Эрнст І́нгмар Бэ́ргман (па-швэдзку: Ernst Ingmar Bergman (зьвесткі); 14 ліпеня 1918, Упсала, Швэцыя — 30 ліпеня 2007, Форэ, Швэцыя) — знакаміты швэдзкі рэжысэр тэатру і кіно, сцэнарыст, уладальнік шматлікіх кінаўзнагародаў, сярод якіх Залатая пальмавая галіна, Залаты мядзьведзь.
Ягоныя фільмы тройчы атрымоўвалі Оскар у намінацыі «найлепшыя фільмы на замежнай мове». Вызнаваўся за прыхільніка ідэяў экзыстэнцыялізму. У ягоных фільмах здымаліся самыя знакамітыя акторы Швэцыі, сярод якіх Макс фон Сюдаў, Бібі Андэрсан, Ліф Ульман.
Філіп Фрэнч называў Бэргмана адным з найвялікшых прадстаўнікоў мастацтва XX стагодзьдзя, якія знайшлі спосаб у літаратуры і сцэнічным мастацтве аднавіць і паставіць пад сумнёў чалавечы стан.
Эрнст Інгмар Бэргман нарадзіўся 14 ліпеня 1918 году ва Ўпсале, Швэцыя. Ён быў сынам Эрыка Бэргмана, лютэранскага сьвятара, а пазьней капеланам караля Швэцыі, і ягонай жонкі Карын, якая працавала ў мэдыцыне і мела валёнскія карані. Будучы рэжысэр гадаваўся разам са сваім старэйшым братам Дагам і сястрой Маргарэтай у атачэньні рэлігійнага выхаваньня, бо ягоны бацька меў даволі кансэрватыўны погляд на выхаваньне. Інгмара зачынялі ў цёмнае шафе, за розныя правіны, як то змочваньне ложку.
У хлопчыка вельмі рана выявілася цікавасьць да тэатра і кінэматографа. Яшчэ ў веку дзевяці гадоў ён прадаў свой цацачны набор цынавых жаўнерчыкаў дзеля таго, каб набыць фантаскоп. Цягам году ён стварыў уласны сьвет, гуляючы з фантаскопам. Ён складаў уласныя сцэнары, гуляўся з марыянэткамі ды рабіў асьвятляльныя эфэкты, ладзячы лялечныя пастаноўкі спэктакляў Аўгуста Стрындбэрга, дзе прамаўляў за ўсіх пэрсанажаў. Падлеткам Бэргман навучаўся ў Пальмгрэмавай школе, але школьныя гады былі для хлопца нешчасьлівымі, пазьней ён зь незадавальненьнем узгадваў сваой школьны час. У лісьце 1944 году пра фільм «Пакута», які выказаў думку наконт стану швэдзкіх гімназіяў. У адказ дырэктар школы Гэнінг Гокансан прыгадаў, што Бэргман быў праблемным дзіцём. Бэргман на гэта адказаў, што яму моцна не падабаўся акцэнт на хатніх заданьнях і іспытах.
У 1934 годзе ў веку 16 гадоў хлопца накіравалі ў Нямеччыну, каб ён бавіў час у свае летнія канікулы зь сябрамі сям’і. Ён прысутнічаў на нацысцкай імпрэзе ў Ваймары, на якім пабачыў Адольфа Гітлера. Пазьней рэжысэр узгадваў пра візыт у Нямеччыну, апавядаючы, як нямецкая сям’я ўсчапіла партрэт Гітлера на сьцяну ля ягонага ложка, і што на працягу многіх гадоў ён быў на баку Гітлера, захапляючыся ягонымі посьпехамі і смуткуючы пры ягоных паразах. Бэргман адзначаў, што Гітлер быў неверагодна харызматычным, здольным захапіць натоўп. Нацызм падаваўся хлопцу вясёлым і маладым . Бэргман адбыў абавязковую вайсковую службу ў Швэцыі ў два этапы, кожны зь якіх цягнуўся пяць месяцаў.
Бэргман скончыў Стакгольмскі ўнівэрсытэт, дзе вывучаў літаратуру і гісторыю мастацтваў, з 1940 году працаваў асыстэнтам рэжысэра ў Каралеўскім драматычным тэатры ў Стакгольме. З 1942 годзе займаў пасаду рэдактара сцэнараў у кінакампаніі Svensk Filmindustri. У 1944 годзе Бэргман здабыў пасаду памочніка рэжысэра ў фільме «Пакута» (Hets) Альфа Шобэрга, зьнятым, да таго ж, паводле ягонага асабістага сцэнару.
Першым фільмам Бэргмана-кінарэжысэра сталася «Крыза» (1946). Усяго на ягоным рахунку – болей за 40 мастацкіх стужак, зьнятых для кіно і тэлебачаньня, прыкладна з тузін напісаных кінасцэнароў і вялікая колькасьць тэатральных пастановак (як сцэнічных, так і радыйных). Цягам жыцьця ён працаваў дырэктарам тэатраў у Гётэборгу, Мальмё, Стакгольме ды Мюнхэне.
З пачатку 1960-х Бэргман жыў на востраве Форэ ля Готлянду. У 1976 годзе яго несправядліва зьвінавацілі ў адхіленьні ад выплаты падаткаў і арыштавалі. Пасьля вызваленьня, нягледзячы на прынесеныя прабачэньні, Бэргман вырашыў болей не працаваць у Швэцыі, зачыніў сваю кінастудыю ды зьехаў у Нямеччыну. Вярнуўся ён толькі летам 1978, але ажно да 1984 году выконваў абавязкі дырэктара Residenztheater у Мюнхэне.
Сваю рэжысэрскую кар’еру ў тэатры Бэргман скончыў у 2002, у кіно — у 2004. Апошнім фільмам для яго стаў аўтабіяграфічны «Востраў Бэргмана», які ён зьняў разам з Мары Нірэрод на ўлюбёным Форэ.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Інгмар Бэргман, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.