Пінскдрэў

«Пінскдрэў» — найбуйнейшы дрэваапрацоўчы холдынг Беларусі, заснаваны ў 1880 годзе ў якасьці фабрыкі ў Пінску.

Найстарэйшае прадпрыемства Пінску, а таксама найстарэйшае прадпрыемства дрэваапрацоўчай прамысловасьці на Беларусі.

«Пінскдрэў»
Пінскдрэў
Тып закрытае акцыянэрнае таварыства
Заснаваная 1880
Разьмяшчэньне Пінск, Беларусь
Ключавыя фігуры Аляксандар Суднік
Галіна дрэваапрацоўка
Прадукцыя мэбля
Лік супрацоўнікаў 6044 (2011)
Даччыныя кампаніі «Віцебсклес», «Эўрамэбля» (Берасьце)

Гісторыя

У канцы 1880 году браты Ліпа (Леапольд) і Аляксандар Лур’е зь Вены (Аўстра-Вугоршчына) пабудавалі ў Пінску (Менская губэрня, Паўночна-Заходні край, Расейская імпэрыя) фабрыку па вырабе сапожных шпілек, фанэры і фанэрных скрыняў. У 1890 годзе фабрыка наймала 566 супрацоўнікаў. У 1892 г. фабрыку пераабсталявалі для вытворчасьці запалак, што зрабіла яе першай падобнай вытворчасьцю ў месьце. У 1903 г. на фабрыцы пачалі вырабляць фанэру. У жніўні 1914 г., пасьля пачатку 1-ай сусьветнай вайны, фабрыка спыніла працу да 1918 году. У верасьні 1915 г. немцы занялі Пінск і пачалі вываз абсталяваньня ў Нямеччыну. На 1925 год вырабілі 8,7 тыс. м³ фанэры. У 1930 годзе — 12,5 тыс. м³ фанэры, 20% якой экспартавалася.

У 1939 г. фабрыку нацыяналізавалі і пераназвалі ў Дзяржаўны фанэрны завод № 4. У сьнежні 1944 г. фанэрную і запалкавую фабрыкі аб’ядналі ў Пінскі фанэрна-запалкавы камбінат. З 1959 году на прадпрыемстве пачынаюць выпускаць мэблю. У 1963 годзе да камбіната далучылі Гарадзішчанскі дрэваапрацоўчы камбінат (Пінскі раён). У 1965 годзе пабудавалі цэх драўнінна-стружкавых плітаў (ДСП). У 1971 годзе на базе Пінскага фанерна-запалкавага камбіната было створанае вытворчае дрэваапрацоўчае аб’яднаньне «Пінскдрэў». Аб’яднаньне займалася выпускам канапаў, фатэляў, ложкаў і школьнай мэблі. У 1983 годзе прадпрыемства ўзначаліў былы кіраўнік Гарадзенскай мэблевай фабрыкі Ларан Арыніч.

У 1992 г., пасьля выкупу дзяржаўнага прадпрыемства супрацоўнікамі, пачалася разбудова ўласнай сеткі крамаў. Да 1996 году збудавалі фабрыку экспартнай мэблі, лесазавод і ніжні склад раскрыжоўваньня хлыстоў. У 1997 годзе зьмяніўся таварны знак прадпрыемства, на якім дагэтуль была намаляваная запаленая сярнічка, таксама збудавалі фабрыку зэдаляў і адчынілі даччынае прадпрыемства «Эўрамэбля» (Берасьце). У 1999 годзе адчынілі фабрыку сталоў і ўласныя склады для мэблі.

У 2000 годзе вытворчае аб’яднаньне ператварылі ў закрытае акцыянэрнае таварыства. На 2001 год у склад «Пінскдрэва» ўваходзілі Пінская запалкавая фабрыка, Пінскі фанэрны завод, фабрыкі — мяккай мэблі, экспартнай мэблі, сталоў, крэслаў, заводы — драўнінна-стружкавых плітаў (ДСП), струганага шпону і мэблі, лесазавод, лесапрамысловая гаспадарка (усе ў Пінску), Гарадзішчанская фабрыка корпуснай мэблі (Пінскі раён), «Эўрамэбля» (Берасьце), крама «Мэбля» (Менск).

У 2006 годзе адчынілася мэблевая фабрыка «Заслаўе» (Менскі раён). У 2010 г. у вёсцы Вішавічы (Пінскі раён) пусьцілі вытворчасьць матрацаў, а затым адчынілі фабрыку вокнаў.

25 кастрычніка 2010 году на заводзе адбыўся выбух і пажар, што стала прычынаю сьмерці 14 чалавек. Паводле інфармацыі МНС, пажар на прадпрыемстве спрычыніў «выбух адкладаньняў драўнянага пылу ў выніку парушэньня рэжыму эксплюатацыі абсталяваньня па вытворчасьці драўняна-паліўных гранулаў». Гэта была самая вялікая прамысловая аварыя ў Беларусі за некалькі дзесяцігодзьдзяў. 10 студзеня 2011 году пасаду кіраўнік заняў Аляксандар Суднік

У 2011 г. «Пінскдрэў» вырабіў 19,7% кошту вырабаў дрэваапрацоўчай прамысловасьці Беларусі і 37,3% кошту вырабаў канцэрну «Беллеспаперапрам». Холдынг «Пінскдрэў» меў звыш 30 падразьдзяленьняў, у тым ліку некалькі даччыных сумесных прадпрыемстваў (СП) для вытворчасьці мяккай мэблі, СП для выпуску клеянай фанэры, 6 фабрык корпуснай мэблі, завод струганага шпону і мэблі, 2 лесапрамысловыя гаспадаркі, лесазавод і запалкавую фабрыку. На 1 верасьня 2011 г. кампанія налічвала 6044 супрацоўнікі. На прадпрыемстве працавалі каля 20% працаздольнага насельніцтва Пінска, якія стваралі 33,3% прамысловай вытворчасьці гораду і 37,4% яго экспарта за мяжу. Уласная сетка збыту налічвала 7 прадстаўніцтваў у абласных цэнтрах Беларусі, 36 уласных крамаў агульнай гандлёвай плошчай 14,5 тыс. м², 2 выставачныя залы і звыш 100 фірмовых аддзелаў у крамах. Таксама ў 2011 г. удалося прыдбаць ААТ «Віцебсклес».

5 лістапада 2011 году ў цэху фабрыкі крэслаў, які належыць холдынгу «Пінскдрэў», пачала тлець электраправодка лякіравальнага станка, што выклікала чарговы пажар. Рабочыя самастойна пакінулі небясьпечную зону. У выніку пажару пацярпелых не было і тэхналягічны працэс парушаны ня быў. Да прыбыцьця выратавальнікаў пажарная ахова прадпрыемства ліквідавала пажар.

На 2012 г. холдынг улучаў 44 даччыныя прадпрыемствы. У 2012 годзе прадпрыемствы ЗАТ «Пінскдрэў» забясьпечылі траціну прамысловай вытворчасьці Пінску.

Кіраўнікі

  • Аляксандар Лур’е (1880—1924)
  • Якаў Эліясбэрг (1924—1939)
  • Ларан Арыніч (1983 — 10 студзеня 2011)
  • Аляксандар Суднік (з 10 студзеня 2011 г.)

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Tags:

Пінскдрэў ГісторыяПінскдрэў КрыніцыПінскдрэў Вонкавыя спасылкіПінскдрэўБеларусьПінскХолдынг

🔥 Trending searches on Wiki Беларуская (тарашкевіца):

ДзейнікІталіяАнатоль СысДаўмонт (імя)АборSQLСьвяты Юры1923ШыізмАдам МіцкевічПагоняКартагенАляксандар МакедонскіСамагубстваРоварАлесь ЖукАндрэй ХадановічСэрбская моваСельская гаспадарка БеларусіАдзёрВялейкаУсеагульная энцыкляпэдыя Самуэля АргельбрандаСурвэткаВольныя матэрыялыВацлаў ЛастоўскіКамаіНародны АльбомАдлігаГабрэіРаскіданае гняздо (п’еса)Імёны ліцьвінаўМіхал Клеафас АгінскіМарыюпальУкраінскае ПалесьсеЖывапісВайшнорыяПершая сусьветная вайнаАндрусь ГорватАрсень СкапецТутэйшыя (фільм, 2007)15 красавікаІван ЧыгрынаўВіталь ВольскіВольга БабковаРасеяСтатусбанкСямён ПадокшынІнданэзіяАльгерд БахарэвічЯн СерадаАляксандар МарозПарнаграфія ў ВугоршчынеПольшчаРасейская моваУладзіслаў ГарбацкіC++АнгельшчынаМіжнароднае студэнцкае спаборніцтва па праграмаваньніСавушкін прадуктДуброўнаГрамадзкі набытакЭўфрасіньня ПолацкаяДотык пісі рукою🡆 More