Японская культура — сукупнасць культурных здабыткаў японскага народа.
Асноўныя элементы старажытнаяпонскай цывілізацыі і культуры пачалі паступова складвацца на мяжы нашай эры. Унікальнасць японскай цывілізацыі заключаецца ў тым, што яна размешчана не на мацерыку, а на шматлікіх астравах Японскага архіпелагу, прычым нярэдка яна павінна была існаваць у вельмі складаных, экстрэмальных умовах (землетрасенні, паводкі, тайфуны, цунамі і інш.).
Японскай культуры ўласціва надзвычайная здольнасць да пераймання чужых традыцый, звычаяў, абрадаў, да іх творчай перапрацоўкі і давядзення да найвышэйшых узораў. Для яе таксама былі характэрны своеасаблівая «паяднанасць» з прыродай, адчуванне звышнатуральнага адзінства паміж светам людзей і боскім светам, а таксама пэўная «пранізанасць» абвостраным адчуваннем прыгажосці і хараства амаль кожнай, нават самай маленькай рэчы, прадмета.
Вельмі моцны ўплыў на японскую культуру аказала старажытнакітайская культура, што ў найбольшай ступені праявілася ў японскім выяўленчым мастацтве, у асобных народных традыцыях, культах (напр., культ продкаў), у перайманні вучэння Канфуцыя, іерогліфаў, шоўку, яшмы і інш.
Сярод розных відаў мастацкай культуры ў старажытнай Японіі найбольш высокай ступені развіцця дасягнулі манументальнае дойлідства і літаратура (у найбольшай ступені паэзія). Рэлігійныя вераванні японцаў (найперш сінтаізм) у значнай ступені паўплывалі на фарміраванне такой адметнай рысы светаўспрымання японцаў, як уменне цаніць хараство, прыгажосць нават у самых нязначных прыродных з’явах, аб’ектах, што не характэрна для жыхароў еўрапейскага кантынента. Іншая распаўсюджаная рэлігія — дзэн-будызм — аказала моцнае ўздзеянне на такія віды японскай культуры, як манахромны жывапіс, каліграфія, паэзія, драма «Но», чаною, ікебана, а таксама на воінска-спартыўныя мастацтвы і фізічна-аздараўленчыя сістэмы (каратэ, кэндо, айкідо).
Першыя японскія кінастужкі пачатку XX стагоддзя мелі простыя сюжэты, кінематограф гэтага перыяду развіваўся пад уплывам тэатра, ігра акцёраў была тэатральнай, жаночыя ролі выконваліся акцёрамі-мужчынамі, выкарыстоўваліся тэатральныя касцюмы і дэкарацыі. Да з’яўлення гукавога кіно дэманстрацыю фільмаў суправаджаў бэнсі — жывы выканаўца, японскі варыянт тапёра.
Спачатку кінематограф лічыўся нізкім мастацтвам, існавала пагардлівае стаўленне да людзей, якія займаліся кіно. Прызнанне і аўтарытэт гэты від мастацтва атрымаў толькі ў канцы 1930-х гадоў.
На 1950-я—1960-я гады прыходзіцца актыўнае развіццё японскага кінематографа. Гэтыя гады лічацца «залатым векам» японскага кінематографа. У 1950 годзе было выпушчана 215 фільмаў, а ў 1960 годзе — ужо 547 фільмаў. У гэты перыяд з’яўляюцца жанры гістарычнага, палітычнага кіно, баевікі і фантастыка, па колькасці выпушчаных фільмаў Японія займала адно з першых месцаў у свеце. Вядомыя кінарэжысёры гэтага перыяду — Акіра Курасава, Кэндзі Мідзагуці, Сёхэй Імамура. Вядомым за межамі краіны становіцца акцёр Тасіра Міфунэ, які сыграў амаль ва ўсіх кінакарцінах Курасавы.
Падчас крызісу кінаіндустрыі 60-х гадоў папулярнымі жанрамі становяцца фільмы пра якудза і недарагія парнаграфічныя фільмы.
У 1990-х акцёр і рэжысёр Такэсі Кітана атрымлівае шырокую вядомасць як у Японіі, так і за яе межамі.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская article Японская культура, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Матэрыял даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначана іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.