Манго́льская імпэ́рыя (стараманг.
Yeke Mongγol ulus — Вялікая дзяржава манголаў, па-мангольску: Их Монгол улс, Монголын эзэнт гүрэн) — дзяржава, заснаваная Чынгісханам у 1206, уключала ў сябе самую вялікую ў сусьветнай гісторыі сумежную тэрыторыю ад Дунаю да Японскага мора і ад Ноўгараду да Камбоджы (каля 33 млн км²).
У пэрыяд росквіту ахоплівала разьлеглыя тэрыторыі Цэнтральнай Азіі, Паўднёвай Сыбіры, Усходняй Эўропы, Блізкага Ўсходу, Кітаю і Тыбэту. У другой палове 13 стагодзьдзя пачаўся распад імпэрыі на ўлусы, на чале якіх стаялі чынгізыды. Буйнейшымі асклепкамі Вялікай Манголіі сталі Імпэрыя Юань, Залатая Арда, Дзяржава Ільханаў і Чагатайскі ўлус. Сталіцай дзяржавы першапачаткова быў горад Каракарум, у 1264 сталіца перанесена ў Ханбалык.
У 1196 годзе племянны хан пасьля зьнішчэньня сваіх супернікаў стаўся Чынгісханам і да 1206 году быў абвешчаны кіраўніком усіх мангольскіх і цюрскіх стэпавых народаў. Зыходзячы з існуючай сытуацыі, Чынгісхан выдаў шэраг палажэньняў, якія з часам былі аб’яднаныя ў адзін закон ясу.
У 1205—1209 гады Чынгісханам была падпарадкаваная дзяржава Сі Ся, якая была пляцдармам перад прасоўваньнем на Кітай. У 1211—1215 гады была спустошаная дзяржава Цзынь. Манголы ўмацавалі сваю вайсковую моц, старанна плянуючы праз кожныя два гады паходы, а пасьля дзякуючы выкарыстаньню вайсковай тэхнікі кітайскіх інжынэраў, як то вайсковыя сыгнальныя сыстэмы, мастацтва аблогі. У 1219—1225 гады манголы зьдзейсьнілі напад на Харэзмскую дзяржаву. Чынгісхан скарыў землі ад Паўночнага Кітаю да Чорнага мора.
Пасьля сьмерці Чынгісхана дзяржава была падзелена паміж ягонымі чатырма сынамі Джучы, Чагатаем, Талуем і Ўгедэем. Кожны зь іх атрымаў свой улус. Цэнтар імпэрыі, яшчэ пры жыцьці Чынгісхана, з 1220 году знаходзіўся на ўсходнім беразе ракі Архон, дзе ў ейным прытоку Каракарум разьмяшчалася стаўка Вялікага хана. У 1235 годзе тут ужо пры Ўгедэі пачалося будаўніцтва гораду. На працягу чвэрці стагодзьдзя Каракарум да 1260 году быў галоўным горадам-сталіцай дзяржавы. Да часу пераносу Хубілаем сталіцы ў Пэкін у дэльце Волгі на левым беразе Ахтубы была заснавана першая сталіца Залатой Арды — Сарай.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Мангольская імпэрыя, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.