Няме́цкая мо́ва (саманазва: Deutsch — «дойч» De-Deutsch.ogg (зьвесткі)) — мова заходнегерманскае групы германскайе галіны індаэўрапейскае сям’і моваў.
Нямецкая мова займае значнае становішча сярод іншых моваў: на ёй размаўляюць прыкладна 130 мільёнаў чалавек у 38 краінах сьвету. Асноўныя моўныя цэнтры — Нямеччына, Аўстрыя, Швайцарыя.
Нямецкая мова | |
Deutsch | |
Ужываецца ў | Нямеччыне, Аўстрыі, Швайцарыі, Ліхтэнштайне, Люксэмбургу, Бэльгіі і іншых краінах |
---|---|
Рэгіён | Заходняя Эўропа |
Колькасьць карыстальнікаў | Для 110 млн — родная, для 30 млн — другая мова |
Клясыфікацыя | Індаэўрапейская Германскія |
Афіцыйны статус | |
Афіцыйная мова ў | Нямеччыне, Аўстрыі, Швайцарыі, Бэльгіі, Ліхтэнштайне, Люксэмбургу, Эўрапейскім Зьвязе |
Рэгулюецца | — |
Статус: | 1 дзяржаўная[d] |
Пісьмо | нямецкі альфабэт і лацінскае пісьмо |
Коды мовы | |
ISO 639-1 | de |
ISO 639-2(Б) | ger |
ISO 639-2(Т) | deu |
ISO 639-3 | deu |
SIL | GER |
Пісьменства на аснове лацінскай графікі. Найстарэйшыя помнікі: Санкт-Галенскі (лацінска-нямецкі) глясар (VIII ст., аляманскі дыялект), пераклад на райнска-франскі дыялект трактату Ісыдора (VIII — пачатак IX ст.) і інш.
Асноўныя пэрыяды гісторыі мовы — данацыянальны й нацыянальны; XVI—XVII ст. ёсьць пераходнымі. Тэндэнцыя да ўтварэньня наднацыянальных формаў мовы на паўднёва-заходняй аснове адзначылася ў XII—XIII ст. У XIII—XIV ст. нямецкая мова пачынае выцясьняць лаціну з афіцыйна-дзелавое сфэры, вядучая роля паступова пераходзіць да ўсходне-сярэдненямецкага літаратурна-пісьмовага варыянту, з пэўным уплывам паўднёванямецкае літаратурнае традыцыі. Распаўсюджаньню гэтага варыянту паспрыялі кнігадрукаваньне (зь сяр. XV ст.), Рэфармацыя й дзейнасьць Лютэра, асабліва пераклад Бібліі, інтэнсіўнае разьвіцьцё мастацкае літаратуры XVII—XIX ст.
Фармаваньне нормаў сучаснае літаратурнае мовы скончылася ў асноўным у канцы XVIII ст., калі былі нармалізаваныя граматыка й артаграфія. На працягу XVI—XIX ст. фармаваныя літаратурныя нормы распаўсюджваліся на поўнач Нямеччыны, а таксама паўплывалі на варыянты нямецкае мовы ў Аўстрыі, Баварыі, Швайцарыі. У канцы XIX ст. былі распрацаваныя артаэпічныя нормы.
Дыялектны падзел адпавядае дыялектам заходнегерманскіх плямёнаў — франкаў, саксаў, турынгаў, аляманаў, бавараў. Літаратурная мова паўстала на аснове верхненямецкіх дыялектаў — у значнай ступені дзякуючы братам Грым.
Адрозьніваюцца ніжненямецкая, сярэдненямецкая, верхненямецкая групы дыялектаў, кожная зь іх падзяляецца на заходнюю і ўсходнюю падгрупы. Падзел між ніжненямецкімі й астатнімі дыялектамі вызначаецца лініяй Бэнрата, якая праходзіць пэрпэндыкулярна ўсёй Нямеччыне й аддзяляе ніжненямецкія рысы ад верхненямецкіх.
Таксама вылучаюцца швабска-аляманскія (Швайцарыя, частка Францыі, паўднёвы захад Нямеччыны, крайні захад Аўстрыі ды Ліхтэнштайн) і франскія (у тым ліку, мозэльска-франскія) дыялекты (сярэдняя частка Нямеччыны, Люксэмбурґ, частка Францыі). Некаторыя з дыялектаў маюць шэраг істотных адрозьненьняў ад дыялектаў, што леглі ў аснову літаратурнае нямецкае мовы, што нярэдка дае падставу лінгвістам разглядаць іх як асобныя мовы. Іншыя ідыёмы, блізкія да нямецкае мовы — люксэмбурская мова ды ідыш, звычайна часьцей (практычна заўсёды) прызнаюцца ў якасьці асобных моваў з прычыны іхняга асобнага сацыялінгвістычнага становішча.
Таксама існуюць адрозьненьні ў літаратурных нормах Швайцарыі й Аўстрыі.
Нямецкія назоўнікі зьмяняюцца па:
Нямецкія дзеясловы зьмяняюцца па:
Увогуле, парадак словаў у сказе даволі стрыманы; ягонае зьмяненьне выклікае зьмены ў эмфатычным сэнсе. Асаблівасьцю нямецкае мовы ёсьць рамачная канструкцыя, то бок пры прамым парадку словаў дзеяслоў павінны стаяць на другім месцы сказу.
Напрыканцы XX стагодзьдзя (пасьля аб’яднаньня Нямеччыны) кіраўнікі нямецкамоўных краінаў — ФРН, Аўстрыі, Швайцарыі й Ліхтэнштайну, а таксама прадстаўнікі дзяржаваў і нямецкіх меншасьцяў (Італія, Румынія й Вугоршчына) прынялі рашэньне аб правядзеньні рэформы нямецкае артаграфіі, якую плянавалася завяршыць у жніўні 2005 году.
Адна з самых кансэрватыўных і паважаных ґазэтаў ФРН, «Frankfurter Allgemeine Zeitung», у 1999 годзе, як і ўся краіна, перайшла на новую артаграфію, але ўжо праз год вярнулася да звыклага правапісу. Таксама ад новае артаграфіі адмовіўся найважнейшы грамадзка-палітычны часопіс краіны «Der Spiegel».
Паводле меркаваньняў журналістаў, новыя правілы правапісу толькі пагоршылі сытуацыю зь нямецкай мовай і прывялі да масавае блытаніны, паколькі, паводле апытаньняў, толькі 38% насельніцтва ФРН знаёмыя з новымі правіламі. Самі службоўцы таксама парушаюць новыя правілы, нават у афіцыйных дакумэнтах.
У Нямеччыне з 1 жніўня 2007 году ўступіў у сілу канчатковы варыянт закону аб рэформе нямецкага правапісу. Новыя правілы пунктуацыі й артаграфіі сталі абавязковымі для ўсіх без выключэньня дзяржаўных установаў і сыстэмаў адукацыі.
Рэформа скасуе 87 з 212 правілаў артаграфіі. Асобныя словы, якія пісаліся зь вялікай літары, зараз павінныя пісацца з маленькай і наадварот. Замест 52 правілаў пунктуацыі засталося толькі 12. Коскі зараз можна ставіць, кіруючыся больш асабістым чуцьцём, чым загадамі, а запазычаныя словы дазваляецца пісаць як у нямецкай, так і ў іншамоўнай транскрыпцыі.
Фанэтыка нямецкае мовы налічвае 44 гукі, сярод якіх адрозьніваюць 16 галосных, 3 дыфтонгі, 22 зычныя й 3 афрыкаты (гуказлучэньні [kv] і [ks] часам адносяць да афрыкатаў).
Славесны націск носіць фіксаваны характар і амаль не зьмяняе свайго палажэньня ў слове. У каранёвых словах націск падае, як правіла, на першы склад, у словах з прыстаўкамі націск прыпадае альбо на прыстаўку, альбо на корань. У гэтым зьвязку вылучаюць націскныя (un-, ur-, ab-, auf-, aus-, bei-, ein-, mit-, nach-, vor-, zu-) і ненаціскныя прыстаўкі (be-, ge-, ent-, emp-, er-, ver-, zer-). Большасьць нямецкіх суфіксаў ненаціскныя, але ёсьць шэраг націскных суфіксаў (-ist, -ent, -ant, -ee, -eur, -ion, -tät, -ur, -at, -it, -ot, -et). У складаных словах націск бывае галоўным (падае на першы кампанэнт слова) і другарадным (падае на другі кампанэнт), а ў абрэвіятурах падае на апошнюю літару (скарачэньне). Націск у сказе падае звычайна на якія-небудзь знамянальныя словы, а словы службовыя націску пазбаўленыя. Націск, рух тону, тэмп і паўзы ў сукупнасьці даюць інтанацыю.
На лістапад 2011 г. у сярэдніх школах Беларусі нямецкая мова вывучалася ў якасьці замежнае 19% вучняў. За 2019 год у Беларусі выдалі 64 найменьні брашураў і кнігаў на нямецкай мове.
Вікіпэдыя мае вэрсію нямецкай мовай |
Нямецкая мова — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Нямецкая мова, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.