбываецца ў цэнтральнай Беларусі напярэдадні і ў час вайны 1812 года. Многае з падзей таго часу помніў аўтар (яму ж было чатырнаццаць гадоў, калі войскі Напалеона ўступілі ў Навагрудак).
Адна з ліній «Пана Тадэвуша» — змаганне за незалежнасць Рэчы Паспалітай. Ксёндз Робак з роду Сапліцаў, агітуе ліцвінаў да паўстання супраць расійскіх войскаў і змагання на баку Напалеона. Два варагуючыя шляхецкія кланы, якія змагаюцца за замак, заключаюць мір і разам уступаюць у французскае войска. Аднак жаўнеры, якія ўступілі ў войскі Напалеона пад сваімі нацыянальнымі сімваламі, вяртаюцца дадому разбітымі.
Паэма складаецца з дванаццаці кніг з эпілогам:
Усе матывы ў паэме аб'яднаны ў адзінае цэлае асобай апавядальніка, галоўным клопатам якога з'яўляецца аднаўленне незалежнай і дэмакратычнай Польшчы.
У паэме маляўніча і яскрава намалявана цэлая галерэя арыгінальных вобразаў — прадстаўнікоў мясцовай шляхты, сялян, святароў, ваенных, пададзена шырокая карціна народнага жыцця, побыту, створаны яркія пейзажныя малюнкі ў якіх і сёння ўгадваюцца краявіды Навагрудчыны, Налібоцкай пушчы.
Як і ў шэрагу іншых твораў А. Міцкевіча, у «Пане Тадэвушу» апісаны асобныя беларускія народныя звычаі, вераванні, абрады, міфалагічныя ўяўленні, легенды і паданні, а сама польская мова паэмы перасыпана беларусізмамі, якія дапамагаюць стварыць непаўторны рэгіянальны каларыт.
«Пан Тадэвуш» — гэта мастацкая энцыклапедыя жыцця Беларусі канца XVII — пачатку XIX стагоддзя, напісаная геніяльнай рукой паэта-патрыёта. Узнікшы прыблізна ў адзін час з «Яўгеніем Анегіным» (1830) Аляксандра Пушкіна і «Фаўстам» (1832) Іагана Вольфганга Гётэ, твор гэты адкрыў усяму чалавецтву непаўторнасць насельнікаў і прыроды яшчэ аднаго кутка зямлі, што быў да таго часу terra incognita.
Упершыню поўны пераклад на беларускую мову паэмы А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш» зрабіў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч у 1850-я гады. Увесь тыраж выдадзеных у 1859 першых дзвюх «быліц» перакладу, паводле няпэўных звестак, быў знішчаны (фармальна — з-за лацінскага шрыфту). Поўны пераклад застаўся ў рукапісе і верагодна загінуў, хаця аўтар спрабаваў перадаць яго за мяжу, каб надрукаваць у Бруселі. На цяперашні час вядомы чатыры ацалелыя асобнікі перакладу першых двух кніг паэмы, усе яны знаходзяцца па-за межамі Беларусі. У 1907 пераклад быў выдадзены выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца».
Узнёслыя першыя радкі эпапеі, прадстаўлены ў польскім арыгінале чатырохрадкоўем, на беларускую мову В. Дунін-Марцінкевіч перадаў шасцю радкамі:
Літва! — родна зямейка! Ты, маўляў, здароўе, — |
Для перакладу В. Дуніна-Марцінкевіча была характэрна неадпаведнасць (лакальная) колькасці радкоў у перакладзе арыгіналу; беспадстаўная спроба ўтварэння новых слоў («ашанцуе»), хоць перакладчыку часцей бракавала моватворчай смеласці; празмернае выкарыстанне слоў з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі («зямейка») і інш. Часам перакладчык беларусізаваў не толькі форму, але і змест твору, дадаючы згадку беларускай мовы, якой не было ў Міцкевіча:
Pómniu — jaszczé dziciáciaj badziáúsia pa świecie, Kali da baćki ú Aszmiánskam pawiécié, |
У 1892 у Львове Аляксандр Ельскі выдаў перакладзеную ім на беларускую мову першую песню паэмы «Пан Тадэвуш». Праз выяўленчыя магчымасці беларускай мовы, ён імкуўся перадаць мастацка-вобразнае багацце арыгінала. Аднак гэта задача была для А. Ельскага вельмі складанай. Перакладчык перш за ўсё стараўся максімальна дакладна перадаваць змест, і гэта яму ў асноўным удавалася. Праўда, ён не змог знайсці не тое што адэкватныя ці эквівалентныя, але хоць бы ў нейкай ступені блізкія мастацка-вобразныя формы абмалёўкі панскага двара і паводзін маладога Тадэвуша пасля вяртання ў дом пана суддзі. Не абышлося таксама без паланізмаў і польскіх сінтаксічных канструкцый. Разам з тым сустракаюцца мясціны, якія можна лічыць творчай удачай перакладчыка, напр. фрагмент з уступнага раздзела «Гаспадарства»:
Такім жа цудам нас павернеш у зямельку родну, |
Зроблены ў 1931—1932 гадах у лёхах польскіх турмаў вядомым беларускім грамадскім і палітычным дзеячам Браніславам Тарашкевічам пераклад «Пана Тадэвуша» ў выніку паўторнага арышту ўжо ў СССР, апынуўся ў падвалах НКУС і пазней быў выдадзены асобным выданнем.
Лёс арыгінала поўнага перакладу тэксту паэмы канчаткова не высветлены. У 1978 годзе арыгінал адзінаццатай і дванаццатай быліцаў тарашкевічаўскага перакладу, знойдзеных у Вільні, і сем сшыткаў яго копіі, перададзеных яго жонкай Н. А. Тарашкевіч Дзяржаўнаму музею БССР, паступілі ў аддзел рэдкай кнігі і рукапісаў Фундаментальнай бібліятэкі АН БССР. На выснове гэтых рукапісаў Інстытутам літаратуры АН БССР была падрыхтавана першая поўная публікацыя твора на беларускай мове: Адам Міцкевіч. Пан Тадэвуш / Пер. з польскай Б. Тарашкевіча. Мн.: Навука і тэхніка, 1981.
У пачатку 1984 г. у Польшчы выйшла з друку яшчэ адно выданне тарашкевічаўскага перакладу паэмы: Адам Міцкевіч. Пан Тадэуш альбо апошні заезд на Літве: Шляхоцкая гісторыя з 1811 і 1822 г. у дванаццаці быліцах вершам / Пер. Б. Тарашкевіча. Ольштын: Поезежэ, 1984. Выданне было падрыхтавана на падставе ксеаграфічнай копіі перакладу.
Беларускі тэкст «Пана Тадэвуша» складаецца з 12 вершаваных быліцаў (кніг, або глаў). 13-складовыя радкі Міцкевіча Тарашкевіч ператварыў у 15-складовыя. Правапіс беларускага перакладу захоўвае ў асноўным тую лінію рашэнняў, якой прытрымліваўся сам Тарашкевіч у сваёй «Беларускай граматыцы для школ».
Пятро Бітэль працаваў над перакладам у 1953-1955, падчас зняволення. Максім Танк пасля азнаямлення з перакладам назваў яго адным з найлепшых. Вынік працы быў пасмяротна апублікаваны толькі ў 1998, да двухсотгадовага юбілею Міцкевіча. Паўторна быў выдадзены ў 2015 годзе ў паўкішэнным фармаце ў серыі "Мая беларуская кніга" выдавецтвам "Папуры". У 2018 годзе выдадзены дзяржаўным выдавецтвам "Беларусь" з ілюстрацыямі Васіля Шаранговіча.
Пераклад паэмы, зроблены Язэпам Семяжонам, выйшаў у 1985 годзе з ілюстрацыямі Васіля Шаранговіча. Семяжон захаваў арыгінальную даўжыню радку ў 13 складоў (у некаторых фрагментах скараціў да 11), але паводле колькасці радкоў пераклад атрымаўся амаль на траціну даўжэйшым за арыгінал. Менавіта гэты пераклад быў абраны Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы для пастаноўкі спектаклю ў 2014 годзе.
Ніжэйпададзеная табліца змяшчае спіс перакладаў паэмы «Пан Тадэвуш» на замежныя мовы.
Мова перакладу | Дата першага выдання | Перакладчык(і) | Заўвагі |
---|---|---|---|
англійская | 1885 | Maude Ashurt Biggs, Джордж Рапал Ноес , Уотсан Кірконел , Кенет Макензі | |
балгарская | 1901 | Яфрэм Каранаў , Хрыста Кесіякаў, Блага Дзімітрава | |
кітайская | 1955 | Сунь Юнь | пераклад з англійскай мовы |
харвацкая | 1893 | Таміслаў Марэціч | |
чэшская | 1882 | Элішка Краснагорская | |
дацкая | 1958 | Вальдэмар Роэрдам | |
эсперанта | 1918 | Антоні Грабоўскі | |
фінская | 1921 | Віктар Траст | |
французская | 1844 | Крысцін Пётр Астроўскі і E. Haag, Charles de Noir-Isle, Wacław Gasztowt, Поль Казін | |
грузінская | 1953—1955 | В. Угрэхелідзэ Угорскі | |
Іўрыт | 1921 | Ёзаф Ліхтэнбаўм | |
іспанская | 1885 | Leon Medina | |
японская | каля 1930 | Асадоры Като | празаічны пераклад з англійскай мовы |
літоўская | 1924 | Антонас Валаітыс, Канстанцін Шакеніс | |
латышская | 1964 | Jāzeps Osmanis | |
нямецкая | 1836 | Richard Otto Spazier, Albert Weiss, Zygfryd Lipiner, Carl August von Pentz (Walter Panitz), Герман Будэнзіг , Engelbert Rehbronn (у выглядзе драмы) | |
руская | 1875 | М. Берг, У. Р. Бенядзіктаў , С. Мар , Муза Паўлава | |
румынская | 1956 | Мірон Раду Парасківеску | |
сербскахарвацкая | 1951 | Dżordże Saula | |
славацкая | 1962 | Rudolf Skukálek | |
шведская | 1898 | n , Элен Уэстэр | |
украінская | 1927 | Максім Рыльскі | |
венгерская | 1957 | Ewa Sebök | |
італьянская | 1871 | Арыга Бойта, Clotilde Garosci | |
Ідыш | 1939 | D. Königsberg |
Аднайменны кінафільм зняў рэжысёр Анджэй Вайда (1999).
15 студзеня 2014 прэм’ера спектакля «Пан Тадэвуш» адбылася ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы (рэжысёр Мікалай Пінігін). Паэма Адама Міцкевіча (у перакладзе Язэпа Семяжона) упершыню атрымала сцэнічнае ўвасабленне ў беларускім тэатры.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская article Пан Тадэвуш, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Матэрыял даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначана іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.