Ober Ost (скарачэньне ад ням.
Oberbefehlshaber der gesamten Deutschen Streitkräfte im Osten — «Вярхоўны Галоўнакамандуючы ўсімі нямецкімі войскамі на Ўсходзе») — орган вайсковай улады Нямецкай імпэрыі падчас І Сусьветнай вайны на тэрыторыі ўсходняга фронту. Па заключэньні Берасьцейскага замірэньня пад кіраўніцтва гэтае структуры перайшлі вызначаныя заходнія рэгіёны тагачаснай Расейскай імпэрыі, а менавіта Летува (бяз Клайпеды, якая на той момант належала Нямеччыне), поўдзень Латвіі, цэнтар і захад Беларусі, крайні ўсход Польшчы, што агулам складала тэрыторыю ў прыкладна 108 808 км².
Обэр-Ост ням. Ober Ost | |||||
| |||||
| |||||
Афіцыйная мова | нямецкая | ||||
Сталіца | Кёнігсбэрг | ||||
Найбуйнейшы горад | Коўна, Вільня | ||||
Форма кіраваньня Вярхоўны галоўнакамандуючы | вайсковая акупацыя Макс Гофман (апошні) | ||||
Плошча • агульная | 108 808 км² | ||||
Валюта | ост-рубель | ||||
Незалежнасьць — устанаўленьне — сканчэньне | 1914 1919 |
Створаны ў 1914 годзе. Першым на чале структуры стаў Паўль фон Гіндэнбург — вайсковы герой Прусіі і будучы прэзыдэнт Ваймарскае рэспублікі. Існавала й другая пасада — начальнік штабу, якую першым заняў Эрых фон Фалькенгайн.
Падчас існаваньня Обэр-Осту на акупаваных тэрыторыях была ўстаноўленая параўнальна жорсткая сыстэма ўлады. Так, спэцыяльнае ведамства пад назвай «Транспартная палітыка» (ням. Verkehrspolitik) падзяліла зямельныя надзелы без уліку існай на той момант сацыяльнай і этнічнай арганізацыі. Было забаронена перасякаць межы паветаў, з-за чаго мясцовыя габрэйскія гандляры былі пазбаўленыя магчымасьці зарабляць на жыцьцё. Органы ўлады Обэр-Осту не ўспрымалі мясцовую культуру і прадпрымалі намаганьні па г. зв. «цывілізаваньні» мясцовага насельніцтва, спрабуючы інтэграваць яго ў сыстэму нямецкага грамадзтва й культуры. Збудаваныя чыгункі былі дазволеныя да выкарыстаньня толькі нямецкім прадстаўнікам; мясцовыя настаўнікі, як правіла, замяняліся нямецкімі.
У 1915 годзе, у сувязі з прасоўваньнем на ўсход, пад кантроль Обэр-Осту трапілі новыя тэрыторыі. У той час намесьнік фон Гіндэнбурга Эрых Людэндорф заснаваў сыстэму кіраваньня гэтым вялікім абшарам, хоць тэхнічна ім кіраваў Гіндэнбург. У структуру арганізацыі былі ўведзеныя дзесяць спэцыяльных пасадаў, людзі на якіх адказвалі за фінансы, сельскую гаспадарку ды іншыя галіны дзейнасьці. У адміністрацыйна-тэрытарыяльным пляне Обэр-Ост быў падзелены на тры асаблівыя рэгіёны (па-нямецку: Verwaltungsgebiete): Курляндыя, Летува, Беласток-Горадня.
Па заканчэньні вайны Людэндорф плянаваў засвоіць гэтыя землі ў якасьці месца для пасяленьня сваіх войскаў, а таксама нямецкіх бежанцаў з унутраных частак Расеі. За часамі кіраваньня Людэндорфам Обэр-Ост хутка выйшаў па паказчыках вытворчасьці харчу і нават пачаў экспарт лішкаў вытворчасьці ў цэнтральную Нямеччыну. Тым ня менш, органы ўлады Обэр-Осту ня здолелі заваяваць давер мясцовых насельнікаў з прычыны сталага павелічэньня падаткаў і экспрапрыяцыяў і адсутнасьці ў іх права голасу.
Пасьля таго, як Гіндэнбург і Людэндорф у 1916 годзе ўзялі на сябе вярхоўнае кіраўніцтва ўсімі нямецкімі ўзброенымі сіламі, іхнім намесьнікам на Ўсходзе стаў прынц Леапольд Баварскі.
Адміністрацыя Обэр-Осту мела складанасьці ў зносінах зь мясцовымі жыхарамі. З прадстаўнікамі вышэйшых клясаў мясцовых жыхароў нямецкія жаўнеры маглі кантактаваць з дапамогай нямецкай або францускай моваў, габрэйскае насельніцтва ў мястэчках магло размаўляць па-нямецку або на ідышы (апошні належыць да германскіх моваў і мае падабенствы зь нямецкай, праз што немцы былі ў стане крыху разумець ідыш), аднак у сельскай мясцовасьці жаўнерам даводзілася разьлічваць на наяўнасьць людзей, якія маглі б перакладаць нямецкую на адну зь мясцовых моваў. Падсумоўваючы, гісторыкі робяць выснову, што дадзеныя моўныя праблемы значна ўскладнялі працу нямецкай адміністрацыі. Часам для распаўсюджваньня пастановаў Обэр-Осту прыцягвалася духавенства як эфэктыўны пасярэднік для людзей, якія размаўлялі на іншай мове.
Па зьдзяйсьненьні кастрычніцкага перавароту ў Расеі і заключэньні Берасьцейскага замірэньня некаторыя рэгіёны пажадалі патрэбным бачыць пранямецкую ўладу ў сваіх рэгіёнах. Так, у Латвіі было ўтворанае Аб’яднанае Балтыйскае Герцагства, а ў Летуве была ўсталяваная манархія на чале зь нямецкім герцагам Урахам.
У адміністрацыйна-тэрытарыяльным пляне занятыя тэрыторыі былі падзеленыя на тры рэгіёны (па-нямецку: Verwaltungsgebiete): Курляндыю (займаў паўднёвы захад Латвіі, назва адпавядала гістарычнай назьве гэтае часткі Латвіі), Летуву (сучасная тэрыторыя Летувы бяз Клайпеды, а таксама вызначаныя паўночна-заходнія часткі Беларусі і паўночна-ўсходнія часткі Польшчы) і Беластоцка-Гарадзенскі рэгіён (займаў, адпаведна, навакольлі Беластоку й Горадні).
Серад вайсковых падразьдзяленьняў на тэрыторыі Обэр-Осту былі разьмешчаныя 10-я армія са штабам у Горадні і армейская групоўка Кіеву.
Пасьля разгрому блёку Цэнтральных дзяржаваў у Першай сусьветнай вайне і рэвалюцыі ў Нямеччыне напрыканцы 1918 — пачатку 1919 году нямецкія войскі пачалі адступаць з тэрыторыі Обэр-Осту. У атрыманым адміністрацыйным вакуўме мясцовыя нацыянальныя рухі паспрабавалі ўзяць улады ў свае рукі і заснаваць уласныя нацыянальныя дзяржавы. Тым ня менш, часта разуменьне тэрыторыяў будучых дзяржаваў у розных нацыянальных рухаў адрозьнівалася, што прывяло да ўзаемных тэрытарыяльных прэтэнзіяў; таксама пачаліся сутыкненьні з расейскімі камуністамі, якія ставілі на мэце распаўсюджваньне сваёй улады на тэрыторыю былой Расейскай імпэрыі.
Незалежную нацыянальную дзяржаву паспрабавалі стварыць і прадстаўнікі беларускіх нацыянальных рухаў (гл. Беларуская Народная Рэспубліка), аднак органы ўлады новаабвешчанае дзяржавы ня здолелі арганізаваць баяздольную армію і прыцягнуць у палітычным пляне беларускае насельніцтва, праз што тэрыторыя сучаснай Беларусі была амаль бяскрыўна занятая спачатку Расеяй і УНР, потым — Летувой (гл. Маскоўская дамова) і Польшчай (самаабарона Лідзкай і Гарадзенскай зямель). Органы ўлады БНР распаўсюджвалі свае тэрытарыяльныя прэтэнзіі, у тым ліку, і на тэрыторыі значна на ўсход (Віцебск, Смаленск, Бранск), якія кантраляваліся Расеяй нават у часы нямецкай акупацыі. Пазьней інтарэсы больш моцных суседзяў Беларусі сутыкнуліся, што прывяло, у прыватнасьці, да савецка-польскае вайны.
Гісторык Вэяс Габрыель Люлевічус у працы War Land on the Eastern Front: Culture, National Identity, and German Occupation in World War I сьцьвярджае, што нямецкая палітыка датычна тэрыторыяў Обэр-Осту карэлявала з адпаведнай палітыкай Нацысцкае Нямеччыны на акупаваных ёю ўсходніх тэрыторыях. Як мяркуе Люлевічус, немцы пачалі ўспрымаць гэты рэгіён як тэрыторыю, заўсёды ахопленую «хаосам, хваробамі і барбарствам». Люлевічус здолеў сабраць значную колькасьць доказаў (напрыклад, дзяржаўныя дакумэнты, лісты, дзёньнікі і г. д.), аднак у ягонай працы ня згадваецца пра выпадкі станоўчай палітыкі немцаў да мясцовага насельніцтва (напрыклад, дазвол адкрыцьця беларускамоўных школ у Беларусі падчас нямецкай акупацыі). Таксама, на думку іншых гісторыкаў, Люлевічус ня зьвязвае досьвед нямецкай палітыкі ў Обэр-Осьце зь нямецкай палітыкай на нямецкіх каляніяльных уладаньнях.
Обэр-Ост — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Обэр-Ост, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.