Публіцы́стыка (лац.
publicus — грамадзкі) — творы аб надзённых зьявах грамадзкага жыцьця, скіраваныя на асэнсаваньне сучаснай рэчаіснасьці шляхам спалучэньня лягічнага і пачуцьцёва-вобразнага спосабаў дасьледаваньня і адлюстраваньня. Узьдзейнічае на ход справаў і кіраўніцтва ва ўсіх галінах чалавечай дзейнасьці. Мае апавяшчальнае, выхаваўчае і пераканаўчае прызначэньне. Утварае грамадзкую думку. Найбольшае пашырэньне мае ў журналістыцы. У пісьменьнікаў прасякнута складнікамі мастацкай творчасьці. Трывалае месца заняла ў дакумэнтальным кіно, на тэлебачаньні і радыё. Якасьці: тэарэтычная абгрунтаванасьць, доказнасьць, праўдзівасьць, прынцыповасьць, тэндэнцыйнасьць, палітычная вастрыня, эмацыйнасьць і палемічнасьць.
Асноўныя жанры: агляд, артыкул, карэспандэнцыя і рэцэнзія. У ходзе спалучэньня з мастацкімі відамі твораў узьніклі нарыс, памфлет, фэльетон і эсэ. На стыку з навуковай літаратурай зьявіліся навукова-папулярныя жанры.
Складнікі публіцыстыкі ёсьць у летапісах Вялікага Княства Літоўскага 15—16 стагодзьдзяў. Палемічная літаратура канца 16 — І паловы 17 стагодзьдзя таксама мае публіцыстычную накіраванасьць. Узорам беларускага публіцыстычнага слова ёсьць газэта «Мужыцкая праўда» Кастуся Каліноўскага і першая легальная газэта на беларускай мове «Наша Ніва». Асобныя публіцыстычныя творы напісалі Францішак Багушэвіч, Зьмітрок Бядуля, Максім Гарэцкі і Алаіза Пашкевіч, Янка Лучына (нарысы). Значнае месца ў сваёй творчасьці публіцыстыцы надаваў Максім Багдановіч. У 1920-я гады з публіцыстычнымі творамі выступалі Цішка Гартны, Міхась Зарэцкі, Ян Скрыган і Міхась Чарот. У другую сусьветную вайну да народа зьвярталіся Янка Купала, Якуб Колас, Кузьма Чорны, Аркадзь Куляшоў, Пятрусь Броўка і Пімен Панчанка. Алесь Адамовіч, Янка Брыль і Ўладзімер Калесьнік стварылі кнігу публіцыстычнай скіраванасьці «Я з вогненнай вёскі» на аснове ўспамінаў жыхароў Беларусі аб той вайне. Сьвятлана Алексіевіч напісала адпаведную кнігу «У вайны — не жаночы твар». Найбольшы ўклад у разьвіцьцё беларускай пасьляваеннай публіцыстыкі зрабілі пісьменьнікі Васіль Быкаў, Ігнат Дуброўскі, Міхась Лынькоў, Вера Палтаран, Янка Сіпакоў, Максім Танк, Іван Чыгрынаў і Іван Шамякін. У 2000-я гг. адпаведныя творы стваралі Ніл Гілевіч, Уладзімер Глушакоў, Леанід Екель, Анатоль Казловіч, Леанід Левановіч, Уладзімер Ліпскі, Сымон Шаўцоў, Міхаіл Шыманскі, Леанід Юнчык і Васіль Якавенка.
Гэта — накід артыкула пра мастацтва. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Публіцыстыка, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.