Уладзі́мер Сьцяпа́навіч Руса́к (17 чэрвеня 1949, вёска Муцькавічы, Навамыскі раён, Баранавіцкая вобласьць, БССР — 20 красавіка 2019, Баранавічы) — протадыякан Расейскай праваслаўнай царквы, царкоўны гісторык, публіцыст, савецкі дысыдэнт і палітычны вязень.
Сябра Саюзу расейскіх пісьменьнікаў.
Уладзімер Русак | |
Адукацыя | |
---|---|
Дзейнасьць | гісторык царквы, публіцыст, дыякан, тэоляг |
Нарадзіўся | 17 чэрвеня 1949 |
Памёр | 20 красавіка 2019 (69 гадоў) |
Нарадзіўся ў праваслаўнай сям’і Сьцяпана Ігнатавіча (1906—1972) і Вера Сьцяпанаўны (1906—1982). Старэйшы брат — протаярэй Пётар Русак (1938—1978), праваслаўны сьвятар, прапаведнік. Старэйшая сястра — Марыя.
У 1967—1970 роках навучаўся на фізыка-матэматычным факультэце Менскага дзяржаўнага пэдагагічнага інстытуту. У 1970—1980 — стажэр, рэфэрэнт, рэдактар, навуковы рэдактар (з 1977) «Часопісу Маскоўскай патрыярхіі». У 1973 року скончыў Маскоўскую духоўную сэмінарыю, у 1977 — Маскоўскую духоўную акадэмію з ступеньню кандыдата багаслоўя.
У 1976 рукапакладзены ў сан дыякана. Паралельна з працай у рэдакцыі пісаў кнігу па гісторыі бальшавісцкіх рэпрэсіяў супраць праваслаўнай царквы, за што звольнены з работы. У 1980—1981 роках служыў дыяканам у вёсцы Іванісава Нагінскага раёну Маскоўскай вобласьці. У 1982 накіраваў просьбу мітрапаліту Беларускаму Філарэту і пераведзены ў Віцебск. У 1983 року за казань у віцебскім Казанскім саборы пра мучанікаў за веру ў СССР пазбаўлены права служэньня. Сасланы ў Жыровіцкі манастыр. Некаторы час служыў пры храме ў Давыд-Гарадку.
Пазьней вярнуўся ў Маскву, працаваў дворнікам. 23 красавіка 1986 за самвыдатную кнігу «Сьведчаньне абвінавачаньня» арыштаваны КДБ. 10 верасьня асуджаны за «антысавецкую агітацыю і прапаганду» да 7 гадоў калёніі строгага рэжыму і 5 гадоў ссылкі. Тэрмін правёў у Пермскай вобласьці. У выніку міжнароднага заступніцтва прысуд быў зьменшаны да 2,5 гадоў, ссылка скасаваная. Вызвалены 22 кастрычніка 1988 року. Рэабілітаваны ў 1993.
У кастрычніку 1989 року зьехаў у ЗША. У 1989—1996 выкладаў гісторыю Расейскай праваслаўнай царквы і кананічнае права ў сэмінарыі Джорданвілю.
У 1996 року вярнуўся ў Маскву. Працаваў у «Народным доме» Сяргея Філатава, выкладаў у Расейскім дзяржаўным гуманітарным ўнівэрсытэце (1997), Ангельска-амэрыканскай школе пры амбасадзе ЗША (1997—1999).
У 2000—2008 зноўку ў ЗША. Рэдагаваў парафіяльныя газэты ў Нью-Ёрку (2004) і Сан-Дыега (2005—2006). У 2008—2014 зноўку ў Маскве, пасьля ў Дэс-Плэйнс (Іліной, ЗША). Сканаў у Баранавічах.
У 1987 року ў ЗША выйшла па-расейску кніга «Сьведчаньне абвінавачаньня». На базе сваіх лекцый у Джорданвільскай сэмінарыі напісаў кнігу «Гісторыя Расейскай царквы. З часу заснаваньня да нашых дзён» (1993). Апошняя вялікая праца Ўладзімера Русака — чатырохтомнае дасьледаваньне, прысьвечанае гісторыі Расейскай праваслаўной царквы ў XX стагодзьдзі.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Уладзімер Русак, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.