Япона-Р'юкюскія Мовы

Япо́на-р’юкю́скія мовы — сям’я моваў, якая ўключае ў свой склад японскую мову, распаўсюджаную на вялікіх астравох Японскага архіпэлягу, а таксама р’юкюскія мовы, распаўсюджаныя на астравох Р’юкю.

Агульная мова-продак — праяпонска-р’юкюская, якая, паводле дасьледаваньняў Сіра Хаторы, падзялілася на свае складовыя часткі за пэрыядам Ямата (250 — 710 гг. н. э.).

япона-р’юкюская сям’я
Народнасьць японцы, р’юкюсцы
Арэал Японія
Лінгвістычная клясыфікацыя уваходзіць у алтайскую сям’ю (гіпатэтычна)
  • япона-р’юкюскія
Склад
японская мова,
рэюкюскія мовы,
гая
Колькасьць носьбітаў блізу 125 млн чал.
ISO 639-5: jpx
Япона-Р'юкюскія Мовы
Япона-р’юкюскія мовы на Японскім архіпэлягу

Навуковыя дасьледаваньні падаюць шэраг нявырашаных пытаньняў, зьвязаных з мовамі сям’і ды яе паходжаньнем. Найбольш трывалыя этымалёгіі адсочваюцца на поўдні Карэі, якія могуць мець паходжаньне з мовы гая або зь іншых амаль незадакумэнтаваных моваў.

Склад

  • Японская мова
    • Хацідзёскі дыялект (астравы Хацідзё, Дайта, Аагасіма)
    • Дыялекты вялікіх Японскіх астравоў
      • Усходнеяпонскі дыялект
      • Заходнеяпонскі дыялект
        • Кюсюскі дыялект
          • Сацумскі дыялект (поўдзень Кюсю, часам адасабляецца ад дыялекту Кюсю)
  • Р’юкюскія мовы
    • Амамі-акінаўская галіна
      • Амамійская мова
      • Акінаўскія мовы
    • Міякаская мова
    • Яэямская мова
    • Янагунская мова

Апрача гэтага, дасьледчыкам Крыстафэрам Бэкўітам датычна сям’і таксама ўлічваўся тапанімічны матэрыял з поўдню Карэі як доказ прысутнасьці япона-р’юкюскіх моваў на гэтых тэрыторыях за старажытным часам, у прыватнасьці пракарская мова; аднак невядома, наколькі гэтая мова была зьвязаная з мовай пазьнейшага пляменнага зьвязу Гая, існага на поўдні Карэі.

Клясыфікацыя

Пытаньне сувязі япона-р’юкюскае сям’і зь іншымі мовамі або моўнымі таксонамі застаецца спрэчным. На цяперашні час існуе вызначаная колькасьць гіпотэзаў, ніводная зь якіх, аднак, не зьяўляецца агульнапрынятай; больш за тое, паводле кансэрватыўных поглядаў, р’юкюскія мовы лічацца дыялектамі японскае мовы — з гэтае прычыны япона-р’юкюскія мовы могуць разглядацца як адзіная японская мова, а японская мова праз гэта — як мова-ізалят. Традыцыйна япона-р’юкюскія мовы лічацца адасобленай моўнай сям’ёй.

Выказваюцца гіпотэзы пра сувязь япона-р’юкюскіх моваў з адной са старажытных моваў Карэйскага паўвостраву — кагуроскай мовай, якая ў сваю чаргу можа мець сувязі са старакарэйскай мовай. Тым ня менш, паводле іншых меркаваньняў, япона-р’юкюскія й карэйская мовы могуць незалежна ўваходзіць у склад алтайскае моўнае сям’і. Ступень мажлівасьці атаясамліваньня старакарэйскай і сучаснай карэйскай на цяперашні час невядомая.

Кагуроская гіпотэза

Гіпотэза пра існаваньне сувязяў паміж японскай і кагуроскай мовамі ўзыходзіць да 1916 году, калі Сінмура Ісудзу зьвярнуў увагу на падабенства кагуроскіх лічэбнікаў 3, 5, 7, 10 да гэтых жа лічэбнікаў у японскай мове. Паводле гэтае гіпотэзы, японская зьяўляецца роднаснай вымерлым мовам, у мінулым распаўсюджаным у Карэі й паўночна-ўсходнім Кітаі і носьбітамі якіх зьяўляліся прадстаўнікі пуёска-кагуроскае культуры. Найбольш задакумэнтаванай з гэтых моваў зьяўляецца кагуроская; зрэшты, апалягеты гіпотэзы таксама сьцьвярджаюць пра сваяцтва зь менш засьведчанымі пуёскімі мовамі — пэкчэ ды пуё.

Манаграфія К. Бэкўіта ўстанавіла каля 140 лексычных адзінак у лексычным корпусе кагуроскае мовы. Большасьць зь іх — часткі тапонімаў, якія зьмяшчаюць некаторыя марфэмы (напрыклад, паказчык роднага склону -no і прыметнікавы паказчык -sa, якія, між іншым, знаходзяць паралелі ў японскай мове), частка зь іх можа паказваць сынтаксічныя зносіны. На думку Бэкўіта большасьць выяўленых кагуроскіх лексычных адзінак мае этымалягічную сувязь зь японскай мовай.

Карэйская гіпотэза

Брытанскі ўсходазнаўца Ўільям Джордж Астан у 1879 годзе ў часопісе Каралеўскага азіяцкага Таварыства высунуў гіпотэзу пра сваяцтва японскае мовы з карэйскай, у 1910 годзе гіпотэза была падтрыманая японскім дасьледчыкам Шасабура Канадзавам, таксама ў ХХ ст. падобную гіпотэзу падтрымалі й іншыя дасьледчыкі. Істотныя аргумэнты на карысьць роднасьці дзьвюх моваў былі прадстаўленыя амэрыканскім мовазнаўцам і спэцыялістам па карэйскай ды японскай мовах Сэм’юэлам Марцінам, пазьней таксама і ў іншых публікацыях. У падтрымку гэтае гіпотэзы таксама выступаюць Джон Ўітмэн, Барбара Э. Райлі і Сяргей Старасьцін, які здолеў прадаставіць адпаведныя лексыкастатыстычныя дасьледаваньні. Варта адзначыць, што гіпотэза сваяцтва карэйскае ды японскае моваў не выключае сувязяў японскай мовы (а значыць, і астатніх японска-р’юкюскіх моваў як роднасных японскай) з кагуроскай або алтайскімі.

Кароткія прыклады лексычных паралеляў у японскай і карэйскай мовах:

Параўнаньне
Стараяпонская Японская Пераклад Сярэднекарэйская Карэйская Пераклад
midu mizu вада myr mul вада
midu mizu вада mos mot ~ mos- сажалка
ki, ku, ko ki(te), ku(ru), ko(nai) прыходзіць ga- ga- ісьці
kata- kata- станавіцца цяжкім gut- gut- станавіцца цяжкім
wi- i- сядзець (стараяпонская)
быць (у вызначаным месцы, пра адушаўлёны прадмет)
i- (пасьля кораню, што скончваецца на зычны) ~ няма гуку (пасьля кораню, што скончваецца на галосны) i- (пасьля кораню, што скончваецца на зычны) ~ няма гуку (пасьля кораню, што скончваецца на галосны) быць (зьвязка)
nap- na- няма, адсутнічае ani ani, an не
mïna mina усё, усе man-hɔ- manh- шмат
kasa kasa капялюш
парасон
gat gat ~ gas- кат
(традыцыйны карэйскі капялюш)

Словы з падобнай этымалёгіяй таксама назіраюцца і ў іншых мовах гіпатэтычнай алтайскай сям’і, асабліва ў тунгуса-маньчжурскіх мовах (параўн. з нанайскім muke — «вада», giagda- — «хадзіць пешшу»; anaa, anna — «не»). Поруч зь лексычнымі падабенствамі гіпотэза таксама грунтуецца на тыпалягічных і граматычных падабенствах.

Некаторыя крытыкі гэтае гіпотэзы (прыкладам, Аляксандар Вовін) сьцьвярджаюць пра цяжкасьці пры ўсталяваньні дакладных фанэтычных законаў і пра наяўнасьць агульных інавацыяў у японскай і карэйскай. Існуюць таксама выразныя адрозьненьні паміж японскай і карэйскай сыстэмамі зьлічэньня.

Ідэя японска-карэйскага адзінства не заўсёды карэлюе з гіпотэзай пра існаваньне алтайскае моўнае сям’і. Так, Сэм’юэл Марцін, адзін з асноўных прыхільнікаў гіпотэзы, выказвае толькі асьцярожную падтрымку далучэньня абедзьвюх моваў да алтайскае моўнае сям’і; алтаіст Талат Тэкін уключае ў алтайскую моўную сям’ю толькі карэйскую, ня робячы гэтага для японскай.

Алтайская гіпотэза

Паводле прыхільнікаў існаваньня алтайскае моўнае сям’і, тунгуса-маньчжурскія, цюрскія і мангольскія мовы складаюць алтайскую моўную сям’ю.

Г. Рамстэт у сваёй працы «Ўводзіны ў алтайскую лінгвістыку» (Einführung in die altaische Sprachwissenschaft) далучаў карэйскую мову ў склад алтайскае сям’і. Рой Эндру Мілер у сваім дасьледаваньні «Японская ды іншыя алтайскія мовы» (Japanese and the Other Altaic Languages) у склад алтайскіх моваў уключаў таксама й японскую. Найбольш з важных нядаўніх працаў на карысьць пашырэньня алтайскае сям’і зьяўляюцца этымалягічны слоўнік алтайскіх моваў аўтарства С. Старасьціна, А. Дыбо і А. Мудрака, які выйшаў у 2003 годзе.

Алтайская сям’я не зьяўляецца агульнапрынятай і сама можа ўключаць розную колькасьць моваў (цюрскія, мангольскія і тунгуса-маньчжурскія мовы або тыя ж мовы разам з карэйскай ды японскай).

Доказамі роднасьці японскай (а значыць, і япона-р’юкюскіх — з прычыны ўваходжаньня японскае ў склад япона-р’юкюскіх) зьяўляюцца некаторыя паралелі ў лексыцы, разам з гэтым ставіліся спробы рэканструкцыі некаторых суфіксаў:

Японская Турэцкая Пераклад Заўвагі
take 岳 (*taka) dağ (*dāg) гара
i-, yo- (*yə) yeğ (*yęg) добры
isi 石 (*isi) taş (*diāĺ) камень
yo 四 (*yə) dört (*dȫrt) чатыры
kura 鞍 (*kura) kürtün (*kürtün) сядло
yak- (*yak-) yak- (*yak-) гарэць Турэцкае yak- зьяўляецца пераходным дзеясловам, непераходны адпаведнік — yan-
kir- (*kir-) kır- (*Kır-) рэзаць Турэцкае kır- мае крыху іншае значэньне і азначае «ламаць», «дзяліць», «рэзаць [дрэва]», «складваць», «зьнішчаць» і г.д.; для значэньня рэзаць больш пасуе дзеяслоў kes-.
inu 犬 (*inu) it (*ıt ~ it) сабака параўн. з маньчжурскім indahŭn, нанайскім ida, айнскім seta, чэджускім gaŋsæŋi — «шчанюк»
kuro 黒 (*kurua) kara (*Kara) чорны параўн. з айнскім kur — «цень», *kur-nekunne «чорны, цёмны»
so-re それ (*sə) şu (*-sı) гэты Турэцкі прыналежны суфікс трэцяй асобы
nani 何 (*nV) ne, neme (*nē-) што параўн. з айнскім ne (пытальная аснова) як у nep — «што», nen — «хто, каго»; карэйскім nugu — «хто, каго»

Гіпотэзы настратычнай і эўраазіяцкай макрасем’яў

У 1897 годзе нямецкім індолягам Германам Якабі была высунутая прапанова пра роднасьць японскае мовы з алтайскімі і дравідыйскімі, ім жа былі адзначаныя й структурныя падабенствы з праіндаэўрапейскай мовай. Прадпрымаліся й іншыя спробы знайсьці сувязі паміж японскай ды індаэўрапейскімі мовамі, якія, аднак, ня сталі шырока прызнанымі. Джозэф Грынбэрг прапаноўваў уключэньне японскае мовы ў гіпатэтычную эўраазіяцкую моўную сям’ю. У адрозьненьне ад Сяргея Старасьціна, ён выступае супраць далучэньня карэйскае мовы ў склад алтайскіх і аб’ядноўвае япона-р’юкюскія, карэйскія і айнскую мовы ў якасьці асобнага таксону ўнутры эўраазіяцкае моўнае сям’і.

У адрозьненьне ад Грынбэрга, значная колькасьць лінгвістаў адмаўляюцца ад гіпотэзы існаваньня эўраазіяцкае моўнае сям’і.

Іншыя гіпотэзы

Фаналягічныя падабенствы й геаграфічная блізкасьць японскае мовы да аўстранэзійскіх моваў далі падставу некаторым лінгвістам высунуць тэорыю пра своеасаблівы характар японскае мовы як крэольскае мовы, якая ўзьнікла праз аб’яднаньне алтайскага супэрстрату і аўстранэзійскага субстрату. Радзей сустракаецца гіпотэза пра сувязь японскае мовы з дравідыйскімі, якая, між іншым, узьнімалася Робэртам Колдўэлам, Сусуму Сібам, Акіра Фудзіварам і Сусуму Она.

Заўвагі

Крыніцы

Літаратура

  • Miyake, Marc Hideo. (2003). Old Japanese: a Phonetic Reconstruction. London: RoutldegeCurzon. 10-ISBN 0415305756/13-ISBN 9780415305754; OCLC 51163755
  • Shimabukuro, Moriyo. (2007). The Accentual History of the Japanese and Ryukyuan Languages: a Reconstruction. London: Global Oriental. 10-ISBN 190190363X/13-ISBN 9781901903638; OCLC 149189163
  • Aston, William George. 1879. «A comparative study of the Japanese and Korean languages.» Journal of the Royal Asiatic Society of Britain and Ireland, New Series 11, 317-364.
  • Beckwith, Christopher I. 2004. Koguryo: The Language of Japan’s Continental Relatives: An Introduction to the Historical-Comparative Study of the Japanese-Koguryoic Languages. Leiden: Brill.
  • Beckwith, Christopher I. 2006a. «Methodological observations on some recent studies of the early ethnolinguistic history of Korea and vicinity.» Altai Hakpo 16, 199-234.
  • Beckwith, Christopher I. 2006b. «The ethnolinguistic history of the early Korean peninsula region: Japanese-Koguryoic and other languages in the Koguryo, Paekche, and Silla kingdoms.» (ст. 33 ff.) Journal of Inner and East Asian Studies 2.2, 34-64.
  • Benedict, Paul K. 1990. Japanese/Austro-Tai. Ann Arbor: Karoma.
  • Caldwell, Robert. 1875. A Comparative Grammar of the Dravidian or South-Indian Family of Languages, second edition. London: Trübner.
  • Georg, Stefan, Peter A. Michalove, Alexis Manaster Ramer, and Paul J. Sidwell. 1999. «Telling general linguists about Altaic.» Journal of Linguistics 35, 65-98. Cambridge: Cambridge University Press.
  • Kanazawa, Shōsaburō. 1910. The Common Origin of the Japanese and Korean Languages. Tokyo: Sanseidō.
  • Miller, Roy Andrew. 1971. Japanese and the Other Altaic Languages. Chicago: University of Chicago Press.
  • С. Старостин. Алтайская проблема и происхождение японского языка. — М.: Наука, 1991.

Tags:

Япона-Р'юкюскія Мовы СкладЯпона-Р'юкюскія Мовы КлясыфікацыяЯпона-Р'юкюскія Мовы ЗаўвагіЯпона-Р'юкюскія Мовы КрыніцыЯпона-Р'юкюскія Мовы ЛітаратураЯпона-Р'юкюскія МовыР’юкюЯпонская мова

🔥 Trending searches on Wiki Беларуская (тарашкевіца):

Апавядальны сказ.bj.lb.inМартын ОпіцКастусь КаліноўскіХвойнікі.no1996Ян Пазьняк.gi201425 сакавікаБлакітная валошкаГорадняВусякіБеларуская моваСлавянскія мовы.pw.ruЛеаніла Чарняўская99Тутэйшыя (п’еса)Лязьбійская парнаграфіяGoogle ChromeLast.fmКінбурнская пярэспаНясьвіжМінейка (імя)МэтабалізмМенскБрагін1949Сьцяг РасеіB1990.pnГлаголіцаСтары горад (Горадня)Ядзерная энэргетыкаПолацакПавал АляксюкМальдывы1978МураўёўкіПагоняНямецкая моваЦмок.kn1936Гораждзе1995Якуб Колас2023Сэкс1932.gwВіцебск.mzГерманішкі7Белая дзірка.lyБіятэхналёгія.cfКарэйваСтаралітва.sc.vn.idТэндэр (вагон)Беларускі фонд культуры🡆 More