На момант пачатку Вялікай Айчыннай вайны Беларусь (БССР) з’яўлялася складовай часткай СССР і ўварванне гітлераўскіх войск на яе тэрыторыю пачалося з першага дня вайны — 22 чэрвеня 1941 года.
Уварванне ажыццяўлялася сіламі групы армій «Цэнтр» (генерал фон Бок) у адпаведнасці з планам «Барбароса».
У верасні 1939 года, на падставе сакрэтнага Дадатковага пратакола да дагавора аб ненападзе паміж Германіяй і Савецкім Саюзам (пакт Молатава-Рыбентропа), усходняя частка Польшчы была занята савецкімі войскамі і неўзабаве далучана да СССР — у склад БССР былі ўключаны Баранавічы, Пінск, Гродна, Брэст, Беласток. Такім чынам, мяжа СССР на беларускім участку была адсунута ад Мінску на некалькі сотняў кіламетраў на захад і ператварылася ў мяжу паміж Савецкім Саюзам і германскай зонай акупацыі Польшчы. Да моманту нападу Германіі на СССР велізарныя ваенныя сілы былі сканцэнтраваны паблізу мяжы з абодвух бакоў.
Першай значнай падзеяй Вялікай Айчыннай вайны на беларускай зямлі стала абарона Брэсцкай крэпасці, якая доўжылася каля месяца. У ходзе баёў загінула каля 2 тыс. абаронцаў крэпасці. Апошнім 23 ліпеня трапіў у палон маёр Гаўрылаў. Супраціў савецкіх войск у раёне Гродна быў менш удалым. У першы ж дзень вайны масіраванай бамбардзіроўцы падвергнуўся Мінск. 26 чэрвеня савецкі лётчык Гастэла на сваім самалёце здзейсніў агністы таран нямецкай калоны на дарозе Маладзечна — Радашковічы. Аднак сталіца Беларусі пала ўжо 28 чэрвеня 1941 года. У той жа дзень быў захоплены Бабруйск. Значная частка савецкіх войск у Беларусі (заходні фронт) апынулася ў акружэнні (звыш 200 тыс. чал.). Пры спробе вырвацца з акружэння быў захоплены ў палон генерал Карбышаў. Пасля камандуючы Заходнім фронтам генерал Паўлаў быў адхілены ад пасады, адкліканы ў Маскву і расстраляны. 6 ліпеня савецкія войскі паспрабавалі контратакаваць немцаў у Віцебскай вобласці, але ў выніку 9 ліпеня быў страчаны Віцебск. Падчас баёў за Віцебск трапіў у палон сын Сталіна старшы лейтэнант Якаў Джугашвілі. 10 ліпеня нямецкія войскі з танкавага корпуса Гудэрыяна дасягнулі Днепра ў раёне Магілёва і прыступілі да фарсіравання ракі. 14 ліпеня ў ар’ергардных баях за Оршу савецкія войскі ўпершыню ўжылі рэактыўныя гранатамёты «Кацюша ». 17 ліпеня пачаўся штурм Магілёва, цалкам горад перайшоў пад кантроль немцаў 26 ліпеня. Рэшткі савецкіх войск адступілі на ўсход, за Дняпро. Тэрыторыя Беларусі цалкам апынулася пад уладай немцаў, а германа-савецкі фронт Другой сусветнай вайны зрушыўся на ўсход (28 ліпеня савецкія войскі пакінулі Смаленск).
Беларускія землі разам з Прыбалтыкай былі ўключаны ў склад рэйхскамісарыята Остланд. На акупаванай немцамі тэрыторыі практыкавалася масавае знішчэнне яўрэйскага насельніцтва (Халакост у Беларусі). Для гэтай мэты былі створаны гета . У нечалавечых умовах утрымліваліся савецкія ваеннапалонныя (Шталаг 313 ).
Аднак нямецкія ўлады спрыялі этнічным беларусам, праводзячы палітыку вайсрутэнізацыі. Былі ўведзены элементы мясцовага самакіравання, напрыклад, Беларуская цэнтральная рада пад старшынствам Радаслава Астроўскага. Дазваляўся да выкарыстання бела-чырвона-белы сцяг. Гэта спрыяла такой з’яве як беларускі калабарацыянізм. Так у шэрагі Беларускай Краёвай Абароны (камандзір Іван Ермачэнка) было мабілізавана да 28 тыс.чалавек. На ўзор Гітлерюгенда быў створаны Саюз беларускай моладзі.
Для супраціўлення акупантам на беларускіх землях разгарнуўся магутны партызанскі рух. 10 лютага 1942 года пры дапамозе партызан удалося стварыць г. зв. «Віцебскія вароты» (пралом у фронце). У нямецкім тыле партызаны стваралі свабодныя ад акупацыі зоны, на якіх нават функцыянавалі аэрапорты (Зыслаў востраў). 22 верасня 1943 года беларуская партызанка Алена Мазанік ўзарвала нямецкага намесніка Беларусі Вільгельма Кубэ. У мэтах барацьбы з партызанамі немцы тэрарызавалі мясцовае насельніцтва. У рамках гэтых дзеянняў 22 сакавіка 1943 года вёска Хатынь была цалкам знішчана разам з усімі яе жыхарамі (149 чалавек). Акрамя немцаў для барацьбы з партызанамі і тэрору мясцовага насельніцтва прыцягваліся і калабарацыяністы (118-ы ахоўны паліцэйскі батальён).
Для вызвалення Беларусі ад нямецкай акупацыі савецкае камандаванне сфармавала Беларускі фронт, на чале якога стаў генерал Ракасоўскі.
У выніку паспяхова праведзенай аперацыі савецкія войскі Беларускага фронту 26 лістапада 1943 года занялі Гомель. 21 лютага 1944 года падчас Рагачоўскай аперацыі савецкія войскі выйшлі да Дняпра, а 24 лютага вызвалілі Рагачоў.
23 чэрвеня пачалася аперацыя «Баграціён», падчас якой 26 чэрвеня быў вызвалены Віцебск, 27 чэрвеня — Орша, а 3 ліпеня — Мінск. Вызваленне Мінска з 1996 года стала адзначацца як Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
4 ліпеня быў вызвалены Полацк. 15 ліпеня 1944 года савецкія войскі з баямі ўвайшлі ў Гродна, які быў вызвалены ад немцаў ужо на наступны дзень. 28 ліпеня 1944 года савецкія войскі ўзялі Брэст.
У ходзе Вялікай Айчыннай вайны Беларусь панесла каласальныя людскія страты. Калі на пачатак вайны ў краіне пражывала 9 млн чалавек, то ў канцы вайны насельніцтва рэспублікі скарацілася на траціну і склала 6 млн чалавек. Істотна скарацілася яўрэйская дыяспара Беларусі. У гады вайны на беларускіх землях загінула звыш 2 млн чалавек (з іх амаль палову складалі яўрэі), каля 400 тыс. чалавек былі вывезены на прымусовыя работы ў Германію.
У Беларусі існуюць шматлікія манументы і мемарыялы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне:
Частка мемарыялаў прысвечаны знішчаным у гады вайны вёскам: Дальва, Мошкі , Хатынь і Шунеўка . Некаторыя мемарыялы нагадваюць аб фашысцкіх лагерах смерці: Малы Трасцянец. Іншыя прысвечаны тэме Халакоста: Яма.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская article Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Матэрыял даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначана іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.