Іва́н Ігна́тавіч Крамко́ (4 студзеня 1931 в.
Беражна, Наваградзкі павет, Наваградзкае ваяводства — 30 лістапада 2019, Менск) — беларускі мовазнавец.
Іван Крамко | |
Іван Крамко | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 4 студзеня 1931 в. Беражна, Наваградзкі павет, Наваградзкае ваяводства, Польская Рэспубліка |
Памёр | 30 лістапада 2019 Менск |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | мовазнаўца, філёляг |
Кірунак | мовазнаўства, гісторыя мовы |
Узнагароды |
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Падчас Другой сусьветнай вайны з восені 1943 г. да ліпеня 1944 г. быў сувязным атраду «Камсамолец» на тэрыторыі Мірскага раёну.
Пасьля заканчэньня ў 1950 годзе сярэдняй школы ў мястэчку Мір паступіў на філялягічны факультэт (беларускае аддзяленьне) Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, які закончыў у 1955 годзе. У тым жа годзе паступіў у асьпірантуру Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР, пасьля заканчэньня якой з кастрычніка 1958 году да сьнежня 2004 году працаваў у сэктары (аддзеле) гісторыі беларускай мовы на пасадах малодшага і старшага навуковага супрацоўніка.
У 1961 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю на тэму «Сынтаксіс складанага сказу Слонімскіх актаў другой паловы XVI стагодзьдзя» (навуковы кіраўнік — М. А. Жыдовіч). У 1970 годзе яму было прысвоена навуковае званьне старшага навуковага супрацоўніка.
Займаўся самымі рознымі аспэктамі гісторыі беларускай мовы, але ў першую чаргу яго цікавілі пытаньні гістарычнай лексыкалёгіі і лексыкаграфіі, гістарычнага сынтаксісу, гісторыі беларускай літаратурнай мовы, культуры беларускай мовы. Плёнам яго шматгадовай дзейнасьці сталі звыш ста трыццаці навуковых работ, сярод якіх манаграфіі «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» (Т. 2, Менск, 1968; у суаўтарстве), («Сінтаксіс Слонімскіх актаў XVI ст. (складаны сказ)» (Менск, 1970), «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы» (Менск, 1970; у суаўтарстве), «Гістарычная марфалогія беларускай мовы» (Менск, 1979, у суаўтарстве), «Мова беларускай пісьменнасці XIV—XVIII стст.» (Менск, 1988, у суаўтарстве) і інш.), артыкулы ў навуковых зборніках, пэрыядычных выданьнях («Беларуская лінгвістыка» і інш.). Дасьледаваў лексыку роднай вёскі Беражна, пра што друкаваў дыялекталягічныя нататкі ў зборніках «З народнага слоўніка» (Менск, 1975), «Жывое слова» (Менск, 1978), «Народная словатворчасць» (Менск, 1979); Народнае слова (Менск, 1986), «Жывое народнае слова» (Менск, 1992).
Прымаў удзел у рабоце VII Міжнароднага зьезду славістаў (Варшава, 1973).
Пад кіраўніцтвам К. К. Атраховіча (Кандрата Крапівы) удзельнічаў у падрыхтоўцы другога выданьня «Русско-белорусского словаря» (Менск, 1982). Ён уваходзіў у склад рабочай групы, якая папаўняла рэестар слоўніка новымі словамі і праводзіла іх лексыкаграфічную апрацоўку.
Зьяўляўся сябрам калектыву па падрыхтоўцы да выданьня «Статуту Вялікага Княства Літоўскага» 1588 году, выконваў адаптацыю тэксту Статута («Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588: Тэксты. Даведеднік. Каментарыі» [Менск, 1989]).
Але адной з галоўнейшых спраў у навуковым жыцьці стала праца над «Гістарычным слоўнікам беларускай мовы». Ён быў сярод тых, хто распачынаў гэту дзейнасьць, і прайшоў усе этапы работы над гэтым сапраўды ўнікальным і фундамэнтальным выданьнем беларускай мовазнаўчай навукі.
Для слоўніка расчытаў і апрацаваў тэксты пісьменнасьці розных жанраў: «Статут Вялікага Княства Літоўскага» (1588), «Арыстоцелевы вароты» (60-я гады XVI ст.), «Мэтрыка Вялікага Княства Літоўскага», дакумэнты, зьмешчаныя ў «Актах, издаваемых Виленскою археографическою комиссиею для разбора древних актов» (Т. XIX, XX, XXXVI, XXXIX), зборнік жыцій сьвятых другой паловы XVII ст. і інш. Прымаў удзел у стварэньні картатэкі слоўніка. Выпісаў 126 тысячаў картак-цытат з вышэйназваных помнікаў старабеларускай пісьменнасьці. Распрацаваў слоўнікавыя артыкулы для дваццаці васьмі выпускаў слоўніка (2, 6-9, 12, 15, 16, 18-37). Увёў у навуковы ўжытак і адпаведна ў кола крыніц «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» раней невядомы помнік «Гистория, або Повесть людей розных веры годных о образе чудовным пренайсвятейшей девы Маріи Жировицком…», упершыню надрукаваны сумесна з А. І. Мальдзісам у зборніку «Помнікі культуры. Новыя адкрыцці» (Менск, 1985. С. 128—132).
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Іван Крамко, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.