Хаяо Міядзакі (яп.: 宮崎 駿, Miyazaki Hayao; нар.
5 студзеня 1941, Токіа) — адзін з найвядомейшых стваральнікаў анімэ (японскіх мультфільмаў) і коміксаў манга. Адзін з самых паважаных рэжысёраў у гісторыі анімацыі.
Хаяо Міядзакі | |
Дата нараджэння | 5 студзеня 1941 (83 гады) Токіа, Японія |
Кірунак | мангака, мультыплікатар |
Псеўданім(ы) | Цутому Тэрукі |
Вядомыя працы | «Наўсікая з Даліны вятроў», «Мой сусед Тотара», «Скрадзеныя прывідамі», «Вандроўны замак Хаўла», «Нябесны замак Лапута», «Прынцэса Мананоке» |
Узнагароды | Прэмія «Оскар», прэмія Берлінскага кінафестывалю («Знесеныя зданямі») |
Афіцыйны сайт |
Хоць Міядзакі быў збольшага невядомы шырокаму колу гледачоў на Захадзе да 1999 года, калі Miramax выпусціла яго стужку «Прынцэса Мананокэ», яго фільмы былі ўжо вельмі папулярнымі ў Японіі і Усходняй Азіі. Мультфільмы «Скрадзеныя прывідамі» і «Прынцэса Мананокэ» сталі рэкардсмэнамі па касавых зборах у Японіі.
Фільмы Міядзакі прысвечаны тэмам стаўлення чалавека да прыроды і тэхналогій. Галоўныя героі фільмаў часта самастойныя, моцныя дзяўчаты ці маладыя жанчыны; антыгероі — трохі гратэскныя злачынцы з адмоўнымі маральнымі характарыстыкамі.
Мультфільм «Скрадзеныя прывідамі» займае першае месца ў рэйтынгу найлепшых анімацыйных фільмаў па версіі IMDB. Мультфільм «Мой сусед Тотара» ўзначальвае рэйтынг 50 найлепшых мультфільмаў паводле спіса Тэры Гіліяма, які ён склаў для лонданскага часопіса TimeOut.
Хаяо Міядзакі, другі з чатырох братоў, нарадзіўся ў мястэчку Акебона-цё, частцы такійскай акругі Бункё-ку. Падчас Другой Сусветнай вайны яго бацька Кацудзі Міядзакі быў дырэктарам завода свайго дзядзькі, дзе выраблялі дэталі для баявых самалётаў Zero. З тых часоў Хаяо моцна захапляецца авіяцыяй, палёт і фантастычныя лётныя апараты прысутнічаюць амаль у кожнай яго стужцы.
У дзяцінстве Міядзакі даводзілася часта пераязджаць, часткова таму, што яго маці лячылася ад сухотаў у 1947—1955 гадах. У Міядзакавым фільме «Мой сусед Тотара» паказваецца сям’я, дзе маці цярпіць ад падобнай хваробы.
Прыкладна ў 1956 годзе Міядзакі паступіў у школу Татаёма. На трэцім год навучання ён пабачыў фільм «Гакудзя Дэн», які лічыцца адным з першых поўнаметражных каляровых анімэ, і вельмі зацікавіўся анімацыяй.
Пасля вышэйшае школы Міядзакі наведваў Універсітэт Гакусюін, які скончыў у 1963 годзе ў спецыялізацыях паліталогія і эканоміка.
У красавіку 1963 года Міядзакі ўладкаваўся на работу ў анімацыйную студыю Toei Animation, працуе ў складзе каманды мастакоў над мультфільмам «Вартавы сабака Гаў-гаў» (Wanwan Chushingura). У 1964 годе Міядзакі становіцца галоўным сакратаром прафесійнага саюза ў сваёй кампаніі.
У кастрычніку 1965 годзе Хаяо Міядзакі ажаніўся са сваёю сяброўкай Акемі Ота, з якой яны нажылы двух сыноў, Гаро і Кеісуке. Гаро сам стаў стваральнікам анімэ, а Кеісуке — мастаком па дрэве.
У 1971 годзе вырашае разам з сябрамі экранізаваць казачную аповесць Астрыд Ліндгрэн «Пэпі Доўгая Панчоха», для чаго нават стварае анімацыйную студыю, аднак ажыццявіць гэта не ўдалося дзеля нязгоды ўладальнікаў аўтарскіх правоў. Міядзакі зноў уладкоўваецца аніматарам у вялікую студыю, дзе бярэ ўдзел ў працы над мультфільмам «Вялікая панда і маленькая панда» (1982, рэжысёр Ісаё Такахата), галоўная гераіня якога вельмі падобная да Пэпі Доўгай Панчохі.
Да 1982 года Міядзакі працуе ў студыях Nippon Animation і TMS. На апошняй з іх ён стварае свой адзіны мультсерыял «Конан — хлопчык з будучыні», а на Nippon Animation — свой першы поўнаметражны мультфільм — Замак Кагліёстра (Люпен трэці).
У 1982 годзе Міядзакі адыходзіць ад анімацыі і засяроджваецца на манга-праекце «Наўсікая з Даліны вятроў». Пазней сюжэтам зацікавілася студыя Tokuma Shoten, якая прапанавала Міядзакі экранізаваць яго. Так у 1984 годзе выходзіць поўнаметражны мультфільм «Наўсікая з Даліны вятроў», які мае поспех.
У 1985 годзе Міядзакі стварае сваю ўласную студыю Ghibli пры падтрымцы Tokuma Shoten. На Ghibli выдае свае найбольш вядомыя стужкі («Нябесны замак Лапута», «Мой сусед Тотара», «Прынцэса Мананокэ» і інш).
Міядзакі вельмі рэдка дае інтэрв’ю, не любіць бываць у людзях. Так, ён не паехаў на Берлінскі кінафестываль і нават на цырымонію ўручэння прэміі Оскар, якая была прысуджана яму за мультфільм «Скрадзеныя прывідамі». Але ў 2005 годзе наведаў Венецыянскі кінафестываль — праўда, без вялікай ахвоты, дзякуючы настойлівасці мясцовай адміністрацыі. Нягледзячы на гэта, Міядзакі шмат падарожнічае па Японіі і па розных краінах, дзе вывучае прыроду, шукае натуру для сваіх будучых твораў, наведвае славутыя мясціны. Ён сам прызнаецца, што многія краявіды з мультфільма «Вандроўны замак Хаула» былі навеяны яму прыродай Казахстана і Эльзаса.
Сярод сваіх настаўнікаў называе савецкага і расійскага рэжысёра мультыплікацыі Юрыя Нарштэйна.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская article Хаяо Міядзакі, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Матэрыял даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначана іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.