Помнік сакральнай архітэктуры | |
Мядзельская Кальварыя | |
Мядзельская Кальварыя | |
Краіна | Беларусь |
Места | Мядзел |
Каардынаты | 54°53′38.70″ пн. ш. 26°54′18.18″ у. д. / 54.8940833° пн. ш. 26.90505° у. д. 26°54′18.18″ у. д. / 54.8940833° пн. ш. 26.90505° у. д. |
Заснавальнік | кармеліты басыя[d] |
Мядзельская Кальварыя | |
Мядзельская Кальварыя на Вікісховішчы |
Мядзельская Кальварыя (Галгота; імітацыя Крыжовага Шляху Езуса Хрыста) — помнік сакральнай архітэктуры ў Мядзеле, гістарычнае месца пакланеньня вернікаў-каталікоў, створанае паводле пляну Крыжовай Дарогі ў Ерузалеме. Знаходзіцца на паўночнай ускраіне места, паабапал аўтамабільнай дарогі Мядзел — Паставы празь вёску Чарняты.
Мядзельская Кальварыя — унікальны аб’ект, адзіны ў сучаснай Беларусі. Месцы знаходжаньня 18 былых каплічак і іх парэшткаў пазначаюцца драўлянымі крыжамі. Двойчы на год (у ліпені і верасьці) вернікі Мядзельскай парафіі Маці Божай Шкаплернай ушаноўваюць Кальварыю крыжовым паходам, агульная працягласьць маршруту якога складае больш за 5 км, і набажэнствамі.
У 1772 годзе Мядзельская Кальварыя складалася з 21 капліцы і 8 брамаў, разьмешчаных на прылеглых палях вакол касьцёла. Капліцы былі драўлянымі на каменным падмурку. У саміх капліцах знаходзіліся абразы і драўляныя фігуры.
Кальварыю асьвяціў суфраган беларускі біскуп Фэлікс Тавянскі 8 жніўня 1772 году. Працэдура асьвячэньня доўжылася 4 дні.
Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Мядзел апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, Кальварыя працягвала дзейнічаць. Аднак па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у 1866 годзе расейскія ўлады гвалтоўна ліквідавалі парафію, а касьцёл перарабілі пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы), у выніку чаго Кальварыя праз пэўны час стала занядбанай.
У 1927—1929 гадох айцец Браніслаў Ярасінскі ініцыяваў адбудаваньне Кальварыі. У той час гэта зямля належала Генрыку Козелу-Паклеўскаму, які жыў у Старым Мядзеле і вызначыў пляц пад капліцу. Айцец Браніслаў з дапамогай мясцовых жахароў і пляну Кальварыі пад польскім мястэчкам Зэбжыдова вызначыў месца для астатніх капліцаў. Па сьмерці Генрыка Козела-Паклеўскага зямлю, дзе разьмяшчалася Кальварыя, выкупілі кармэліты за сродкі, атрыманыя ад продажу фальварку Мікасецку. У 1933—1938 гадох з цэглы, каменьня і пустакоў, пакрытых бляхай, збудавалі 15 капліцаў. Папулярнасьць Кальварыі значна павялічылася, і многія пілігрымы зьдзяйсьнялі сюды свае паломніцтвы.
За часамі Другой сусьветнай вайны 2 лістапада 1942 году Мядзельскую Кальварыю, якая на той час налічвала каля 40 капліцаў, амаль цалкам разабралі і зьнішчылі.
З аднаўленьнем незалежнасьці Беларусі на месцы Кальварыі паставілі 18 драўляных крыжоў, якія сымбалізуюць месцы знаходжаньня былых капліцаў. Каля крыжоў аднавілі адну з капліцаў, захаваліся парэшткі сьценаў двох капліцаў на Кальварыйскім узгорку і рэшткі падмуркаў яшчэ трох капліцаў. Кальварыя даглядаецца вернікамі, але праз брак сродкаў на аднаўленьне агульны яе стан пагаршаецца. У афіцыйны сьпіс гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі Мядзельская Кальварыя не ўваходзіць. Мясцовыя моладзевыя актывісты распрацавалі плян аднаўленьня Кальварыі.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Мядзельская Кальварыя, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.