Мікалай Якаўлевіч Нікіфароўскі (17 траўня 1845, вёска Вымна Сураскага павету Віцебскай губэрні, цяпер у Віцебскім раёне Віцебскай вобласьці — 10 чэрвеня 1910, Віцебск) — беларускі этнограф і фальклярыст.
Мікалай Нікіфароўскі | |
Дата нараджэньня | 17 траўня 1845 |
---|---|
Месца нараджэньня | Вымна, Сураскі павет, Віцебская губэрня |
Дата сьмерці | 10 чэрвеня 1910 (65 гадоў) |
Месца сьмерці | Віцебск |
Месца вучобы | Віцебская сэмінарыя |
Занятак | краязнавец, фальклярыст, этнограф, краязнаўца, школьны настаўнік |
Навуковая сфэра | этнаграфія, фальклярыстыка, краязнаўства |
Месца працы | |
Вядомы як | зьбіральнік помнікаў матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў |
Нарадзіўся ў сям’і панамара вясковай царквы. Сям’я жыла бедна, блізка да жабрацтва, але маці імкнулася даць двум сынам і дачцэ пачатковую адукацыю. Першымі настаўнікамі М. Нікіфароўскага былі выпадковыя людзі: адстаўны жаўнер, хросны бацька, пісьменны падлетак, манах, сельскі сьвятар. У 1854—1855 рр. у панскім маёнтку была арганізавана школа для дзяцей сялянаў, дзе выкладаў звольнены гімназіст Віцебскай гімназіі, бацькі ўладкавалі М. Нікіфароўскага ў гэтую школу. Яшчэ адным настаўнікам М. Нікіфароўскага быў Іван Зазубовіч, былы слухач Віцебскай духоўнай вучэльні. І. Зазубовіч падрыхтаваў М. Нікіфароўскага да паступленьня ў Віцебскі архірэйскі хор, а потым — у духоўную вучэльню.
У ліпені 1861 р. М. Нікіфароўскага як найлепшага вучня з духоўнай вучэльні перавялі ў Віцебскую сэмінарыю. У сэмінарыі М. Нікіфароўскі захапіўся кнігамі: біяграфіямі герояў вайны 1812 г., падарожжамі, выпісваў у сшыткі выказваньні, выразы, старажытныя народныя вераваньні і забабоны. Рыхтуючыся стаць сьвятаром, М. Нікіфароўскі зьбіраў матэрыялы для барацьбы зь перажыткамі паганства. Пасьля заканчэньня сэмінарыі (1867) яму прапанавалі паступіць у Пецярбурскую духоўную акадэмію за свой кошт, але грошай не было і ніхто з блізкіх ня мог дапамагчы. Па сьмерці маці гаспадарка заняпала, М. Нікіфароўскі прасіў у архірэя дапамогу і месца сьвятара, але атрымаў адмову. М. Нікіфароўскі вырашыў стаць настаўнікам і пасьля 1,5-месячнай падрыхтоўкі быў прызначаны выкладчыкам народнай вучэльні ў в. Лоўжа. Большую частку жыцьця М. Нікіфароўскі працаваў у навучальных установах Віцебску, але вышэй настаўніка падрыхтоўчага клясу гімназіі ці сэмінарыі ягоная кар’ера не пайшла.
М. Нікіфароўскі пакінуў багатую спадчыну па этнаграфічным вывучэньні Віцебшчыны, асабліва плённую пасьля знаёмства з П. В. Шэйнам. М. Нікіфароўскі больш за 20 гадоў супрацоўнічаў з П. Шэйнам як карэспандэнт, даслаў яму значную колькасьць фальклёрна-этнаграфічных матэрыялаў, але ў выданьнях П. Шэйна зьмешчаная толькі іхняя частка, астатняе перададзена ў архіў Акадэміі навук. М. Нікіфароўскаму фальклёрна-этнаграфічныя зборнікі П. Шэйна ў значнай ступені абавязаныя сваёй навуковай каштоўнасьцю. Пры гэтым М. Нікіфароўскі ня меў ніякай карысьці, адно што хацеў, каб усё ім сабранае пабачыла сьвет.
У 1890 р. М. Нікіфароўскі стаў сябрам Таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалёгіі й этнаграфіі (ТАПЭ) пры Маскоўскім унівэрсытэце і рэдактарам часопісу «Этнографическое обозрение», пачаў выступаць з самастойнымі працамі. Апублікаваў каля 20 дасьледаваньняў, датычных матэрыяльнай і духоўнай культуры, вуснапаэтычнай творчасьці беларусаў. З 1895 року зьяўляўся сябрам Віцебскага губэрнскага статыстычнага камітэту, Віцебскага царкоўна-археалягічнага музэю. У 1897 року прыняты ў Расейскае геаграфічнае таварыства.
Этнаграфічны аддзел ТАПЭ з 1892 г. пачаў выдаваць сэрыю нарысаў М. Нікіфароўскага пад агульнай назвай «Нарысы Віцебскай Беларусі». Асноўную ўвагу ў гэтай працы дасьледчык надаваў характарыстыцы становішча розных груп насельніцтва Віцебшчыны (старцаў, музыкаў і інш.) у час прыгоньніцтва. «Нарысы…» складаліся з васьмі частак і былі завершаныя ў 1899 р.
М. Нікіфароўскі таксама аўтар «Нарысаў простанароднага жыцьця-быцьця ў Віцебскай Беларусі і апісаньне прадметаў ужытку» (1895) — найбуйнейшага дасьледаваньня матэрыяльнай культуры і вытворчай дзейнасьці беларусаў ХІХ ст., у прыватнасьці сялянаў Віцебшчыны.
Трэцяя капітальная праца М. Нікіфароўскага, «Простанародныя прыкметы і павер’і, прымхлівыя абрады і звычаі, легендарныя паданьні пра асобы і мясьціны» (1897), зьмяшчае 2307 народных прыкмет, павер’яў, забабонаў, абрадаў, звычаяў, сродкаў народнай мэдыцыны і вэтэрынарыі, а таксама сказы і паданьні пра асілкаў.
З фальклёрных працаў М. Нікіфароўскага заслугоўвае ўвагі першы буйны зборнік беларускіх частушак «Беларускія песьні-частушкі» (1911), выдадзены ўжо па сьмерці зьбіральніка — зборнік зьмяшчае 2356 частушак, сабраных М. Нікіфароўскім і ягоным карэспандэнтам у 1860—1905 рр., і дапамагае прасачыць працэс разьвіцьця частушачнага жанру зь сяр. ХІХ да пач. ХХ ст. Таксама М. Нікіфароўскі — укладальнік зборнікаў «Простанародныя загадкі» (1898), «Нячысьцікі. Збор простанародных у Віцебскай Беларусі паданьняў пра нячыстую сілу» (1907, 2-е выд. Віцебск, 1995), «Напаўпрыказкі і напаўпрыслаўкі» (1928) і інш.
У Віцебску ў гонар Мікалая Нікіфароўскага ўсталяваная мэмарыяльная дошка.
This article uses material from the Wikipedia Беларуская (тарашкевіца) article Мікалай Нікіфароўскі, which is released under the Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license ("CC BY-SA 3.0"); additional terms may apply (view authors). Зьмест даступны на ўмовах CC BY-SA 4.0, калі не пазначанае іншае. Images, videos and audio are available under their respective licenses.
®Wikipedia is a registered trademark of the Wiki Foundation, Inc. Wiki Беларуская (тарашкевіца) (DUHOCTRUNGQUOC.VN) is an independent company and has no affiliation with Wiki Foundation.